Ученики Порплищенской СШ изучили особенности ткачества на Докшиччине
Пошукавае таварыства “Ветразь” Парплішчанскай СШ ажыццявіла экспедыцыю па вёсках раёна, каб сабраць матэрыял пра такое рамяство, як ткацтва. Вучням удалося адшукаць не толькі прылады для гэтага занятку, але і самі работы, сярод якіх найбольш дываноў. Яны адметныя рознай тэхнікай выканання, вельмі цікавымі ўзорамі і арнаментам.
На Докшыччыне па характары дэкору і тэхнікі вылучаюць некалькі тыпаў посцілак. Найбольш простыя з іх – паласатыя. Ткалі такія посцілкі ў дзве і чатыры ніты. Часам іх выраблялі спосабам падвойнага ткацтва.
Вельмі распаўсюджанай была “дымка” – чатырохнітовая двухуточная тканіна з шашачным арнаментам. Прыкметнай рысай народнага мастацкага ткацтва на Докшыччыне з’яўляюцца посцілкі, вытканыя на 8, 10, 12 і нават 16 нітах. Такая тэхніка амаль што не сустракаецца ў іншых месцах Беларусі, акрамя заходніх на Докшычыне Віцебшчыны і поўначы Міншчыны.
Звычайна вырабы былі двухкаляровымі, напрыклад чорныя з зялёным, чырвоным, жоўтым або белым; белыя з барвовым або зялёным.
У дыванах 1920-1930-х гг. яшчэ часта выкарыстоўваліся геаметрычныя раслінныя матывы. Сярод асаблівасцяў можна вылучыць адметныя мясцовыя назвы ткацкіх работ: на Валкалатчыне – тынчовыя, Параф’янаўскім і Крыпульскім рэгіёнах – кілімы, Парплішчанскім – радуга.
Шмат дываноў захоўваецца ў Юзэфы Матошкі з Гарадзішча, якія выткала яе маці Альжбета Кацейка. Напрыклад, ва ўзоры посцілкі ў 8 нітоў “дымкай” адлюстраваны матыў Палевіка, які з’яўляўся апекуном хлебаробаў. Ёсць работы з узорам, які азначае дабро – адзін са старажытных матываў. Вясельныя дываны выкананы ў тэхніцы перабіранага ткацтва. У дэкоры пераважаюць раслінныя матывы. Цэнтральны ўзор ўвасабляе маладых, якія акружаны вянком з узорам Багача. У вянку рассыпана зерне ў форме крыжыкаў як сімвал багацця, дабрабыту і дастатку. На белым полі – лісточкі клёну. У гэтым сімвале ўвасоблены вобраз хлопца-малайца. Лічылася, што, калі выткаць такі ўзор, хлопец будзе цябе любіць усё жыццё.
– У нашай сям’і ткалі ўсе, – успамінае Юзэфа Матошка. – Уменне перадавалася з пакалення ў пакаленне. Дываны ткаліся ў пасаг, выкарыстоўваліся і ў побыце. Мне на вяселле хросная маці падарыла тынчовы дыван. Сваім дочкам я таксама ў пасаг падзяліла дываны. Калі чалавек паміраў, то труну таксама засцілалі дываном, а пасля пахавання гэту посцілку аддавалі ў касцёл, дзе ёй засцілалі алтары.
Самае галоўнае тое, што Юзэфа Матошка разам з Вандай Янкавіч сабралі кросны. Яны зараз знаходзяцца ў этнаграфічным кутку, які стварылі работнікі сельскага клуба-бібліятэкі Раіса Вярцінская і Таццяна Іваноўская. Майстрыхі не проста паставілі кросны, а нават пачалі ткаць на іх дарожку. Зімой плануюць больш грунтоўна ўзяцца за справу. Жанчыны мяркуюць навучаць ткацтву і маладзейшых жыхарак вёсак.
Дыван, выкананы ў тэхніцы перабіранага ткацтва з васьміканцовай стылізаванай зоркай захоўваецца ў яшчэ адной гарадзішчанкі Алены Вярцінскай. Вобраз зоркі звязвалі з радаснымі, салодкімі, шчымлівымі перажываннямі. Ружы вакол – сімвал кахання. Малюнак з чатырох каласоў, якія перасякаюцца пад прамым вуглом, называлі рай. Ён згадваецца ў многіх беларускіх песнях, пры гэтым заўсёды звязваеццца з багаццем, заможнасцю, дабрабытам.
Посцілка з матывам зямлі-карміцелькі і шмат іншых дываноў, сатканых Адэляй Падрэз, захоўваецца ў яе дачкі Ванды Янкавіч