Мир спасет милосердие, считает Геннадий Межиевский

 

Генадзь Межыеўскі – чалавек слова і справы.

Генадзь Межыеўскі – чалавек слова і справы.

Чарговы герой нашай рубрыкі – чалавек, для якога клопат пра тое, каб адзінокая старасць была сагрэта і абаронена, стаў справай жыцця. Тузін пытанняў ад “РВ” – дырэктару Сітцаўскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Генадзю Межыеўскаму.

– Генадзь Станіслававіч, ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?

– Так, падзея, трэба сказаць, была вельмі значная – распад Савецкага Саюза. Пасля заканчэння ў 1983 годзе Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі я працаваў інжынерам па сельгас-
машынах у саўгасе “Сітцы” і быў упэўнены, што выбраў прафесію правільна, знайшоў сваё прызванне ў жыцці. Аднак, думаецца мне, што ўсе мы прыходзім на зямлю з пэўнай місіяй, задачай, якую трэба выканаць. І тут вельмі важна зразумець, якое ж яно, тваё прадвызначэнне. Не заўсёды гэта адразу атрымліваецца, тады, напэўна, і здараюцца ў лёсе чалавека рэзкія павароты.

Дзевяностыя гады азнаменаваліся, сярод іншага, значным пагаршэннем эканамічнай складальнай сельгаспрадпрыемстваў. Лічу няправільным крокам аб’яднанне многіх гаспадарак, у тым ліку, напрыклад, далучэнне Валкалат да Сітцаў. Наступствы гэтага рашэння добра бачныя зараз і зусім не радуюць. Такім чынам, калі за справу хварэеш душой, а не проста адбываеш неабходны час на рабоце, становіцца вельмі балюча, што намаганні твае і тваіх калег не прыносяць жаданых вынікаў па прычынах, ад цябе не залежных. Не можаш знайсці ніякіх магчымасцей выправіць сітуацыю, не бачыш перспектывы ў працы – як з гэтым кожны дзень жыць? Усё ж такі жыў яшчэ даволі доўгі час, а мозг свідравала адна думка: трэба штосьці мяняць. І мае душэўныя хваляванні, відаць, былі пачуты на нябёсах: тагачасны дырэктар ТЦСАН Марыя Курдзека прапанавала ўзначаліць Сітцаўскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якое адчыніла свае дзверы ў красавіку 2004 года, адно з першых у рэспубліцы. Было, вядома, складана, як заўжды складана станавіцца  першапраходцам, але паступова з падтрымкай Марыі Аляксееўны, цудоўнага чалавека, прафесіянала, і ўвогуле ўсіх спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра, што называецца, быў узяты правільны курс і справа пайшла належным чынам.

– Работа для Вас – кар’ера ці справа?

– Толькі справа. Не палічыце гэта за высокія словы – інакш не магу сфармуляваць сваё перакананне: галоўнае для чалавека – прыносіць карысць грамадству, сумленна і старанна выконваючы тыя абавязкі, якія на цябе ўскладваюць прафесія і пасада. Чалавек, нацэлены толькі на сваё прасоўванне па службовай лесвіцы, мусіць ісці, вобразна кажучы, па галовах. А кіраўнік-кар’ерыст – гэта штосьці жахлівае. Для сваіх падначаленых трэба быць таварышам, паплечнікам, дарадцам, апекуном, калі трэба. Мы ж праводзім ільвіную долю свайго жыцця на рабочых месцах, таму мікраклімат у калектыве іграе велізарную ролю. Каб прычыніць боль чалавеку, бывае дастаткова адной хвіліны, а каб асэнсаваць зробленае і загладзіць сваю віну, патрабуецца часам усё жыццё. Заўжды памятаю пра гэта і імкнуся быць асцярожным і ў словах, і ва ўчынках. Грош цана заслугам і рэгаліям, калі людзі ў думках плююць табе ў спіну…

Свае кадры я падбіраў вельмі ўважліва, нават пільна. У нашым аддзяленні можа працаваць не кожны. Прафесійныя якасці – гэта само сабой, а разам з тым абавязкова трэба быць ураўнаважаным, цярплівым, добразычлівым, а галоўнае міласэрным чалавекам. Шанаваць старасць – адно з найвышэйшых праяў гуманнасці і высокай культуры чалавека, клопат пра пажылых людзей – святы абавязак. А вядомы выраз “Прыгажосць уратуе свет”  я перафразаваў бы: “Свет уратуе міласэрнасць”.

Шчыра радуюся, што цякучкі ў нашым калектыве няма: шмат гадоў большасць маіх работнікаў побач са мной, як гаворыцца, у горы і радасці. Які я кіраўнік – гэта трэба спытаць, канешне, у іх. Але ж надзея цепліцца, што цярпець мяне можна (смяецца), бо не ўцяклі ж, не памянялі месца работы. Вельмі ўдзячны ўсім за падтрымку, паразуменне, за сэрцы, у якіх жыве любоў і спагада. Самая высокая ўзнагарода для нашага калектыву – не пабаюся сказаць за ўсіх – словы ўдзячнасці як ад нашых падапечных, так і ад іх блізкіх. “Дзякуй вам, наша сваячка ў адзіноце столькі не пражыла б”, – сказалі мне нядаўна. Задумаўся: а сапраўды, сярэдні ўзрост нашых бабуль і дзядуляў – далёка за восемдзясят, значыць, правільна ўсё робім.

– У якой яшчэ прафесіі маглі б сябе рэалізаваць?

– Рызыкну выказаць меркаванне, што з’яўляюся нядрэнным арганізатарам. Люблю, калі ўсё вакол віруе, працуе, дзейнічае. У маладосці быў сакратаром камсамольскай арганізацыі ў Сітцах, адной з самых буйных у раёне: трыста членаў ВЛКСМ у ёй налічвалася. Жыццё наша кіпела тады, што ў рабочы час, што ў вольны – у двух словах не апішаш.

А яшчэ, падаецца, я змог бы заняць сваю нішу ў прадпрымальніцкай дзейнасці, нават падумваў у тыя ж 90-ыя пра адкрыццё піваварні. Прыкладам тут для мяне быў дзядуля Эдвард, ураджэнец Беластока, былы польскі афіцэр, чалавек разумны і рашучы. Ён трымаў сваю краму, займаўся развядзеннем авечак і, адпаведна, рэалізацыяй мяса і воўны. Можа, я б і адправіўся ў “вольнае плаванне”, аднак цяжка захварэў тата – пераключыўся на клопат пра яго. А затым лёс прывёў мяне ў маё аддзяленне, я апантана кінуўся ў новую справу, якой з радасцю займаюся і зараз, таму і думкі пра штосьці іншае проста растварыліся.

– Прадоўжыце выказванне: мая сям’я – гэта…

– На сённяшні дзень гэта сям’я брата Браніслава, які жыве ў Літве, яго дзеці, унучка. Бацькоў ужо няма са мной. Уласнае ж сямейнае жыццё не склалася. Прыкладаў усе намаганні, але сямейнай лодкай можна кіраваць толькі ўдваіх, інакш патоне. Што і здарылася. На другую спробу чамусьці не рашыўся. Шкада, канешне, што так атрымалася, бо сям’я для мяне значыць ніколькі не менш, чым работа.

– Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?

– Пра дзеда ўжо гаварыў, а ад бацькоў перадаліся працавітасць і любоў да роднага краю. А яшчэ, ад мамы Марыі Браніславаўны, уменне распараджацца грашыма. Яна называла гэту рысу ашчаднасцю. Мне здаецца, у беларускай мове такое паняцце больш ёмка перадае сутнасць, чым рускае “экономность”, бо тут, паўтаруся, важна не столькі эканоміць, колькі разумна траціць кожную капейку.

– Які сэнс укладваеце ў паняцці Радзіма, патрыятызм?

– Скажу проста: радзіма – зямля, дзе нарадзіўся і да якой прырос душой. І як чалавеку становіцца самотна, няўтульна, калі  доўгі час на небе няма сонца, так і на радзіму, калі жывеш ад яе ўдалечыні ці надоўга з’язджаеш, трэба вяртацца, каб, нібы сонечнымі промнямі, сагрэцца яе цяплом.

Патрыятызм – жыць, робячы ўсё, што ў тваіх сілах, каб твая зямля прыгажэла, багацела, а людзі былі шчаслівымі.

– Які ён, свет Вашых захапленняў?

– Ціхі. Адпачынак ля вады. Рыбалка. Збор грыбоў. Добрая кніга ці кінафільм. Пад настрой  магу прыгатаваць штосьці смачнае. Люблю ствараць утульнасць у доме і вакол.

– Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?

–  Ды кожны дзень! Для мяне прыкладам працоўнага гераізму служаць нашы хлебаробы. Ад ранняй вясны і да позняй восені яны ў полі, у гарачую пару пасяўной ці збожжаўборкі на світанку ідуць з дому і вяртаюцца ў прыцемках. А колькі сіл прыкладаюць, каб старэнькая тэхніка, якая ўжо даўно павінна быць спісана, служыла год за годам! У мільгаценні будняў іх праца недасведчаным можа падацца звыклай і нават незаўважнай, але лепш нават не ўяўляць, што магло б быць, калі б яна спынілася.

– Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?

– Безумоўна. Калі ў цябе ёсць родныя не толькі па крыві, але і па духу людзі, гэта шчасце. Мае сябры – мая апора і падтрымка, мая радасць і мой гонар. Іх не вельмі шмат, а і ці трэба? Не магу не назваць Уладзіміра Дземідовіча, земляка, ураджэнца вёскі Заборцы, з якім сябруем з дзяцінства, і сяброўству гэтаму адлегласць – Валодзя зараз жыве ў Расіі – не перашкода. Даражу дружбай з Іванам Плютам – ён калісьці быў старшынёй камітэта па фізкультуры і спорце пры райвыканкаме. Шмат гадоў ужо сябруем з маёй калегай Ліліяй Паўліновіч, раімся, падтрымліваем адно аднаго ва ўсім. Калі не выйдзем на сувязь хоць адзін дзень, узнікае адчуванне, што не зроблена штосьці важнае.

 – Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінна валодаць жанчына? Што ў ёй катэгарычна не прымаеце?

– Вельмі цаню прыстойнасць, гаспадарлівасць і дагледжанасць. У калектыве заўсёды адзначаю ў маіх дзяўчат новыя прычоскі, адзенне, якое ім пасуе, розныя дробязі тыпу біжутэрыі. Мне здаецца, кампліменты акрыляюць іх, ствараюць адпаведны настрой. Пакідаць жанчын без увагі – гэта вялікая памылка з боку моцнай паловы.

Адпрэчвае ад жанчыны яе лжывасць, непастаянства, непаважлівыя адносіны да старэйшых, нежаданне станавіцца маці, невыкананне мацярынскіх абавязкаў.

– Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?

–  Хто ведае, магчыма, і можа, толькі, мне здаецца, такі чалавек усё-такі абдзелены. Згадваю сваё першае школьнае каханне – нясмелае, чыстае, светлае. Гэта было галавакружнае пачуццё, ад якога кроў проста кіпела, свет вакол зіхацеў усімі колерамі вясёлкі, а душа спявала. Не перажыць такое ніколі… застаецца толькі паспачуваць тым людзям.

– Любімыя колер,  літаратурны твор, музыка, від спорту, пара года.

– аранжавы і блакітны – колеры сонца і неба;

– “Кніга джунгляў” Кіплінга. “Мы з табой адной крыві, ты і я” – гэта зараз актуальна, як ніколі;

– творы французскага кампазітара Поля Марыа;

– настольны тэніс, більярд, у маладосці – футбол, валейбол;

– лета.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *