Белой акации гроздья душистые распустились на Купалинке в Докшицком районе
Паміж вёскамі Тумілавічы і Шалашы ёсць прыкметнае месца – урочышча Купалінка. Сціплая прыгажосць гэтага куточка беларускай прыроды абавязкова спыняе падарожніка. Вабіць сажалка з альтанкай на прыгорку, дубовая, рабінавая алеі (на здымку). Здзіўляе мяккімі, пушыстымі, ізумруднага колеру галінкамі паўночная прыгажуня лістоўніца. Недалёка ад яе яшчэ адна госця, толькі ўжо з Далёкага Усходу – чаромха-маака. Як і яе беларуская сяброўка, яна ў пару цвіцення ўся ўсыпана белымі кветачкамі, але яны, дзіўна, паху не маюць. І ствол гэтай чаромхі нагадвае бярозавы, толькі карычневага колеру. Самая вялікая прыгажосць дэндрапарку (яго так смела можна называць, мяркуючы па колькасці рэдкіх для Беларусі дрэў) – гэта белая акацыя. На яе квітнеючую, усю ў воблаках белых суквеццяў, быццам у белым вэлюме, можна спецыяльна прыходзіць любавацца, як японцы на сваю вішню-сакуру. Дурманлівы пах суквеццяў кружыць галаву, настройвае на летуценны, лірычны лад, і самі па сабе ўсплываюць у памяці цудоўныя радкі старадаўняга раманса пра белую акацыю.
Ну вось толькі некалькі мінут прайшло з таго часу, яе завіталі ў гэты дзіўны куточак, а які атрымалі адпачынак ад бясконцай мітусні штодзённасці! Падзякаваць за гэта трэба ляснічаму Тумілавіцкага лясніцтва, адданаму ў сваёй любві да лесу і людзей чалавеку Рыгору Пяцько, настаўніцы Тумілавіцкай школы Марыі Трус і некалькім пакаленням тумілавіцкіх школьнікаў. З 2002 года доўжыцца сяброўства школы з лясніцтвам. Дзеці ахвотна дапамагалі леснікам саджаць малады лес, прыбіраць смецце. У 2007 годзе, калі Марыя Іванаўна выпускала свой клас, прыйшла ідэя даручыць выпускнікам закласці ва ўрочышчы памятную алею. Ініцыятыву падтрымалі і тагачасны дырэктар А.Д. Варанковіч, і Р.П. Пяцько. Ляснічы прывёз з дэндрарыя саджанцы, і ў дзень апошняга школьнага званка маладыя дубкі сталі пастаяннымі жыхарамі ўрочышча. Класны кіраўнік і кіраўнік школьнага лясніцтва, як пасля высветлілася, пасадзілі рэдкі чырвоны дуб. Астатнімі экзатычнымі, і не вельмі, дрэвамі Купалінка абзавялася ў наступныя гады. Кожную вясну выпускнікі прыходзілі сюды з лапатамі і дубцамі саджанцаў. Потым абавязкова былі юшка і салодкі стол ад лясніцтва. Дзеці развітваліся са школай, з урочышчам і гэтым канкрэтным лесам, але тое, што ў сваім жыцці яны пасадзяць яшчэ не адно дрэва, каб упрыгожыць нашу зямлю, можна не сумнявацца. Засвоенае ў дзяцінстве і юнацтве застаецца на ўсё жыццё.
Летась упершыню ва ўрочышчы нічога не садзілі. Але толькі па той прычыне, што адкрытага месца там ужо няма. Затое ля дзіцячага садка быў высаджаны бэз, сёлета ля школы заклалі алею сліў.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.
Только вот белая акация внесена в список запрещённых для выращивания в Беларуси как агрессивное и опасное растение