Встреча с Наумом Гальперовичем и Олегом Винярским состоялась в Докшицах

dscn3342

Светлы ветразь іх лёсаў

Яркасцю, адметнасцю, эмацыянальнай узнёсласцю, кранальнасцю запомніцца аматарам мастацкага слова сустрэча з шаноўнымі сталічнымі гасцямі – паэтам, журналістам, радыё- і тэлевядучым Навумам Гальпяровічам і акцёрам і рэжысёрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Алегам Вінярскім. На сустрэчы прысутнічалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч і намеснік дырэктара ТЦСАН Алёна Таляронак.

Арганізавала яе загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Докшыцкага ТЦСАН Алена Сарокіна і тым самым падарыла ўдзельнікам магчымасць пабыць дзве гадзіны ў захапляльным палоне яго вялікасці Слова.

Тыя дзве гадзіны праляцелі хвілінай – так бывае заўжды, калі пашанцуе больш цесна дакрануцца душою да творчасці тых, каму нябёсамі пасланы вялікі і бясцэнны дар – Талент.
Хацелася больш. Хацелася слухаць і слухаць вершы і прозу ў выкананні майстроў слова, аповеды пра іх дзейнасць, філасофскія разважанні пра вечныя чалавечыя каштоўнасці. Хацелася бясконца гартаць старонкі іх жыцця, насычанага цікавымі падзеямі і цікавымі таленавітымі людзьмі. Рамантычна-ўзнёслы флёр сустрэчы падтрымліваўся і камернай абстаноўкай актавай залы музычнай школы, і ахапкамі майскіх цюльпанаў, прынесеных для чаканых гасцей гледачамі.

Алег Вінярскі і Навум Гальпяровіч

Алег Вінярскі і Навум Гальпяровіч.

Напрыканцы сустрэчы Навум Гальпяровіч уручыў кнігі выдавецтва “Чатыры Чвэрці” і “Мастацкая літаратура” раённай бібліятэцы. Валянціна Юр’еўна выказала шчырыя словы падзякі пісьменніку, падзялілася прыемнымі ўражаннямі ад сустрэчы, адзначыла, што найвялікшы след у яе душы пакінула апавяданне “Дзве мамы”, напісанае на аснове рэальных падзей. Ну а аўтографы, абмен уражаннямі, агульнае фота на памяць – гэта ўжо традыцыйнае ў фармаце такіх сустрэч. А яшчэ Навум Гальпяровіч згадзіўся даць невялікае інтэрв’ю для нашай газеты.

– Навум Якаўлевіч, як бы Вы сфармулявалі сваё жыццёвае крэда?

– Сёлетні год у краіне аб’яўлены Годам міру і стварэння. А для мяне гэта ўвогуле дэвіз усяго майго жыцця. Неяк з маладосці асэнсаваў, што, калі хочаш быць годным чалавекам, трэба шчыра працаваць – для сваёй краіны, для свайго народа, для сям’і, дзяцей. Колькі яшчэ мне Богам адведзена, столькі, спадзяюся, і будзе ў мяне гадоў міру і стварэння.

– Зусім нядаўна пабачыў свет Ваш новы паэтычны зборнік “Ветразь лёсу”. Які ён на Ваш уласны погляд?

– Гэты зборнік адкрыў новую серыю беларускай паэзіі. Радуюся, што следам за маёй выйшла кніга Яўгеніі Янішчыц. У свой зборнік я ўключыў вершы, напісаныя ў розныя гады, і спецыяльна не ставіў даты напісання, размеркаваў вершы так, каб кніга стала адзіным цэлым. “Ветразь лёсу” – гэта тое, што вяло мяне па жыцці, што хвалявала, што было і застаецца дарагім, каштоўным. Кніга – своеасаблівае падсумаванне напісанага за дзясяткі гадоў. Рады таму, што гэта дзяржзаказ, а значыць, зборнік будзе ў бібліятэках, і чытачы змогуць, скажам так, сканцэнтравана пазнаёміцца з маёй творчасцю. “Ветразь лёсу” – мой партрэт, мая справаздача зробленага, маё асэнсаванне таго, куды ветразь мяне вёў і куды яшчэ прывядзе.

– Як Вы лічыце, паэзія – рэч элітарная?

– У большасці сваёй так. Хаця, напрыклад, вершы Сяргея Ясеніна ўспрымаюць у розных сацыяльных слаях, зразумела, па-рознаму. Аднак каб паэзію чуць, адчуваць, трэба мець пэўны слых. Мусібыць, як і музычны. Часта паэзіяй лічаць графаманію – проста рыфмаваныя радкі. Да ўспрымання высокага паэтычнага слова трэба быць падрыхтаваным. І тут вялікая роля школы, ВНУ, дзе трэба яшчэ больш знаёміць шырокае кола моладзі з творчасцю таленавітых паэтаў. Харошая паэзія дапамагае чалавеку пазнаць глыбіню сваёй душы, адкрыць у сабе прыгожае, светлае, годнае, высокае.

– Хто імпануе Вам з сённяшніх маладых аўтараў?

– Ведаеце, як мне здаецца, такога ўзроўню, на якім пачыналі мае равеснікі Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц, Раіса Баравікова, сёння дасягнуў мала хто з маладых творцаў. Цікава пішуць Алёна Папко, Людміла Клачко, Рагнед Малахоўскі. Часта бывае, што малады паэт “выстраліць” моцнымі вершамі, а далейшага росту чамусь няма… Спадзяюся, што наш час усё ж будзе даваць новыя ўсходы.

Нядаўна вось выйшлі кнігі загадчыка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхала Бараноўскага і яго цёзкі, навукоўца Алеся Бараноўскага – яны вартыя ўвагі. Так што таленты ёсць – жадаю ім больш яркага, поўнага раскрыцця.

– Якія Вашы ўражанні ад сённяшняй сустрэчы?

– Самыя станоўчыя. “Душа сумуе па душы” – не проста прыгожыя словы. Яднанне душ – яно адбылося, мы з Алегам Аляксандравічам гэта адчулі, а значыць, наш прыезд быў недарэмным.

Навум Гальпяровіч — вядомы беларускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, журналіст. Член Саюза пісьменнікаў СССР. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі і прозы. Намеснік дырэктара — загадчык аддзела музычных і літаратурна-мастацкіх праграм дырэкцыі канала «Культура» Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Тэле- і радыёвядучы. Вядучы аўтарскай культуралагічнай праграмы «Суразмоўцы» на тэлеканале «Беларусь 3». Заслужаны дзеяч культуры Беларусі. За творчыя і грамадскія дасягненні ўзнагароджаны медалём
Ф. Скарыны.

Алег Вінярскі — акцёр, рэжысёр, прадзюсар Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Пастаноўшчык дзясяткаў спектакляў па творах айчынных і замежных аўтараў. Плённа працуе ў жанры пастановачнага чытання. Першы беларускі аўтар аўдыякніг (каля чатырох дзясяткаў). Папулярызатар беларускай культуры, мовы, літаратуры, тэатра. Арганізатар і мастацкі кіраўнік тэатральнай майстэрні «Кніжыца». Лаўрэат і дыпламант міжнародных радыё- і кінафестываляў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *