В Докшицах и Бегомле прошёл праздник Дня Победы
Прыйшоў яшчэ адзін май, а з ім і самае галоўнае свята нашай краіны і ўсяго былога СССР – Дзень Вялікай Перамогі. Сённяшняе пакаленне памятае пра падзеі крывавых чатырох гадоў, дзякуючы якім мір і стваральная праца пануюць на нашай зямлі. Мы ганарымся сваімі дзядамі і прадзедамі, якія ўратавалі свет ад нацызму.
Свята Перамогі ў раёне пачалося яшчэ 8 мая. У гэты дзень да помнікаў і абеліскаў былі ўскладзены кветкі, у сельсаветах адбыліся ўрачыстыя мітынгі. Сонечнай раніцай 9 мая на плошчы імя Героя Савецкага Саюза І. С. Палявога ў Докшыцах сабраліся па-святочнаму апранутыя гараджане, ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, духавенства. Прыбыло кіраўніцтва раёна, і пачалася ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да месца пахавання салдат і партызан. Затым картэж аўтамабіляў рушыў у Бягомль, дзе ў гэты дзень праходзілі асноўныя святочныя мерапрыемствы. У час прыпынку ў Шунеўцы была ўшанавана памяць загінуўшых мірных жыхароў вёскі.
Праз некаторы час кветкі ляглі да падножжа помніка савецкім салдатам і партызанам у Бягомлі. Іх усклалі старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.У. Сівіцкая, ветэраны, прадстаўнікі працоўных калектываў, госці свята, мясцовыя жыхары.
– Вельмі вялікую цану заплаціў савецкі народ за Перамогу. Гэта дзесяткі мільёнаў загінуўшых людзей, – сказаў Алег Пінчук на ўрачыстасці, якая праходзіла на пляцоўцы ля музея народнай славы. – Пяць год нашы бацькі і дзяды набліжалі Перамогу, каб усе сёння жылі ў міры і згодзе. На жаль, некаторыя палітыкі дзеля эканамічнай выгады і свайго палітычнага даўгалецця заняліся перапісваннем гісторыі. Але гэта немагчыма. Яна напісана крывёй мільёнаў. Задача ўсіх, хто жыве на зямлі, не дапусціць тых падзей, якія зараз адбываюцца ва Украіне.
Старшыня райвыканкама выказаў падзяку ветэранам за іх подзвіг, працоўным калектывам – за сённяшнюю стваральную працу. Павіншаваў усіх са святам і пажадаў прысутным моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба.
Пра ўклад пакалення ваенных гадоў у Перамогу нагадаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны В.І. Якушэўскі. Удзячныя словы героям ад імя моладзі выказала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. Кранула прысутных выступленне Сяргея Біберына, які прыехаў з Расіі ўшанаваць памяць дзеда. Камандзір узвода мінёраў 10 асобнага гвардзейскага батальёна старшы лейтэнант Мікалай Біберын загінуў 7 чэрвеня 1943 года пад вёскай Вускрам’е.
Канцэртна-тэатралізаваная праграма, у якой прынялі ўдзел артысты мастацкай самадзейнасці Бягомля і народны ансамбль “Прызбачка”, навеялі атмасферу ваеннага часу, калі людзі, церпячы цяжкасці вайны, не забываліся і пра песню.
Інтарэс дзяцей і дарослых выклікалі тэматычныя пляцоўкі, якія падрыхтавалі прадпрыемствы і арганізацыі Бягомля. Бягомльская школа-інтэрнат аформіла маляўнічы краязнаўчы куток. Бібліятэкары запрашалі разам з імі пракласці патрыятычны маршрут “Шлях да Перамогі”. Замалёўкі ваенных эпізодаў падрыхтавалі завод “Ветразь”, Бягомльскі лясгас, бальніца. Непадробны інтарэс дзятвы выклікала сапраўдная гармата і кулямёт, якімі падзяліўся музей народнай славы. Да смаку прыйшлася жадаючым грэчкавая каша з палявой кухні.
Жыхары Докшыц сабраліся вечарам на галоўнай плошчы горада, дзе для іх было падрыхтавана тэатралізавана-канцэртнае прадстаўленне. У святкаванні прынялі ўдзел і госці з горада-пабраціма Балві. Гараджан прывітала выканаўчы дырэктар Балвскага муніцыпалітэта Інта Калве.
У заключэнне начное неба асвяціў святочны феерверк, які нагадаў пра той памятны пераможны салют 1945-га.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: моманты свята Перамогі ў раёне.
Фота А. Варанковіча, В. Чарвінскага.