Накануне 7 ноября в агрогородке Порплище открылся магазин от Докшицкого хлебозавода
Прыемная падзея для жыхароў аграгарадка Порплішча і навакольных населеных пунктаў адбылася напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі – адкрыццё крамы “Хлеб” Докшыцкага хлебазавода. Гандлёвы пункт заваяваў папулярнасць з самых першых дзён. Яшчэ б: свежы, толькі што з печы, хлеб практычна ўсіх гатункаў, якія выпускаюцца на заводзе, батоны, булачкі, кандытарскія вырабы завозяцца ў краму штодзённа. Хочаш торт да ўрачыстай даты – калі ласка, будзе зроблены і дастаўлены своечасова. Увогуле заказ можна зрабіць на любыя вырабы хлебазавода ў патрэбнай колькасці. Любата! А яшчэ ў краме можна набыць не толькі хлеб, але і іншыя харчовыя тавары – іх асартымент таксама разнастайны.
– Імкліва набіраем абароты, – падзялілася прадавец Наталля Яцкоўская. – Напачатку заказвалі 30 булачак – на сённяшні дзень ужо мала і 70-і, выходзім на сотню. Добра ідуць і пірожныя, кексы, пернікі, кукурузныя палачкі “Кузя”, сухары. Хлебабулачныя вырабы ў нас на любы густ. Зараз актыўна вывучаем запыты, каб кожны пакупнік выходзіў з нашай крамы з поўным пакетам і добрым настроем.
Думаецца, так ёсць і будзе. Наталля Сяргееўна ў сферы гандлю ўжо без малога тры дзесяцігоддзі і, дзе б ні прыходзілася ёй працаваць, заўсёды вылучаецца сваёй любоўю да работы, адказнасцю, ветлівасцю, камунікабельнасцю, цёплай усмешкай, уменнем і жаданнем абслужыць пакупнікоў так, каб ім хацелася прыходзіць у краму зноў і зноў. Асаблівая радасць для жанчыны – нарэшце знайшлося працоўнае месца ў родным Порплішчы, не трэба нікуды ехаць, дзякуе за гэта старшыні сельвыканкама. З калегай Ірынай Кажарновіч, якая вось-вось прыступіць да працы, упэўнена, будуць добрыя адносіны і паразуменне, таму проста свеціцца ад перапоўненасці станоўчымі эмоцыямі і, вядома ж, дзеліцца гэтым душэўным святлом з наведвальнікамі крамы. А іх толькі за некалькі хвілін нашага знаходжання там пабывала каля дзясятка.
Магазін адчыніў свае дзверы ў памяшканні былога камбіната бытавога абслугоўвання, невялікі па плошчы, але, дзякуючы зробленаму напярэдадні якаснаму рамонту і разумнаму размяшчэнню вітрын і халадзільнікаў, вельмі ўтульны і зручны. Усе тавары даступны зроку, а прадавец ахвотна распавядае пра іх, падказвае, раіць, цікавіцца ў пакупнікоў, што б яшчэ яны хацелі бачыць на прылаўках.
А на прылаўках тых – увесь асартымент малочкі, каўбасы і паўфабрыкаты, кансервы і салодкасці, алей і соусы, марожанае і напіткі, крупы і макаронныя вырабы, цукар і мука – толькі яе чатыры гатункі. Карацей, прыходзь у “Хлеб” – набудзеш пры жаданні без малога ўсе прадукты харчавання. Падумалася пасля наведвання: а ці не замахнуцца хлебазаводаўцам на цэлую сетку крам па аграгарадках раёна? На радасць людзям і сабе на прыбытак.
Ад пакупнікоў:
Таццяна Жызнеўская:
– Вялікае дзякуй нашаму хлебазаводу за адкрыццё такой цудоўнай крамы. Усё свежае, усё смачнае, усяго шмат. І заходзіць прыемна, і месца зручнае. Спадзяёмся, што крама будзе працаваць у нас доўга-доўга.
Ларыса Сауліч:
– З самага адкрыцця заходжу сюды кожны дзень з задавальненнем. Асартымент багаты, якасць тавараў належная, абслугоўванне прыемнае – як не зайсці?
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.