Депутатом по состоянию души является Александр Малюженец из агрогородка Торгуны

img_1632

У мінулую пятніцу вялікае ажыўленне панавала на панадворку і ў доме дэпутата сельскага Савета, былога намесніка дырэктара ААТ “Таргуны” Аляксандра Малюжанца. Віншаванні цяклі ракой, і прычынай таму стала значная юбілейная дата ў біяграфіі Аляксандра Антонавіча – 80-годдзе. З гэтай нагоды павіншаваць чалавека, які ўсё сваё жыццё прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы, прыехалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, старшыня раённага савета ветэранаў Ларыса Кандратовіч, старшыня Тумілавіцкага сельскага Савета дэпутатаў Генадзь Пацэвіч. Шмат цёплых слоў было выказана імі ў адрас віноўніка ўрачыстасці, шмат добрых пажаданняў, сярод якіх, вядома ж, найчасцей – моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

img_1581

Карані

Наш герой нарадзіўся ў Таргунах і з імі назаўжды звязаў свой лёс. Пра сябе гаворыць жартам: “Узору 1942 года, выпуску 1943-га”. А ў вачах пры гэтым затоены сум. Бацька загінуў у вайну, калі маленькі Саша быў яшчэ немаўляткам. Праз пяць гадоў маці выйшла замуж, у сям’і нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей. Айчым, кажа Аляксандр Антонавіч, быў цудоўным чалавекам, замяніў яму тату, ну а пасляваеннае дзяцінства, зразумела, было не з лёгкіх. Закончыў нядрэнна 10 класаў, пайшоў у школу кінамеханікаў і пасля да службы ў арміі “круціў” па вёсках кіно. Адслужыўшы, вярнуўся дадому, нейкі час, смяецца, прадаўжаў рэалізоўваць сябе ў кінаіндустрыі, а пасля ўладкаваўся вадзіцелем грузавіка ў родны калгас “Зара камунізму” і ажаніўся з суседкай Танечкай, на якую даўно ўжо паклаў вока. З ёй ён у радасці і горы ўжо 57-ы год і лічыць гэта вялікім дарункам нябёсаў.

Прафесійны старт

З грузавіка малады Малюжанец неўзабаве перайшоў на легкавушку – стаў вадзіцелем у тагачаснага старшыні калгаса Людвіга Петрашкевіча. І аднойчы, адправіўшы аўтамабіль у капрамонт, паехаў у Гарадок і здаў там экзамены ў сельскагаспадарчы тэхнікум. Можна сказаць, інкогніта. Толькі яго верная Таня пра гэта ведала. Здаў і забыўся: малады быў, як сам сябе характарызуе, вельмі шустры, гарачы – перадумаў вучыцца. А тым часам яму адзін выклік прыйшоў – не паехаў, другі, трэці… Чакаў, што вернуць дакументы, а з тэхнікума замест гэтага паслалі запыт у райкам партыі. Адтуль “націснулі” на старшыню калгаса: чаму свайго работніка на сесію не пускаеце?

– Ну і ўсыпаў мне Петрашкевіч тады! – успамінае суразмоўца. – У той жа дзень памчаўся я ў Гарадок. А Людвігу Антонавічу бязмерна ўдзячны за жыццёвую навуку, за тое, што па-бацькоўску накіроўваў мяне, трымаў, калі трэба, у рамках, даваў слушныя парады і, галоўнае, сам быў прыкладам як мужчына, сем’янін, кіраўнік, чалавек. Калі я вучыўся на трэцім курсе, Антонавіч прапанаваў мне пасаду загадчыка майстэрні – маўляў, пара вылазіць з-за руля аўтамабільнага і брацца за іншы. Узяўся і затрымаўся на гэтай пасадзе амаль на дзесяць гадоў.

Сталасць

Вышэйшую тэхнічную адукацыю Аляксандр Малюжанец таксама атрымаў – скончыў завочна інстытут у Вялікіх Луках.

– Сябар кажа: давай на аграномаў будзем паступаць, лягчэй вучыцца будзе, – прадзе далей нітку ўспамінаў Аляксандр Антонавіч. – А трэба ж было здаваць хімію – самы нелюбімы мой прадмет у школе. Дый часу колькі прайшло. Засеў я за падручнікі. Два месяцы пакутаваў, а пасля адчыніў дзверы і пашпурляў тыя кніжкі вонкі. Паехаў, здаў чатыры экзамены, фізіку ў тым ліку, вытрымаў конкурс чатыры чалавекі на месца і паступіў. Правільна ўсё зрабіў: аграномаў у гаспадарцы тады было процьма, а вось з інжынерамі напруга.

Шмат гадоў наш герой быў адначасова намеснікам старшыні калгаса (гэта ўжо быў знакаміты Уладзімір Новікаў) і сакратаром партарганізацыі. У 1985 годзе, калі да “Зары камунізму” далучылі калгас “Праўда” і ў гаспадарцы стала налічвацца больш за 50 камуністаў, сакратарства перадаў іншаму чалавеку – хапала намесніцкіх клопатаў. Прызнаецца, неаднаразова прапаноўвалі яму ўзначаліць тое ці іншае сельгаспрадпрыемства, але адмаўляўся па сямейных абставінах: велізарнае гора перажылі спадары Малюжанцы – заўчасную смерць абодвух сыноў, якія пайшлі з жыцця ў росквіце гадоў. Час, насуперак вядомаму выказванню, не лечыць – ён толькі рубцуе рану, нанесеную стратай, і рубец той пры кожным дакрананні выклікае боль. І калі гэта не так, значыць, чалавек быў не настолькі дарагі, любоў да яго не настолькі моцнай. У дадзеным выпадку ўбачыла адразу: баліць. І пастаралася не дакранацца да балючага…

Дэпутацкая дзейнасць

Не пакідае без увагі ніводнага звароту людзей, а звяртаюцца да яго вельмі часта, таму што ведаюць: будзе хоць самая маленькая магчымасць – дапаможа. Зразумела, гэта давялося пачуць не ад самога Аляксандра Антонавіча, чалавека, можа, нават задужа сціплага, а ад яго аднавяскоўцаў. Стараючыся вырашыць пытанні, не лічыўся ні з уласным часам, ні нават са сродкамі, калі мелася такая патрэба. Узяць хаця б будаўніцтва царквы ў Таргунах. Усе арганізацыйныя, транспартныя, забеспячэнскія клопаты Малюжанец узяў на сябе. Царкву будавалі вакол старой каплічкі, у якой працягвалі маліцца, і толькі дайшоўшы да царкоўнага купала капліцу тую разабралі. “Без архітэктурнага праекта ўзводзілі, па нашым сялянскім вопыце і разуменні, – каментуе гэты факт Аляксандр Антонавіч. – Пасля, канечне, аформілі ўсё, як належыць. Як бачыце, самі з вусамі: хібаў не дапусцілі – стаіць цэркаўка на радасць людзям і Госпаду!”

Погляды на жыццё і сваё месца ў ім

– Памятаю, як Людвіг Петрашкевіч паўтараў: начальніка не павінны баяцца – яго павінны паважаць. Трымаць гэты баланс вельмі нялёгка, – уздыхае Аляксандр Антонавіч. – Сказаць па праўдзе, думаў: пайду на пенсію – са мной большасць людзей, з кім працаваў, здароўкацца перастане. Якое ж было шчасце, калі выявілася, што памыліўся! Чаму так думаў? Быў дастаткова строгім і патрабавальным кіраўніком, аднак у першую чаргу да сябе самога. Ну не закладзена ўва мне абыякавасці да справы, калі абы з рук, калі “неяк будзе”, калі “а чаму я павінен?”. Відаць, гэта было прыкметна… А яшчэ імкнуўся быць справядлівым і кожны выпадак разглядаў у асобным парадку, да кожнага чалавека шукаў індывідуальны падыход. Чаго ж адназначна не мог цярпець – п’янства на рабочым месцы, асабліва за рулём: у 1985 годзе літаральна на маіх вачах нецвярозы механізатар пераехаў на гусеніку чалавека. Насмерць. Аднак і ў “п’яных” выпадках не рубіў з пляча: сітуацыі былі розныя, часам разавыя, а зламаць чыёсьці жыццё вельмі проста. Увогуле лічу, што чалавеку можна многае дараваць, але толькі не подласць і нахабства – агідныя для мяне гэтыя рысы. І заўсёды асаблівасці характару трэба ўлічваць, і інтэлект, і жыццёвыя абставіны, і сілу волі. Сам вось быў курцом заядлым – тры з паловай дзясяткі гадоў травіўся нікацінам, пакуль не сказаў сабе рашучае “не!” Не буду арыгінальным: жыццё пражыць – не поле перайсці, і самае цяжкае на шляху – заставацца Чалавекам. Стараўся і стараюся кіравацца прынцыпам: трэба адносіцца да людзей так, як ты жадаеш, каб адносіліся да цябе. Проста фармулюецца, складана выконваецца.

На заслужаным адпачынку

Пайшоў Аляксандр Антонавіч на пенсію ў шэсцьдзясят, хоць і ўгаворвалі застацца. Дарогу маладым даваць трэба, упэўнены. А на пенсіі стала яму, актыўнаму і энергічнаму не па гадах, мала фронту работы. Ахвотна згадзіўся на прапанову стаць настаўнікам вытворчага навучання ў Тумілавіцкай сярэдняй школе. Згадзіўся, а тады за галаву схапіўся: трактар быў у напаўразбураным стане. Як добры гаспадар і майстар на ўсе рукі, давёў усё да ладу, справа пайшла. З задавальненнем у яго вучыліся і дзяўчаты: займеўшы правы трактарыста-машыніста, атрымаць пасля вадзіцельскія было нашмат лягчэй. Так што амаль дзесяцігоддзе аддаў педагагічнай дзейнасці.

– Катэгарычна не згодны з галоўнай ацэнкай паспяховасці работы школы – паказчыкам паступлення ў ВНУ і каледжы, – гаворыць суразмоўца. – У кожнага, скажам так, свая “столь” разумовых і фізічных здольнасцей, і вышэй падняцца не дапамогуць нават самыя геніяльныя настаўнікі. А галоўнае, што гэтага намагацца і не трэба. Прывяду такі прыклад. Я, акрамя вытворчага навучання, вёў гадзіны “Асноў бяспекі жыццядзейнасці”. І вось адзін хлопчык, які ў пятым класе на маіх уроках чытаў па складах, на перапынку падышоў да мяне з просьбай: раскажыце пра будову рухавіка трактара. Расказваў, а ён з агеньчыкамі ў вачах слухаў, і калі праз нейкі час я папытаўся, ці запомніў ён што, не толькі дакладна мне ўсё расказаў, але і адказаў на дастаткова каверзныя пытанні. Той хлопчык стаў перадавым механізатарам, якім ганарыцца гаспадарка, тэхніку ведае як свае пяць пальцаў. А што было б, калі б яго “цягнулі” да якога-небудзь каледжа, пасля якога ён стаў бы займацца нелюбімай і незразумелай да канца справай?

Пасляслоўе

Мой суразмоўца – вельмі абаяльны чалавек, цікавы расказчык, таму толькі ў канцы гутаркі спахопліваюся: “А якія ўзнагароды маеце?”

– Ды ёсць, – сціпла адказвае і нават не імкнецца паказаць. – І грамат з паўтара дзясятка, і нагрудныя знакі за ўдарную працу, і бронзавы медаль ВДНГ.

А пасля неяк пранікнёна зазірае мне ў вочы:

– Не за граматы працаваў, верыце?

Веру, Аляксандр Антонавіч. Ні на хвілінку не засумнявалася.

Уладзімір Корсун, былы перадавы механізатар ААТ “Таргуны”, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, сябар і паплечнік Аляксандра Малюжанца:
– Упэўнены: Антонавіч, адзін з самых сціплых людзей, што я ведаю, не распавёў вам, што і зараз актыўна аднавяскоўцам дапамагае, аб чым бы ні папрасілі. І 80 гадоў для яго, лічу, толькі пашпартная дата, бо ён яшчэ дасць фору і 60-гадовым. Энергічны, спартыўны, лёгкі на хаду, добра плавае, вадой халоднай з-пад калонкі ў любую пару года, нават у трыццаціградусныя маразы, да нядаўняга часу абліваўся. Гаспадарку з Таццянай Паўлаўнай трымаюць – не падкапаешся. Парадак усюды, дагледжанасць – маладым прыклад. А самая галоўная яго ўзнагарода, якую заслужыць найцяжэй, – людская павага.

Вольга Ковель, метадыст раённага аддзела па адукацыі, былы дырэктар Тумілавіцкай сярэдняй школы:
– Пра Аляксандра Антонавіча захавала самыя цёплыя ўспаміны. Гэта чалавек, у надзейнасці і прыстойнасці якога ніколі не прыходзілася сумнявацца. Яго заўсёдная гатоўнасць прыйсці на дапамогу, адданасць справе, тактоўнасць, добразычлівасць, гаспадарлівасць не могуць не захапляць і не выклікаць удзячнасць. А пра педагагічныя вартасці майго былога калегі найлепш гаворыць той факт, што яго моцна любілі і паважалі дзеці.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *