Секреты высоких надоев и качественного молока знают работники молочно-товарных ферм и комплексов Докшицкого района

2

Пра тое, у чым заключаюцца сакрэты высокіх надояў і якаснага малака, як ніхто, ведаюць працаўнікі малочнатаварных фермаў і комплексаў. Гэта дзякуючы ім, сціплым, добрасумленным, непрыкметным у сваіх паўсядзённых клопатах, і нараджаюцца праславутыя малочныя рэкі. Аператар машыннага даення МТК “Дабрунь” ААТ “Бягомльскае” Алена Спірыдонава – з іх ліку.

Гэту прыязную маладую жанчыну з заўсёднай цёплай усмешкай нам удалося перахапіць каля яе дома ў Прудніках. Яшчэ б колькі хвілін – і размінуліся. Алена Віктараўна ўжо месяц знаходзіцца ў водпуску – рыхтуецца трэці раз стаць маці. Але, прызнаецца, сумуе па рабоце, па сваім калектыве. Дык якраз і выправілася на веласіпедзе на ферму, каб праведаць калег, пацікавіцца справамі, абмеркаваць навіны.

– Адна з лепшых нашых работніц, адказная, шчырая, надзейная, працуе так, што заглядзецца можна, – так характарызуе сваю падначаленую загадчыца МТК “Дабрунь” Ірына Кібалка. – Чатыры гады яна ў нас, а здаецца, ужо даўным-даўно.

Сёлета Алена Віктараўна на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі па выніках 2022 года была адзначана як лепшая па прафесіі сярод аператараў машыннага даення, яе імя занесена на раённую Дошку гонару. І гэта не першая ўзнагарода за яе добрасумленную працу і высокія вынікі. У чым жа ўсё-такі сакрэт поспеху, пытаюся.

– Няма яго, сакрэту, – адказвае. – Мне здаецца, калі любіш тое, чым займаешся, то і справа будзе спорыцца. Зразумела, веды і навыкі набываюцца не за дзень, але ж калі ёсць жаданне вучыцца, калі атрымліваеш задавальненне ад таго, што ўсё атрымліваецца, як належыць, то і вынікі добрыя не прымусяць сябе чакаць. У мяне вось ніякай дынастыі няма, у жывёлагадоўлі не працавалі ні бацькі, ні бабулі з дзядулямі. Родам з Лагойскага раёна, я напачатку працавала кандытарам у Плешчаніцах. Прыязджала ў Пруднікі ў госці да мамы, якая праз нейкі час пасля заўчаснай смерці таты выйшла сюды замуж. Тут і я сустрэла свой лёс, свайго Паўла. Рызыкнула пайсці даіць кароў на ферму “Азёрцы” – тады яшчэ існавала ДП “Бераснёўка”. Страшнавата было, але хутка ўцягнулася і зразумела: а мне падабаецца! Ды і калі гаварыць пра матэрыяльны бок справы, то варта адзначыць: стараешся, тэхналогій прытрымліваешся, хварэеш душой за справу – і заработную плату дастойную маеш. Тым больш на “Дабруні”, дзе працую на даільнай зале.

Алена адзначае, што ў дасягненні высокіх паказчыкаў немалую ролю адыгрывае надзейны сямейны тыл. Так, з дачушкай Ульянай, якой споўнілася чатырнаццаць, яна знаходзілася ў водпуску па доглядзе год з магчымых трох, а з сынам Яраславам – толькі чатыры месяцы. Асноўную частку клопатаў пра малечу ўзяў на сябе муж, дапамагала і мама. Гэтым разам, кажа, таксама, напэўна, не вытрымае тры гады без любімай работы. А на комплексе толькі гэтага і чакаюць.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *