История госпиталя партизанской бригады «Железняк»
“Калі б я мог, нашым сёстрам і санітаркам помнік паставіў бы. З чыстага золата…” – адгукаўся пра медработнікаў ваеннай пары Васіль Ляшчынскі, былы начальнік санітарнай службы брыгады “Жалязняк”, падкрэсліваючы іх выключную рашучасць у выратаванні раненых. Такога ж помніка заслугоўваюць і ўрачы, якія, не шкадуючы сябе, лячылі і вярталі ў строй народных мсціўцаў.
Начальнік санслужбы…
Сярод экспанатаў Бягомльскага музея народнай славы – медыцынская сумка з наборам інструментаў Васіля Ляшчынскага. З ёю доктар спяшаўся на паратунак соцень пацярпелых. Нёс надзею. Дарыў жыццё.
Да прыезду ў брыгаду Васіль Іванавіч працаваў галоўным урачом Мсціжскай бальніцы. У брыгаду прывёў з сабой абслуговы персанал, даставіў медыкаменты, інструментарый і абсталяванне. Разам з сабой яму прыйшлося ўзяць усю сям’ю: жонку Кацярыну Ігнатаўну і двух сыноў – пяцігадовага Васю і двухгадовага Колю.
Дзякуючы начальніку аказанне медыцынскай дапамогі раненым партызанам і мясцоваму насельніцтву было пастаўлена на дыхтоўную ваенна-аператыўную аснову. У яго асобе цудоўна спалучаліся рысы высокакваліфікаванага ўрача, сумленнага ў адносінах да сваіх абавязкаў інтэлігента і гарачага патрыёта.
У любых, самых, здавалася б, неверагодных абставінах Васіль Іванавіч быў стрыманы і дзелавіты, яго адпрасаваная белая кашуля, гальштук, касцюм, халат, белая шапачка і мяккае абыходжанне заўсёды добра дзейнічалі на раненых.
Праз рукі доктара праходзілі раненыя і з суседніх брыгад. Усе яны былі бясконца ўдзячнымі гэтаму абаяльнаму чалавеку.
Васіль Ляшчынскі захаваў мужнасць у найцяжэйшыя дні блакады летам 1943 года, калі карнікамі быў захоплены і вывезены ва ўзросце 2 гадоў 9 месяцаў яго сын Коля. Нягледзячы на асабістыя пакуты, урач працягваў аперыраваць.
На шчасце, хлопчык быў уратаваны: пры канваіраванні палонных простая сялянка Васа Герашчанка сумела выкрасці яго з калоны і гадавала да заканчэння вайны разам са сваімі дзецьмі. Але ўвесь гэты час бацька знаходзіўся ў поўным няведанні пра лёс сына, і знайсці яго ўдалося толькі пасля Перамогі…
Пад кіраўніцтвам начальніка ў раёне вёскі Саўскі Бор быў створаны вялікі лясны партызанскі шпіталь з капітальнымі зямлянкамі, а пазней у тым жа лясным масіве ўладкаваны схаваны падземны шпіталь, дзе можна было падчас карных аперацый размясціць цяжка раненых і хворых на тыф партызан.
Усяго ў падпарадкаванні Ляшчынскага знаходзіліся асноўны і запасны шпіталі, тры рухомыя шпіталі, у тым ліку адзін з іх пры аэрадроме, сем эвакуацыйных пунктаў, гаспадарчы ўзвод і рота прыкрыцця.
Пасля вайны ўрач узначальваў Лагішынскую раённую бальніцу на Піншчыне, аднаўляў сферу аховы здароўя. Па сумяшчальніцтве працаваў хірургам у ваенным шпіталі. У 1971 годзе за выдатную працу быў удастоены звання заслужанага ўрача БССР. Яго сыны таксама сталі ўрачамі.
У дзень вызвалення Докшыцкага раёна ад акупантаў Ляшчынскія штогод прыязджалі ў вёску Бярозкі, дзе пахаваны брат Васіля Іванавіча Станіслаў Ляшчынскі, які ваяваў у гэтых мясцінах.
…і паплечнікі
Сур’ёзная арганізацыя медыцынскай службы ў брыгадзе “Жалязняк” пачалася яшчэ да прыезду Ляшчынскага, таму што ў сувязі з актывізацыяй баявой дзейнасці партызанскіх атрадаў з’явілася значная колькасць раненых.
У атрадах санслужбу ўзначалілі медсёстры Вера Булаўка, Праскоўя Котава і ваенфельчар Сяргей Табачнікаў. Пад іх кіраўніцтвам былі падрыхтаваны санінструктары для кожнага аддзялення атрада. Ішло аснашчэнне медінструментамі і медыкаментамі.
Вяліся пошукі медперсаналу ў Бягомльскім і прылеглых раёнах. Неўзабаве пасля Васіля Ляшчынскага ў брыгадзе з’явілася сямейная пара ўрачоў Сырнікавых: Рыгор Аляксеевіч, былы загадчык Мінскага абласнога аддзела аховы здароўя, заслужаны ўрач БССР, якога атрымалася вывесці праз партызанскіх сувязных з трэцяй бальніцы г. Мінска, і Яніна Пятроўна, якая хавалася сярод насельніцтва і аказвала неабходную медыцынскую дапамогу. Пры цэнтральным шпіталі брыгады яны арганізавалі курсы па падрыхтоўцы малодшага медперсаналу, стварылі лабараторыю па вырабе лекаў і перавязачных матэрыялаў.
Узмацнілася медыцынская служба і з прыходам трыццацігадовага ваенурача трэцяга рангу Івана Дзмітрыевіча Кузняцова, які накіроўваўся камандаваннем першай Мінскай брыгады за лінію фронту, але ў сілу баявых абставін уліўся ў брыгаду “Жалязняк”. Энергічны, напорысты і бясстрашны галоўны ўрач шпіталя Кузняцоў дні і ночы без стомы аддаваў сябе справе лячэння, а калі патрабавалася, ішоў з аўтаматам у акопы.
Выдатным хірургам быў і Уладзімір Якаўлевіч Амбражэй.
Брыгада мела вялікі атрад сярэдніх і малодшых медыцынскіх работнікаў, якія ўпісалі нямала гераічных старонак у гісторыю савецкай медыцыны. Медсястра Валянціна Мальчык вынесла з поля бою звыш двухсот раненых партызан з іх зброяй, за што ўдастоена пяці ўрадавых узнагарод. Хірургічныя сёстры Ядвіга Саковіч і Вера Булаўка пад агнём прабіраліся скрозь ланцугі карнікаў, каб палегчыць пакуты партызан, схаваных у ямах, балотах пад мохам, іншых тайніках.
Вернымі памочнікамі дактароў, акрамя вышэйназваных, сталі баявыя медыцынскія сёстры Наталля Кульба, Аляксеева, Сазонава, Хрыстоўская, Баброва, Церах, Юрыц, Н. Мальчык, Л. Прадзед, Я. Сакаловіч, К. Калбаса, Н. Зіняева, фельчары Ефрасіння Грыбаедава і Галімханаў.
Гэты згуртаваны медыцынскі калектыў выратаваў жыццё 410 раненым “жалезнякоўцам”, якія змаглі вярнуцца ў баявыя рады, і дзясяткам партызан іншых брыгад, якія накіроўваліся на Бягомльскі аэрадром.
Дапамога
Для абслугоўвання насельніцтва медыцынская служба мела куставыя пункты па ўсёй партызанскай зоне. У іх задачу ўваходзіла барацьба з інфекцыйнымі хваробамі, дапамога хворым і раненым з грамадзянскага насельніцтва, суправаджэнне вяскоўцаў пры адводзе іх на лясныя базы, ва ўкрыцці, прафілактычныя мерапрыемствы, санітарная апрацоўка мясцовасці, жылля і прадуктаў харчавання. Усё гэта дазваляла гасіць успышкі эпідэміі.
Перад медыцынскай службай стаяла мноства складаных задач. Дзе браць медыкаменты, бінты, хірургічныя інструменты? Асабліва цяжка даводзілася ў перыяд буйных баёў з гітлераўцамі, калі не было магчымасці перапраўляць раненых у тыл.
У кожным баявым партызанскім атрадзе быў урач, у яго распараджэнні – аддзяленне медыцынскага забеспячэння, ва ўзводзе – сястра ці фельчар. Атрадная медсанслужба аказвала першую дапамогу раненым і пры неабходнасці даводзіла іх да эвакуацыйных пунктаў. Далей імі займалася агульнабрыгадная медсанслужба.
Выратаваць і вылечыць раненых было нялёгка з усіх пунктаў гледжання. Брыгадзе даводзілася весці няпростыя баі на розных напрамках. Неяк гітлераўцам удалося захапіць адзін брыгадны шпіталь з групай раненых, якіх не змаглі пераправіць у тыл. Фашысты расстралялі іх. Гэты выпадак паслужыў для партызан суровым урокам, таму і былі пабудаваны ў запас сакрэтныя падземныя шпіталі – свайго роду добрыя схованкі. Адзін з іх быў выкарыстаны падчас баёў з карнікамі ў 1944 годзе, калі брыгадзе ў чарговы раз прыйшлося штурмам прарывацца з акружэння.
У тым шпіталі знаходзілася некалькі дзясяткаў цяжкапараненых партызан з медыцынскімі работнікамі. І трэба ж было так здарыцца, што карнікі акапаліся якраз на той самай вышыні, пад якой размяшчаўся шпіталь! Фельчар Ефрасіння Грыбаедава, медсёстры Наталля Кульба, Надзея Церах і Лідзія Радзівон, санітаркі Лідзія Балбукова, Лукер’я Пярэдня і Антаніна Пярэдня разам з хворымі і раненымі пражылі там васямнаццаць сутак. Іх становішча было жахлівым: скончыліся медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, свечкі, прадукты, у падземнай студні знікла вада. У дадатак да ўсяго фашысты пры ўладкаванні сваіх акопаў засыпалі вентыляцыйную трубу, якая была замаскіравана пад куст. Пасля гэтага паветра паступала толькі праз дупло дрэва, і людзі задыхаліся. Каманда прыкрыцця шпіталя, разбіўшыся на групы, увесь час абстрэльвала карнікаў то з аднаго, то з другога боку, адцягваючы іх увагу на працягу ўсяго гэтага часу на сябе. У выніку раненыя і хворыя былі ўратаваны – дзякуючы і байцам, і медыкам.
А колькі яшчэ выпадкаў, калі медыцынскія работнікі, людзі самай мірнай прафесіі, праяўлялі непахісную вытрымку і сілу духу ў ваеннае ліхалецце! Нізкі паклон вам за падораныя жыцці, за Перамогу!
Ніна КРУКОВІЧ.
Сумесны праект рэдакцыі газеты “Родныя вытокі”
і Бягомльскага музея народнай славы