Репродукции старых открыток воссоздают и Свято-Покровскую церковь, и Докшицкую гимназию, и Рыночную площадь
Докшыцы — здаецца, зусім непадалёку ад Мінска. А вось ад Віцебска гэты раённы цэнтр Віцебскай вобласці — ажно за 200 км. Непадалёк, за 12 км, чыгуначная станцыя Параф’янава на лініі Маладзечна — Полацк. Докшыцы праз аўтамабільныя дарогі злучаныя з Вілейкай, Ушачамі, Глыбокім, Лепелем, Бягомлем.
Лічыцца, што Докшыцы як паселішча ўзніклі не пазней за XІV стагоддзе. Упершыню як сяло згадваюцца ў грамаце вялікага князя літоўскага Вітаўта ад 13 студзеня 1407 года. Спярша Докшыцамі валодаў віленскі ваявода Войцех Манівід. Затым — яго сын Ян (Івашка) Манівідавіч… Наступныя дзесяцігоддзі прынеслі Докшыцам драбленне паміж рознымі ўласнікамі. З 1519 года адным з гаспадароў, ненадоўга, быў Мікалай Мікалаевіч Радзівіл. Яго спадчыннікамі ўжо пасля 1521 года, калі Мікалай Мікалаевіч памёр, сталі жонка Альжбета і тры сыны — Мікалай, Ян і Станіслаў. У 1536 годзе згадваецца памер штогадовай даніны «докшыцкіх людзей» — 36 пудоў мёду.
У 1621 годзе Докшыцы атрымалі статус мястэчка. У вайну 1654–1667 гадоў мястэчка моцна пацярпела. У 1655 годзе планавалася правесці мяжу паміж Масквой і Швецыяй па лініі Слуцк — Мінск — Докшыцы — Дзісна. Маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч адмовіўся ад прапановы шведскага боку. У Паўночную вайну 1700–1721 гадоў, якая пакінула ў Беларусі нямала слядоў разбурэння, Докшыцы ў 1708 годзе апынуліся на шляху руху шведскіх войскаў пад камандаваннем генерала А. Левенгаўпта. Шведы як сярэднявечныя варвары спалілі мястэчка, спалілі і святыню мясцовых жыхароў — касцёл. З 1793 года (пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай) Докшыцы — у складзе Расійскай імперыі. Пачалася новая гісторыя… У 1795 годзе паселішча атрымлівае статус горада. З 1796 года ў Докшыц — уласны герб (у зялёным полі два ўзгоркі, на іх знайшлі месца збаны, з гарлавін якіх цякуць сярэбраныя крыніцы. Гэтым самым адзначаны былі блізкія мясцоваму люду рэкі — Вілія і Бярэзіна)…
Бягомль. Праваслаўная царква. Пачатак ХХ стагоддзя
Праўда, горадам Докшыцы былі нядоўга. З 1797 года паселішча — у складзе Барысаўскага павета Мінскай губерні. Заштатны горад у хуткім часе пачаў называцца зноў мястэчкам… Урад канфіскаваў уладанні жамойцкага біскупства і перадаў іх генерал-маёру В. Мілашэвічу. Са 152 двароў Мілашэвічу належалі 106, астатнія — 42 двары — удаве Людвізе Гутаровічавай. Яе частка паселішча называлася Докшыцкая Слабада. Яшчэ чатыры двары былі заселены чыншавай шляхтай. У гэты час у мястэчку працавалі дзве ўніяцкія царквы (па адной — на тэрыторыі генерала і на тэрыторыі Людвігі Гутаровічавай), якія ў 1843-м былі пераўтвораны, пераабсталяваны ў праваслаўныя. У Докшыцах штогод праводзіўся кірмаш у дзень Святой Тройцы, у Докшыцкай Слабадзе — у дзень Уздвіжання Святога Крыжа.
Докшыцы. Кірмашовая плошча. Пачатак ХХ стагоддзя
У час вайны 1812 года праз мястэчка ў ліпені прайшлі войскі віцэ-караля Італіі Я. Багарнэ. А ў кастрычніку — адступаючыя часткі корпуса генерала К. Ф. Врэдэ. Мястэчка было разрабавана.
Далейшая гісторыя Докшыц звязана з надзвычайным, высокім гаспадарчым развіццём. Павялічылася колькасць жыхароў. У другой палове стагоддзя колькасць гандлёвых крам была болей за 20. І кірмашы ў Докшыцах праводзіліся штотыдзень (больш значныя — у аўторак на масленічным тыдні і ў свята Прачыстай 28 жніўня). Прадавалі азімае і яравое збожжа, лён, буйную рагатую жывёлу, коней… У Докшыцах да 1870 года дзейнічалі магістрат (ратуша) і дума (потым — гарадское спрошчанае кіраванне). Размяшчаліся валасное ўпраўленне, кватэра прыстава 3-га стана Барысаўскага павета, паштовая станцыя. Пачало працаваць народнае вучылішча.
Докшыцы. Хрэсны ход. Пачатак ХХ стагод
Рэпрадукцыі старых паштовак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава ўзнаўляюць і Свята-Пакроўскую царкву — як яна выглядала на пачатку XX стагоддзя, і Докшыцкую гімназію, і Рынкавую плошчу… Адна з выяў — хрэсны ход у Докшыцах.
Цікавымі на старых здымках падаюцца і ваколіцы Докшыц. Будзеце ў гэтым віцебскім райцэнтры — не прамініце зазірнуць і ў Бягомль. На старой паштоўцы мы бачым царкву Усіх Святых у пачатку XX стагоддзя. Паштоўкі захавалі і капліцу — пахавальню ў Гняздзілаве, а яшчэ — сядзібны дом у Гняздзілаве… Унікальным можна лічыць здымак будаўніцтва касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў пачатку XX стагоддзя ў Параф’янаве… Адным словам, вандроўка ў Докшыцы і іх ваколіцы павінна атрымацца досыць насычанай, багатай на ўражанні.
З гэтым краем звязаны яркія асобы ў гісторыі беларускай культуры. У Докшыцах святаром у праваслаўнай царкве служыў паэт, перакладчык, краязнаўчы пісьменнік Пятро Бітэль (1912–1991). Пятро Іванавіч у час высылкі ў Казахстане пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Перакладаў у рудніку, запісы рабіў на кавалках папяровых мяшкоў зялёнкай… Бываў у паселішчы ў час сваіх краязнаўчых вандровак і рускі пісьменнік, аўтар унікальных запісак Павел Шпілеўскі «Падарожжа па Палессі і беларускім краі». У Докшыцах літаратар запісаў абрад «стаўроўскіх дзядоў». У Докшыцкім раёне нарадзіўся аўтар слоў песні «Жураўлі на Палессе ляцяць» Алесь Ставер (1929—1995). У 1949–1950 гадах працаваў настаўнікам у Бягомльскай СШ. Дарэчы, у Бягомлі ў перадваенныя гады жыў будучы класік беларускай паэзіі Пімен Панчанка. У 1970 годзе ў Бягомлі быў адкрыты Музей народнай славы. Знайшлося ў яго экспазіцыі месца і звесткам пра пісьменнікаў-землякоў — Алеся Ставера, Леанілу Чарняўскую, Юрася Свірку… Дарэчы, нагадаем радкі Пімена Панчанкі пра Бягомль, які і яму стаў родным, блізкім: «На карце ён — Бягомль, а людзі звалі Бегамлем: // Сяліліся ў глухіх лясах халопы беглыя, // Бо беглі ад прыгону, ад паноў, // Ад царскіх устаноў і пастаноў… <…> І ў вайну фашысты з Бегамля пабеглі: // Ад варот паварот ці зямлёй накормяць рот. // Бегамля ўмела біцца: партызанскі гром, // Партызанская сталіца і аэрадором… // Рад, што ў гэтым я мястэчку гадаваўся, рос // Каля ціхай рэчкі і родных бяроз».
Докшыцы. Гімназія. Пачатак ХХ стагоддзя
Добрых вам сустрэч і адкрыццяў у Докшыцах і Бягомлі, у Докшыцкім краі!.. Добрай вандроўкі!..
Кастусь ЛЕШНІЦА
Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА