Беларускі Гамер у сусветнай літаратуры. Да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа
Два каласы – дзве праўдзівыя песні!
Поплеч, як сёстры, ідуць у свет…
Колькі вы радасці людзям прынеслі,
Колас жытнёвы і Колас-паэт!
Р. Тармола-Мірскі.
Трэцяга лістапада 1882 года ў нябеснай высі загарэлася новая яркая зорка. І, нягледзячы на асеннюю непагадзь, у адно імгненне стала светла, лёгка, утульна на зямлі. У невялікай хаце, асветленай лучынай, пачуўся галасок немаўляці. Нарадзіўся паэт, імя якога – Якуб Колас. Імя, якое сімвалізуе Беларусь. У адрозненне ад Янкі Купалы, чыя творчасць была прасякнута бурамі і пакутай, Колас заўсёды імкнуўся да гармоніі і спакою. Любіў рыцарскія раманы і быў адным з рэдкіх беларускіх паэтаў, якія пачалі пісаць пра каханне ў вельмі сталым узросце. Стомлены сямейным тлумам, жадаў адзіноты, а здабыўшы яе, пакутаваў ад пачуцця пакінутасці.
Яго творчасць падкрэслена аўтабіяграфічная. А яго найбольш выразны аўтапартрэт – Сымон-музыка. Вонкава суровы, каржакаваты, няўсмешлівы, Якуб Колас да канца жыцця застаўся рамантыкам, які па-дзіцячы верыў: змрок рэчаіснасці можна адолець, калі зможаш настроіць струны сваёй скрыпкі на патрэбны лад, калі будзеш верыць у казачнае і фантастычнае, калі захаваеш унутраную лёгкасць. І ён яе захаваў.
Некаторыя факты з жыцця Якуба Коласа
*Паэт праславіўся не толькі сваімі творамі, але і мецэнацтвам. Ён выдаткаваў грошы для падтрымкі таленавітых маладых людзей, якія толькі пачыналі свой творчы шлях. Так, нікому не вядомаму студэнту Заіру Азгуру Колас плаціў яшчэ і асабістую стыпендыю. З юнака “выйшаў” сусветна вядомы скульптар, які стаў аўтарам помніка песняру. Падтрымаў пісьменнік і сціплую дзяўчыну Ларысу Александроўскую, якая стала потым знакамітай опернай спявачкай. Увогуле, на адрас Коласа штодня прыходзілі лісты з просьбамі з усяго Савецкага Саюза.
*Фізічная праца, асабліва на зямлі, прыносіла паэту незвычайнае задавальненне. Рамантык у душы, аднойчы ён пасадзіў чатыры дубы, што сімвалізавалі яго самога і яго сыноў Данілу, Міхася і Юрку, а побач бярозку – як вечную памяць пра жонку Марыю Дзмітрыеўну. Дрэвы прыжыліся, растуць і набіраюць моцы.
*Якуб Колас быў заўзятым грыбніком. На адным з лістоў адрыўнога календара за 1953 год памечана з клічнікамі: “Ужо павінны з’явіцца баравікі”.
*У знак пашаны да вялікага продка яго нашчадкі па жаночай лініі не бяруць прозвішча мужа, калі ўступаюць у шлюб, а захоўваюць сваё – Міцкевіч.
*Пісьменнік узяў з сабой рукапіс паэмы “Сымон-музыка” на адпачынак у Кіславодск, каб дапрацаваць яго, але па дарозе дадому чамадан скралі. Узнавіць геніяльны твор дапамагла Марыя Дзмітрыеўна, якая многае з творчасці мужа ведала на памяць. Якуб Колас вельмі кахаў сваю жонку, слаў ёй цёплыя пісьмы, называў добрым другам і сваёй святыняй.
*У дзень свайго зыходу з жыцця Якуб Колас напісаў ліст кіраўніцтву партыі, дзе выказаў занепакоенасць станам беларускай мовы. Прадказаў яе заняпад, калі не будуць прыняты меры. Прапанаваў спосабы абароны роднай мовы. Гэта адбылося ўсяго за некалькі гадзін да таго, як спынілася сэрца пісьменніка.
Шлях, які прайшоў Якуб Колас, адметны. Асноватворныя ўласцівасці яго жыцця і дзейнасці – сумленнасць, высакароднасць, неабыякавасць, імкненне дапамагчы ў цяжкіх абставінах, грунтоўнасць ва ўсіх жыццёвых праявах, вернасць сваім прынцыпам, любоў да радзімы і народа, клопат пра захаванне нацыянальнай самабытнасці, пра беларускую мову, пратэст супраць рознага кшталту прыгнечання чалавека. Пісьменнік узбагаціў паэзію філасофскай і пейзажнай лірыкай, заклаў асновы беларускага рамана і беларускай дзіцячай літаратуры, зрабіў вялікі ўнёсак у станаўленне норм беларускай літаратурнай мовы.