Как проходил фест трав «Животворная сила» в Докшицах
Фэст траў “Жыватворная сіла”, які адбыўся ў рамках Рэспубліканскага сацыяльна-культурнага праекта Фестываль дзвюх рэк, стаў не толькі адметнасцю раённага свята, але і мерапрыемствам, якое ўпершыню праводзілася ў рэспубліцы. З розных куткоў Беларусі на яго прыехалі эксперты ў пытаннях выкарыстання лекавых раслін. Сярод гасцей, якіх жыхары Докшыц віталі на ўрачыстым адкрыцці каля ККЗ “Іскра”, былі дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэлегацыі Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні, прадстаўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, урачы-фітатэрапеўты, народныя траўнікі, прадстаўнікі санаторна-курортных устаноў, а таксама дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Расійскай Федэрацыі.
– Унікальнасць Докшыцкага краю ў тым, што ён адзін з нямногіх ва ўсёй краіне, дзе сканцэнтраваны найбольш каштоўныя прыродныя аб’екты міжнароднага значэння, – адзначыў у прывітальным слове старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак. – Значную частку раёна займаюць водна-балотныя ўгоддзі. Высокі Рамсарскі статус маюць Бярэзінскі біясферны запаведнік, даліна ракі Сэрвач і гідралагічны заказнік “Галубіцкая пушча”. На тэрыторыі Докшыччыны расце 65 відаў лекавых раслін і 23 віды харчовых раслін, якія запатрабаваныя не толькі на знешнім, але і ўнутраным рынках. Таму можна сказаць, што невыпадкова фэст траў праходзіць менавіта ў нас. Упэўнены, што фестываль траў стане добрым пачынаннем для нашага рэгіёна, а бізнес-форум дапаможа выбраць патрэбную нішу для развіцця рэгіёна і рэспублікі.
Ад імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі з адкрыццём форуму павіншавала гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак. Яна заўважыла, што прыгажосць і багацце прыроды Докшыччыны абавязкова паслужаць падтрымкай здаровага ладу жыцця жыхароў рэгіёна, а праз пэўны час пра докшыцкі фэст траў, пра работу ў накірунку выкарыстання лекавых раслін будзе ведаць уся краіна.
У рамках фэсту таксама ўпершыню праходзіў міжнародны беларуска-расійскі велаквест “ПРО#Зёлкі”, старт якому быў дадзены падчас урачыстасці. Пад дробат барабанаў ўзорнага ансамбля мажарэтак Докшыцкай ДШМ каля трыццаці юнакоў і дзяўчат адправіліся ў падарожжа па маршруце Докшыцы – Плітніца – Камайск – Гліннае.
Экспертамі бізнес-форуму “Гаючая сіла раслін”, які прайшоў пасля адкрыцця фэсту траў у ККЗ “Іскра”, былі доктар медыцынскіх навук, дацэнт, прафесар кафедры сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі Акадэміі ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Людміла Макарына-Кібак, памочнік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі, адзін з ініцыятараў фэсту траў Андрэй Раманаў і кандыдат біялагічных навук, начальнік аддзела навукі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Маргарыта Досіна.
Мадэратарам мерапрыемства выступіла намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, якая адзначыла, што травяны патэнцыял – гэта кропка росту раёна.
– Нягледзячы на развіццё медыцыны, з’яўленне новых прэпаратаў і метадаў лячэння, фітатэрапіі, якая бярэ пачатак з практык народных лекараў, не губляе сваёй актуальнасці і сёння, – сказала Аксана Эдуардаўна. –
Падчас гутаркі мы абмяркуем тэмы прымянення лекавых раслін у навуцы, медыцыне і фармацыі, санаторна-курортным аздараўленні і турызме, пра выкарыстанне лекавых расліну прамысловасці, а таксама ў народнай медыцыне, дыеталогіі і касметалогіі.
Падводзячы вынікі сустрэчы Людміла Макарына-Кібак адзначыла, што кожны яе ўдзельнік набыў пэўныя вопыт і веды ў сферы выкарыстання лекавых раслін, а фэст траў абавязкова павінен стаць традыцыяй Докшыцкага раёна і пакласці пачатак турыстычнага маршрута “Жыватворны шлях”.
Праграма бізнес-форуму прадоўжылася ў фае ККЗ “Іскра” на выставе-прэзентацыі “Здароўе – Прыгажосць – Маладосць – Актыўнае даўгалецце”, дзе можна было не толькі паспрабаваць карысныя травяныя напоі, але і набыць духмяныя зборы з лекавых раслін. Асаблівай папулярнасцю карысталася пляцоўка прадпрыемства “Фабрыка Параф’янава”, на якой частавалі аўсяным квасам з рознымі дабаўкамі.
Водар духмяных траў, а таксама разнастайных страў нацыянальнай беларускай кухні плыў над Смачным фальваркам, арганізаваным на плошчы імя І.С. Палявога. Тут жа можна было пазнаёміцца з кніжнымі і фота-выставамі, уласнаручна зрабіць на памяць аб фестывалі сувенір-бутаньерку, паўдзельнічаць у прыгатаванні “варэння сяброўства” і беларускіх страў з дабаўленнем траў. Сапраўдным упрыгожаннем праграмы стала дэфіле тэатраў мод устаноў адукацыі Докшыцкага і Глыбоцкага раёнаў “Травяны эксклюзіў”.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.