Геннадий Полянский из Порплища читает районную газету 66-й год
Жыхар аграгарадка Порплішча, ветэран працы Генадзь Палянскі сябруе з раённай газетай ужо 66-ы год! Больш за тое, ён нават дакладна памятае дзень, калі ўпершыню ўзяў у рукі лісток тады яшчэ “Ленінскай трыбуны”, – 14 чэрвеня 1957 года. А яшчэ гэты цікавы, мудры чалавек не проста з’яўляецца нашым шчырым прыхільнікам, але ў свой час актыўна агітаваў людзей падпісвацца на раёнку.
– Пасля заканчэння дзевяці класаў я прыехаў у Докшыцы з Вілейскага раёна, каб уладкавацца на працу, – распавёў пра свой жыццёвы шлях Генадзь Васільевіч. – Узялі мяне на прамкамбінат вучнем да сталяра, каб за тры месяцы змог асвоіць азы прафесіі. Жыць стаў на кватэры, і там у гаспадароў прачытваў ад пачатку да канца раённую газету – дужа цікавымі былі для мяне ўсе навіны і падзеі. Палюбіў яе, як кажуць, з першага погляду.
У свае сямнаццаць я сёе-тое ўмеў – ад таты-сталяра навучыўся. Таму ўжо праз месяц запатрабаваў: прымайце ў мяне экзамен, хачу працаваць самастойна. І замест просценькага стала зрабіў шафу – здаў іспыт паспяхова і стаў атрымліваць больш салідную заработную плату. Разам з тым вучыўся ў вячэрняй школе – трэба ж было атрымаць сярэднюю адукацыю. Вучоба давалася лёгка, ды і стараўся. Аднойчы ў школу па нейкіх справах завітаў начальнік канторы сувязі Мікалай Мікалаевіч Паляшчук і заўважыў, што перад заняткамі мае сшыткі з дамашнімі заданнямі разышліся па руках. “Дык ты тут самы разумны? – сказаў. – Тады прыходзь да мяне працаваць. Што табе рабіць у сталярцы? Трэба вучыцца далей”. Я пачакаў да восені, калі павінен быў пайсці ў армію. Камісавалі. Тады асмеліўся і ўсё ж памяняў месца работы. Мікалай Мікалаевіч накіраваў мяне спачатку ў “Саюздрук”, а ўжо праз пару месяцаў – начальнікам паштовага аддзялення ў Порплішча. Без аніякага вопыту, без патрэбных ведаў! Але ж узяўся за гуж – не кажы, што нядуж. Вучыўся на месцы ў сваіх калег, вучыўся завочна ў Віцебскім электратэхнікуме сувязі.
Генадзь Васільевіч вельмі “смачна” апісаў тыя часы, калі пошту адвозілі канём на цягнік і забіралі яе адтуль жа. Уяўляеце сабе такую карціну: зімовая заснежаная дарога, на ёй конь, запрэжаны ў сані, цёпла апрануты кіроўца, а за яго спінай цэлая гара пісьмаў, газет, пасылак у фанерных скрынках… Тады было куды больш населеных пунктаў, а ў іх – шмат жыхароў. У аддзяленні працавалі ажно восем паштальёнаў, а яшчэ аператары, тэлефаністкі – рух быў з ранку да вечара.
– А вось раёнку, калі я прыйшоў працаваць, выпісваў толькі сельсавет, – працягвае прасці нітку ўспамінаў суразмоўца. – Адзін экзэмпляр на некалькі дзясяткаў населеных пунктаў! Не мог з гэтым змірыцца: хадзіў пехам па вёсках з той газетай, расказваў пра яе, нешта зачытваў – агітаваў падпісвацца. І справа пайшла. Памятаю, як накіраваўся аднойчы ў Брычанькі – няма ўжо такой вёскі. А завеяла ўсё – ні прайсці, ні праехаць. На калгасным кані мяне падвозілі. Конь той мясіў-мясіў снег, не вытрымаў і лёг. Далей ужо я штурмаваў гурбы сам, але дайшоў і на газету некалькі чалавек падпісаў!
Сямнаццаць гадоў адпрацаваў Генадзь Васільевіч у Порплішчы, а ў 37 гадоў (!) паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі і стаў працаваць электрамеханікам на вузле сувязі ў Докшыцах, адкуль і пайшоў на пенсію. А раёнцы застаўся верным на ўсё жыццё.
– Тата не прапусціў ніводнага месяца, каб не выпісаць газету, – далучаецца да размовы сын Ігар Генадзевіч. – А калі аднойчы даручыў падпісаць яго нам, дзецям, а мы забыліся, то атрымалі такі разнос, што ўсімі праўдамі і няпраўдамі пратэрмінаваную падпіску ўсё ж аформілі.
– Мне без газеты аніяк! – хвалюецца Генадзь Васільевіч.
Нам, журналістам, без такіх верных падпісчыкаў – таксама.
Алена Несцяронак.
Фота з асабістага архіва.