Ідзём у школу
Цішыня, якая панавала яшчэ колькі дзён таму на школьным двары, радасна парушана: цераз школьны парог весела і натхнёна пераступіў Новы Навучальны Год. Ён разліўся па школьных калідорах, нібы па сухіх да гэтага рэчышчах ракі – жывымі дзіцячымі галасамі, ціхімі, упэўненымі крокамі педагогаў, шэпатам кветак у настаўніцкіх руках. Але перш-наперш прагучаў доўгачаканы, звышмеладычны званок.
На ўрачыстую лінейку з нагоды свята 1 верасня ў гарадскую школу № 2 завітала шмат гасцей на чале са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком. Ён павіншаваў вучняў, настаўнікаў і бацькоў са святам, падзякаваў за добрую падрыхтоўку школы да навучальнага года.
– Хачу выказаць шчырыя словы падзякі ўсяму педагагічнаму калектыву другой школы, – сказаў старшыня райвыканкама, – за той вялікі ўклад у развіццё раёна, у выхаванне і адукацыю дзяцей.
Сёлета гарадская школа № 2 папоўнілася трыма першымі класамі. Мальвіна і Бураціна, якія завіталі на лінейку ў госці да маленькіх вучняў, адчынілі для іх першы буквар чароўным залатым ключом ведаў. Увогуле ў школе будзе навучацца 483 дзіцяці, а па ўсім раёне за парты сядуць 2790 школьнікаў.
Таццяна МАЦЮШОНАК.
***
Каляндар і клёны нібыта дамовіліся паміж сабою: паціху скідваюць лісты, знамянуючы наступленне восені. Але сонечнае надвор’е і стракатыя букеты, праз якія амаль не бачна дзіцячых твараў, насуперак ўсяму спыняюць шчаслівае імгненне. Момант пасвяшчэння ў школьнае жыццё хлопчыкаў і дзяўчынак Сітцаўскай сярэдняй школы.
Вось яны героі дня — 14 першакласнікаў! Поруч са сваёй настаўніцай і вучнямі выпускнога класа робяць вітальны круг і адорваюць ўсіх прысутных іскрыстымі ўсмешкамі. Сёння для іх гучаць віншаванні і самыя шчырыя пажаданні ад дырэктара школы, настаўнікаў, бацькоў, старшакласнікаў, якія выказваюць надзею на тое, што вучні-пачаткоўцы захаваюць ўсе найлепшыя традыцыі школы, будуць славіць яе сваімі талентамі і навуковымі дасягненнямі. А маладое папаўненне бойка заяўляе, што будзе самым-самым. Ды і як інакш, калі на дзетвару ўскладзена такая адказнасць: сам кіраўнік дзяржавы звярнуйся да кожнага з іх з пажаданнямі і настаўленнямі і перадаў у падарунак кнігу. А для таго, каб ацаніць яе змест, спачатку патрэбна навучыцца чытаць.
І вось аднаму з хлопчыкаў ўжо давяраюць першае адказнае заданне: Павел Смалякоў разам з вучаніцай адзінаццатага класа Віялетай Шылавіч гулкім перазвонам заклікаюць: «Ідзі за намі следам, дарогаю да ведаў!» І школьнікі, атрымаўшы блаславенне ад айца Леаніда, разыходзяцца па класах, дзе іх чакаюць новыя адкрыцці.
Пройдзе час — змыецца са школьнай дошкі крэйда, звянуць кветкі ў вазах, але ўспаміны пра святочны дзень 1 верасня назаўсёды застануцца ў памяці як адзін з самых прыгожых і шчаслівых вераснёўскіх ранкаў у школьным жыцці.
Таццяна Сарока.