Жыватворная сіла творчасці

24 лістапада ў Докшыцкім раённым цэнтры дзяцей і моладзі адбылося адкрыццё выставы “Свет маіх захапленняў”. Сёлета яна адзначала свой першы маленькі юбілей – 5 год.

Традыцыйна прэзентацыя выставы праходзіць у рамках фестывалю дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі “Сонечны круг”. Яна заўсёды папярэднічае фіналу – гала-канцэрту, на якім, звычайна, падводзяць вынікі, адзначаюць лепшыя работы, узнагароджваюць пераможцаў. На гэты раз яшчэ падрыхтаваны і прыз глядацкіх сімпатый, які будзе вызначацца па водгуках, што пакінуць наведвальнікі на спецыяльных паштоўках у час прагляду выставы.

У гэтым годзе экспазіцыя ўключае 165 работ 76 аўтараў. Большасць іх з Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрната, ЦКНіР, аддзялення дзённага прабывання інвалідаў ТЦСАН, а таксама з некалькіх школ раёна. Тут прадстаўлены шырокі дыяпазон жанраў і тэхналогій выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Акрэслена мноства тэм. Пра матывацыю іх выбару, пра гісторыю стварэння работ і сваю творчую дзейнасць увогуле расказвалі самі аўтары і іх кіраўнікі падчас цырымоніі адкрыцця. Упрыгожылі свята песнямі, вершамі, загадкамі, а потым сардэчна запрасілі ўсіх ацаніць рукадзелле.

Экспанаты здзіўляюць сваёй арыгінальнасцю, нечаканасцю ў падборы фарбаў і матэрыялаў. Тут ёсць работы з нітак, саломы, бісеру, паперы, шкла, круп, дрэва, пластыліну, прыродных матэрыялаў. Нашы землякі-мастакі падзяліліся сваім светаадчуваннем праз карціны, вышыванкі, мазаікі, арыгамі, выцінанкі, фігуры, разнастайныя вялікія і маленькія канструкцыі.

У выставачнай зале пануе атмасфера своеасаблівай святой чысціні, спакою. Адчувальна, што работы валодаюць жыватворнай энергетыкай, даюць разуменне каштоўнасці жыцця. Ля кожнай выявы хочацца затрымацца і выкупацца ў тым свеце і цеплыні, што зыходзяць ад яе.

Праверце. Выстава будзе дзейнічаць у Цэнтры дзяцей і моладзі да 10 снежня.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *