Пра маму – постсвяточна

1920x1152_0xac120003_3253127471646392600

У пятніцу, напярэдадні Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Дня маці, мне патэлефанаваў знаёмы, які жыве ў суседнім райцэнтры, з нязвыклай просьбай: дапамагчы знайсці для хворай маці сядзелку, якая згодзіцца даглядаць жанчыну 24/7 і, адпаведна, пражываць з ёй у адным доме. “Можа, ведаеш такую адзінокую жанчыну, якая ўжо пайшла на пенсію, але не супраць была б мець дадатковы заработак? Грашыма я не пакрыўджу, у доме ў мамы жыць будзе нармальна: вада праведзена, электраацяпленне. У вёсцы, ты ж ведаеш, яшчэ працуе крама, ды і калі спатрэбіцца што, з горада прывязу, – гаварыў Сяргей (імя, вядома ж, зменена). – На месцы ахвотных няма. Пачаў напытваць, само сабой зразумела, у раёне, а тады падумаў: можна ж і ў суседніх пашукаць. Паможаш? Ці, мо, іншы які варыянт падкажаш? А то я матляюся ў вёску за пятнаццаць кіламетраў кожны дзень, раніцай да работы і ўвечары – пасля, каб нагатаваць маме есці, пераапрануць яе, памыць адзенне… Цяжка і фізічна, а душэўна яшчэ цяжэй, бо сэрца ўвесь час не на месцы: як яна там? Суседак прашу наведваць, сацработнік прыходзіць, але ж гэтым не заспакоішся”.

Гісторыю Сяргееву (маці ў яго, варта адзначыць, ляжачая) ведаю больш падрабязна, але ўсё ж пытаюся, чаму б яму не забраць маму да сябе, у свой вялізны дом, дзе ёй, мусіць, не тое што куточак – асобны пакой знойдзецца. Голас у трубцы задрыжаў: “Не магу, між двух агнёў знаходжуся…”

Горкую споведзь без хвалявання, нават без слёз слухаць немагчыма. Жонка Сяргеева (дарэчы, яна нідзе не працуе) заявіла: “Я сваю маці не даглядала, тваю тым больш не збіраюся. Ты яе сын, ты мужчына, вырашай гэта пытанне, каб было камфортна ўсім. Але ў нашым доме яе быць не павінна”. Калі ж Сяргей стаў настойваць, выдала ўжо зусім катэгарычна: “Або яна, або я!” Дзеці-падлеткі аднесліся да лёсу бабулі абыякава: хочаш – вязі, хочаш – у вёсцы пакінь, нам якая справа?

Што, скажыце, у такой сітуацыі чалавеку можна параіць? Чужую бяду рукамі развяду? Каб жа так. Збоку яно як быццам вырашаецца лёгка: прывёз матулю дадому, наняў сядзелку на дзённы час – ТЦСАН такую паслугу аказвае, а ўвечары ды ноччу ж сам дома. І дзяцей трэба пераканаць, што бабулю трэба даглядаць усім разам. А жонка – куды яна дзенецца, будзе цярпець, калі сям’ю захаваць хоча, тым больш што без мужа, кармільца, праславутай каменнай сцяны, працаўніка з залатымі рукамі, яна што нуль без палачкі. Акуратна так, не крытыкуючы жонку, гавару гэта і тут жа зазначаю: як адзін з магчымых варыянтаў. Бо не маю права даваць парады, не ведаючы ўзаемаадносін у гэтай сям’і, ды і па той простай прычыне, што і самой ёсць у чым горка каяцца перад сваімі бацькамі, якія рана пайшлі з жыцця, і прасіць прабачэння: і за тое, за што паспела папрасіць у жывых, і за тое, за што не паспела, – у малітвах. Параіла толькі ўсё добра абдумаць і зрабіць так, каб і цяпер, і пасля, калі мамы не стане, не мучыла сумленне і не рваў сэрца боль. Атрымліваецца, што не толькі дзеля яе, але і дзеля сябе. Можа, усё ж такі ўдасца “дастукацца” і да сумлення жонкі, а інакш застаецца толькі паспачуваць Сяргею ў яго выбары спадарожніцы жыцця…

Такая вось кранальная гісторыя, над якой варта задумацца напярэдадні Дзмітрыеўскай бацькоўскай суботы і Дзядоў. Чамусьці здаецца, што кожнага яна можа закрануць за жывое, бо ўсе мы, хтосьці больш, хтосьці менш, у чымсьці вінаваты перад сваімі бацькамі, і за правіны тыя няма ніякага апраўдання…

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *