Сустрэча з выбаршчыкамі

У працоўных калектывах раёна праходзяць сустрэчы кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі. Так, кандыдат у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў па Докшыцкай выбарчай акрузе № 11 Анатоль Віктаравіч Сіўко сустрэўся ўчора з жыхарамі ст. Параф’янава.

Уся біяграфія Анатоля Віктаравіча Сіўко звязана з докшыцкім краем. Ён нарадзіўся 16 лістапада 1976 года ў Докшыцах. Закончыў Беларускі аграрны тэхнічны інстытут. Працоўны шлях пачаў у 1999-м годзе ў калгасе імя Юхнаўца, куды ўладкаваўся тэхнікам-электрыкам з абавязкамі інжынера па працаёмкіх працэсах. Праз год ён ужо інжынер-электрык РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, затым галоўны інжынер гэтага прадпрыемства. У маі 2008 года прызначаны дырэктарам РУВП “Бягомльскі завод “Ветразь”. Жыве ў Докшыцах, жанаты, мае дваіх дзяцей.

Кандыдат у дэпутаты яшчэ малады чалавек, але імя яго ўжо на слыху ў раёне. Ён уяўляе сабой мэтанакіраваную, цікавую, творчую асобу з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якая заўсёды ў руху і дзеянні. За параўнальна кароткі тэрмін Сіўко заявіў аб сабе як умелы кіраўнік калектыву завода, які вывеў прадпрыемства з прарыву і забяспечыў станоўчую дынаміку эканамічнага росту. Зараз завод “Ветразь” упэўнена нарошчвае аб’ёмы вытворчасці, пашырае асартымент выпускаемай прадукцыі, павялічвае чысты прыбытак ад дзейнасці.

Анатоль Віктаравіч – чалавек справы, які не любіць шматслоўя і пустых абяцанак. Лічыць: калі не можаш – не абяцай. Каб дасягнуць задуманага, не баіцца стукаць ва ўсе дзверы, бо таму, хто стукае, адчыняюць. Асабістыя здольнасці маладога кіраўніка, яго працоўныя дасягненні заўважаны, і па выніках мінулага года А.В. Сіўко атрымаў званне “Чалавек года Віцебшчыны”.

Сваё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты расцэньвае як вялікі гонар і яшчэ больш як адказнасць. У выпадку абрання сваёй кандыдатуры галоўным кірункам сваёй дэпутацкай дзейнасці бачыць адстойванне інтарэсаў выбарчай акругі, зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў сваіх выбаршчыкаў. Асаблівую ўвагу мяркуе надаваць развіццю эканомікі раёна, рыначных адносін шляхам унясення неабходных прапаноў на разгляданне мясцовых органаў улады, у тым ліку і тых, якія будуць зыходзіць ад выбаршчыкаў. Лічыць абавязковым стварэнне новых працоўных месцаў з дастойнай заработнай платай для перспектыўных кваліфікаваных работнікаў, уключаючы малы бізнес, а таксама рашэнне пытанняў сацыяльнай абароны пенсіянераў, інвалідаў, малазабяспечаных сем’яў, садзейнічанне ім у вырашэнні бытавых праблем. Прыхільнік здаровага ладу жыцця, бачыць сваю місію ў актывізацыі барацьбы супраць п’янства і алкагалізму.

Сустрэчы з кандыдатам у абласны Савет дэпутатаў А.В. Сіўко адбудуцца таксама з жыхарамі Порплішча, Валкалаты, Крыпуль, Крулеўшчыны.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *