15 лет вокальный ансамбль «Сакавіца» из Бегомля радует слушателей

1177

Сёлета 15-гадовы юбілей святкуе народны вакальны ансамбль з Бягомля.

Удзельнікі калектыву, якім кіруе настаўніца Бягомльскай ДШМ Алена Шаркевіч, шануюць беларускую мову і шырока выкарыстоўваюць у сваёй творчасці.

– Наш ансамбль утварыўся з вакальнага гурта Бягомльскай ДШМ, – гаворыць Алена Віктараўна. – Паколькі адбылося гэта ў сакавіку, то і назва знайшлася адпаведная – “Сакавіца”. Састаў калектыву пастаянна мяняецца. Напэўна, усе маладыя спецыялісты, якія прыходзілі працаваць у школу мастацтваў, праходзілі праз ансамбль: менавіта ва рознаўзроставым калектыве захоўваецца пераемнасць пакаленняў. Сярод тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння “Сакавіцы”, таленавітыя педагогі ДШМ Вольга Гайдук і Зоя Крыуш. Дарэчы, апошняя сёння кіруе дзіцячым калектывам “Сакавічкі”, які арганізавалі як калектыў-спадарожнік дарослага саставу. Сярод цяперашніх вакалістаў працягваюць радаваць сваёй творчасцю Галіна Дземянкова і Валянціна Машкевіч, а таксама Наталля Алісёнак, Наталля Раманоўская і Яўгенія Лапкоўская.

Безумоўна, асаблівасцю ансамбля з’яўляецца яго музычнае суправаджэнне. Дуэт баяністак Юліі Свірко і Алены Шаркевіч выдатна дапаўняе на цымбалах Ала Рухлова. У выніку ў канцэртных праграмах, акрамя вакальных твораў, часам гучаць інструментальныя.

Вылучаецца “Сакавіца” і сваімі сцэнічнымі касцюмамі. Каларытнай адметнасцю можна назваць саламяныя галаўныя ўборы ўдзельніц, сплеценыя майстрам-метадыстам раённага Дома рамёстваў Таццянай Марціновіч.

Акрамя прапаганды беларускай народнай песні, твораў сучасных беларускіх кампазітараў, ансамбль вядомы аўтарскімі творамі, якія нарадзіліся ў паэтак Галіны Дземянковай, Ніны Серабранскай, Маі Лісічонак і музыканта Алены Шаркевіч. За пятнаццаць гадоў існавання ў рэпертуары калектыву з’явілася больш за дваццаць аўтарскіх песень, якія неаднойчы адзначаліся высокапрафесійным журы на розных конкурсах і фестывалях. Аўтарскую песню, што з’яўляецца візітнай карткай ансамбля, “Сакавіца” выконвае падчас сустрэч дэлегацый на раённых святах. Новая песня “Радзіма любая мая”, прысвечаная Году міру і стварэння, з’явілася ў таленавітых бягомльскіх артыстаў і сёлета. Аўтар слоў – Ніна Серабранская.

Яўгенія ГІЧАНСКАЯ.

Фота з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *