Малаком, тварагом, сырамі, маслам і згушчонкай радуе сваіх пакупнікоў параф’янаўская гаспадыня Лілія Бута

dscn3480

Як вы думаеце, якое малако жыхары зям­нога шара ўжываюць найбольш? Не спяшай­цеся адказаць, што гэта каровіна: паводле статыстыкі, 70 працэнтаў людзей рэгулярна п’юць казінае малако і ўжываюць малочныя прадукты на яго аснове. Важную ролю тут, вядома, адыгрывае меншая працаёмкасць утрымання гэтых жывёл. Але галоўнае – казінае малако лягчэй і лепш засвойваецца, не выклікае алергічных рэакцый, нашмат багацейшае на рознага роду карысныя рэчы­вы за каровіна, нармалізуе работу страўніка­ва-кішэчнага тракту, павышае гемаглабін, паляпшае зрок, валодае бактэрыцыднымі ўласцівасцямі, утрымлівае біялагічна актыў­ныя рэчывы. Лілія Бута прызнаецца, што разводзіць коз пачала гадоў дзевяць таму, калі забрала да сябе, каб даглядаць, пажылую хворую сваячку. І так уцягнулася ў гэту спра­ву, што “збавіць абароты” не можа і да сён­няшняга дня.

Вобраз Ліліі Станіславаўны, прыгожай жанчыны са светлай усмешкай, такой нейкай тургенеўскай у лёгкім паўпразрыстым адзенні, капялюшыку, ніяк не ўвязваецца з родам яе дзейнасці. Ёй бы блукаць па наваколлі з томікам Ахматавай, збіраць палявыя кветкі, вечарамі піць гарбату з сяброўкамі на верандзе пад задушэўныя размовы. А ўсё не так. Падняцца трэба раненька, падаіць статак коз, вывесці іх на пашу і праз гадзіны дзве-тры забраць зноў, зачыніць у хляве, папаіць, задаць корму. Спякота, па-першае, а па-другое, няма ніякага ратунку ад аваднёў ды сляпнёў: як толькі сонца ўзнімецца вышэй, аблепяць віславухіх прыгажунь, і тут ужо не да пашы. Вечарам – па тым жа алгарытме, толькі дойка ўжо ў канцы. Думаеце, цэлы дзень вольны? І пачысціць жа ў хляве трэба, і травы ўкасіць. А галоўнае – трэба ж перапрацаваць малако, рэалізаваць прадукцыю.

– Каб зрабіць партыю сыру, затрачваю крыху больш за суткі, бо працэс гэта больш складаны, чым работа з каровіным малаком, – распавядае чароўная параф’янаўская малочніца. –  Тут і закваскі абавязкова патрэбны, і тонкасці тэхналогіі пэўныя ёсць. На некаторых этапах неабходны хуткасць і спрыт, на іншых – выключная акуратнасць. Калі гатуецца згушчанае малако, тры гадзіны ўвогуле ад пліты адысці нельга. Ну і – бытавое, нідзе не дзецца – бясконцае мыццё посуду і апаратаў.

dscn3494

Лілія Станіславаўна робіць розныя сыры як па гатунках, так і з рознымі дабаўкамі па просьбах пакупнікоў: хочаш – з кменам, хочаш – з зелянінай, хочаш – з цукатамі. Любы капрыз, як гаворыцца. Збівае і масла, хаця на яго, прызнаецца, заказаў менш з-за кошту. Уявіце сабе, што, каб зрабіць паўкіло масла, спатрэбіцца 15 літраў малака. Пачынала гаспадыня сваю малочную дзейнасць з коз зааненскай пароды, але ў хуткім часе, смяецца, адшкадавала грошы і набыла парачку нубійскіх, якія ў яе паспяхова размножыліся і даглядаць якіх адно задавальненне – настолькі яны ласкавыя, верныя,
разумныя.

– Сена вось толькі для іх сёлета з-за засухі набыла па высокай цане, – уздыхае суразмоўца. – Паўдня раскручвала рулоны і прыкладала тое сена ў хляве. Можа быць, што мой маленькі бізнес у сувязі з такой праблемай з кармамі выйдзе ўвогуле “ў нуль”. Але пакуль што не магу ад яго адмовіцца, хоць і планую пакрысе памяншаць аб’ёмы. Аднак люблю тое, чым займаюся, радуюся, калі людзям падабаюцца мае малочныя вырабы, усіх агітую ўжываць смачнае і карыснае казінае малако.

Р.S. Ведаеце, з дзяцінства мела стойкую непрыязь да казінага малака. Памятаю, як яго прыносіла суседка і мяне ўгаворвалі выпіць кубачак, ад якога яшчэ здалёк пахла (непрыемна – не тое слова) потнай жывёлінай. Гэта дзіцячае ўражанне адбілася ў падкорцы на дзесяцігоддзі і праяўлялася катэгарычным “не!” на ўсе далейшыя прапановы пакаштаваць дадзены прадукт. А тут рашылася. Скажу вам: ну вельмі смачны сыр! Рэкамендую. А пра карысць усе ведаюць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *