В Бегомльской специальной школе-интернате состоялось открытие дошкольной группы
У Бягомльскай спецыяльнай школе-інтэрнаце адбылося ўрачыстае адкрыццё дашкольнай групы.
Для васьмі дзетак, якія пераедуць сюды з Віцебскага дзіцячага дома, адрамантаваны і абстаўлены мэбляй памяшканні, куплены дываны, гульнявое абсталяванне, цацкі. Рамонт зроблены сіламі работнікаў школы-інтэрната. А з набыткамі дапамаглі спонсары – таварыства з абмежаванай адказнасцю “БЛД Софт” (Мінск) і ААТ “Завод “Ветразь”.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Дзмітрый Парцянка, дырэктар абласнога ЦКРА Марына Фёдарава, дырэктар абласнога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” Вольга Обухава, дырэктар ТАА “БЛД Софт” Ірына Смалян.
Гасцей сустракалі вучні школы, завяраючы, што з нецярпеннем чакаюць малечу ў сваю вялікую дружную сям’ю. Прысутныя зазначылі, што такое аб’яднанне будзе эфектыўна садзейнічаць сацыялізацыі ўсіх выхаванцаў.
Права перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку было дадзена Аксане Палачанінай і Ірыне Смалян.
– У школе-інтэрнаце працуюць таленавітыя педагогі, якія аддаюць душу і сэрца дзецям, – сказала ў сваім выступленні Аксана Эдуардаўна. – Таму няма сумненняў у тым, што і маленькім выхаванцам тут будзе камфортна.
Аксана Палачаніна падзякавала за ініцыятыву і падтрымку ўсім, хто меў дачыненне да адкрыцця першай дашкольнай групы ва ўстанове, і ўручыла падарункавы сертыфікат ад спонсараў на набыццё развіваючых гульняў.
Мерапрыемства прадоўжылася аглядам жылля навасёлаў. Для іх выдзелены тры спальні, тры гульнявыя пакоі, адзін з якіх у тым ліку для заняткаў фізкультурай і асновамі бяспекі жыццядзейнасці, два санвузлы і калідор – усё ў адным блоку. “Вясёлыя” шпалеры, мастацкая ляпніна аўтарства работніцы школы-інтэрната Таццяны Свірко на сценах калідора і дзвярах, на падлозе свежы лінолеум. Яркія, сучаснага дызайну шафкі для захоўвання цацак, канцылярскіх прылад і адзення, сталы і стульчыкі. Асаблівай радасцю стане для дзетак спартыўны комплекс, які ўключае арэлі, горку, лесвічкі, сетку-павуцінку для лажання, кольцы, канат, рукаход.
На ўсё абуладкаванне “кватэры” для дашкалят сталічная кампанія “БЛД Софт” выдзеліла 10 тысяч рублёў.
Напрыканцы сустрэчы госці перадалі выхаванцам духмяныя караваі, а ўзамен атрымалі падарункі, вырабленыя дзіцячымі рукамі.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Аляксандра Варанковіча.