Повар из магазина «Санта» в Докшицах плетет мебель из лозы
У повара крамы “Санта”, жыхара Параф’янава Васіля Норавіча кола жыццёвых інтарэсаў дастаткова шырокае. Натура ён творчая і рамантычная, а таму і песню добрую любіць паслухаць, і гітару ў вольную хвіліну ўзяць у рукі, а часам можа і верш напісаць. А яшчэ – вырабляе цудоўныя рэчы з лазы.
Лозапляценнем Васіль Раманавіч захапіўся гадоў шэсць таму. Справа гэта патрабуе ад чалавека вялікай аддачы, уседлівасці, цярплівасці, настойлівасці і, зразумела, акуратнасці, добрай маторыкі рук. І часу, бо гэта ж не ўзяць гатовыя ніткі і пачаць вязаць. Лазу трэба найперш нарыхтаваць, а для пляцення не кожны сорт падыходзіць. Знайсці патрэбную, насячы, надзерці – яшчэ далёка не ўсё. Падрыхтоўка матэрыялу да работы – цэлы тэхналагічны працэс.
– Пачынаў з прасцейшага, – распавядае майстар. – З кошыкаў, карзінак. Але ўжо тады стараўся рабіць іх адметнымі: з прыгожымі ручкамі, арыгінальнай формы. Нямала матэрыялу пайшло ў брак, пакуль лаза пачала мяне слухацца. Бывала, што і адчайваўся, кідаў гэту справу, але затым зноў браўся: ахвота, як гаворыцца, горш за няволю. З часам набыў навыкі і ўзяўся за больш складаныя рэчы – дроўніцы, напрыклад. На іх у мяне зараз заказы нават са сталіцы паступаюць. Мэблю пачаў рабіць. Плецены столік вось нядаўна аддаў на рэалізацыю ў “Лавку ремесел”. Узяўся за выраб крэсла-качалкі. Даволі складаная, скажу вам, рэч, але спадзяюся, што атрымаецца.
Васіль Раманавіч вельмі любіць сваю родную вёску Курдзекі, якой прысвячае вершы. Вось некалькі радкоў:
На той земле болит душа,
Где миллион моих шагов на каждом метре.
И опустевшая все так же хороша
Моя деревня милая – Курдеки.
Давно уж нас по свету разбросало,
Но каждый помнит уголочек свой,
И родничок, что на болоте, малый
Ждет всех с холодной, чистою водой.
Не забывайте, земляки, цените
Клочок земли курдецкой дорогой!
Яшчэ адно захапленне Норавіча – рыбалка. І трэба адзначыць, што ён умее не толькі злавіць рыбу, але яшчэ і смачна яе прыгатаваць. Увогуле даўно заўважана, што мужчыны – выдатныя кухары, асабліва гэта датычыцца мясных страў. У раздзелцы мяса Васіль Раманавіч, можна сказаць, віртуоз, не адзін год адшліфоўваў майстэрства ў цэху па забоі жывёлы. А з пачатку адкрыцця ў райцэнтры сеткавай крамы “Санта” стаў працаваць там кухарам. Усе прывабныя на выгляд і апетытныя паўфабрыкаты – катлеты і біточкі, шніцалі і галубцы, а таксама куры грыль, шашлыкі, фарш і іншае – справа яго рук.
Сілы на творчасць Васіль Норавіч знаходзіць у сваёй сям’і. Яго захапленні падтрымліваюць жонка Ганна Арамаісаўна і дачушкі, калі трэба, дапамагаюць. А што яшчэ патрэбна для развіцця таленту, калі работа прыносіць задавальненне самому, радасць – іншым, а родныя людзі табой ганарацца? Толькі натхненне, а яго нашаму герою, як бачна, ёсць адкуль чэрпаць.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.