Заведующий Ситцевским ФАПом с личным временем не считается
У Сітцах часта жартуюць: “На вашай машыне, Вераніка Робертаўна, яшчэ б чырвоны крыжык намаляваць і мігалкі паставіць – і была б сапраўдная хуткая дапамога”. Гэта пра ўласны аўтамабіль загадчыцы Сітцаўскага ФАПа, на якім яна звычайна імчыць да хворых. І пра аператыўнасць, з якой яна рэагуе на выклік.
Вераніка Жызнеўская мясцовая, тут ведаюць яе як працавітага і спагадлівага чалавека. З пятага класа марыла стаць медсястрой, у 2003 годзе закончыла медвучылішча ў Мінску і з вялікім задавальненнем працуе па любімай прафесіі.
Першы вопыт набывала ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава і ў адной са сталічных дзіцячых паліклінік. У цэнтры, дзе лечацца цяжка хворыя пацыенты, і самой было нясцерпна цяжка – як у маральным, так і фізічным плане. Але гэта была практыка, якая загартоўвала характар.
У 2005 годзе прыступіла да працы ў прыёмным пакоі Докшыцкай ЦРБ, адкуль пазней перайшла ў Сітцаўскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі.
ФАПам загадвае з 2013 года. У зоне абслугоўвання вёскі Параф’янава і Заборцы, дзе пражываюць 229 чалавек.
– На ўчастку шмат адзінокіх і адзінока пражываючых людзей, якіх патрэбна наведаць некалькі разоў на месяц, – распавядае Вераніка Робертаўна. – Амаль кожны дзень пасля прыёму на ФАПе еду дамоў да хворых, раблю ін’екцыі і кантралюю працэс выздараўлення. Усе мае падапечныя добразычлівыя і строга выконваюць медыцынскія назначэнні. А самае цудоўнае ў рабоце – бачыць станоўчы вынік. Радуюся, што не памылілася ў дыягназе, не нашкодзіла, а паправіла здароўе пацыентаў.
Расказвае, што са сваім “чароўным” чамаданчыкам з медыцынскімі прыладамі і лякарствамі не расстаецца. Ён побач з ёю у машыне, дома, на ФАПе. Часам і мужу не паспявае адказаць на яго “куды ты?”, калі ноччу ўскоквае па званку і вылятае з дому на дапамогу хвораму. “Секунда на зборы”, – каменціруе яна такія экстранныя пад’ёмы.
Па-чалавечы муж спачувае ёй і ў той жа час без лішніх тлумачэнняў разумее важнасць медыцынскай працы.
– У нас дружная сям’я, – гаворыць Вераніка. – Старэйшы сын Мікіта вучыцца ў адзінаццатым класе, малодшы Міша – у сёмым. Любім разам абмяркоўваць усялякія сямейныя справы, весяліцца, працаваць на прысядзібным участку і адпачываць. Асабіста я стараюся яшчэ і на фітнес збегаць. Але ж тым не менш усё ў маім жыцці круціцца каля медыцыны – прафесія абавязвае.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.