Спецмашину передали Докшицкому ТЦСОН

Начальнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму перад выездам на новым аўтамабілі ў Дамашкавічы – для выяўлення грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні.

Начальнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Данута Лявоха перад выездам на новым аўтамабілі ў Дамашкавічы – для выяўлення грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні.

Мінулы тыдзень для работнікаў Докшыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адзначыўся радаснай падзеяй – атрыманнем спецмашыны сацыяльнай службы. Завод “Брэстмаш”, які ўваходзіць у холдынг “БЕЛАЎТАМАЗ”, пераабсталяваў 39 такіх аўтамабіляў – яны паступаюць у распараджэнне 23 ТЦСАН і 16 дамоў-інтэрнатаў у нашай краіне.

– Не перадаць, як мы рады новай тэхніцы, – гаворыць дырэктар ТЦСАН Мар’ян Гігола. – Моцна спадзяваліся на яе атрыманне, чакалі гэтага дня і шчаслівыя ад таго, што ўвайшлі ў лік тых дваццаці трох ТЦСАН, у якія паступілі машыны сацслужбы. Дагэтуль у нашым распараджэнні меліся тры аўтамабілі, адзін з якіх грузавы. Тэрмін эксплуатацыі іх – 20, 17 і 11 гадоў. Усе яны дзякуючы адказным адносінам да сваёй работы нашых вадзіцеляў на хаду і ў нармальным тэхнічным стане, але ж яшчэ адна транспартная адзінка дазволіць падняць якасць, аператыўнасць і даступнасць нашых паслуг на яшчэ больш высокі ўзровень.

Дырэктар ТЦСАН Мар’ян Гігола і вадзіцель Андрэй Ткачэнка дэталёва вывучаюць усе функцыі спецмашыны.

Дырэктар ТЦСАН Мар’ян Гігола і вадзіцель Андрэй Ткачэнка дэталёва вывучаюць усе функцыі спецмашыны.

Пра тэхнічныя характарыстыкі новага “жалезнага каня” службы распавёў вадзіцель Андрэй Ткачэнка:

– Як нам паведамілі, такія машыны выраблены на базе мінівэна Lada Granta Kub ніжагародскага прадпрыемства “Прамтэх”, разлічаны на поўную масу 2,1 тоны і аснашчаны 90-сільным бензінавым рухавіком ВАЗ-11182. Як бачыце, аўтамабіль мае павялічаныя даўжыню і вышыню пасажырскага адсека. Яшчэ яго вылучае рысорная падвеска задняй восі з двума пнеўмабалонамі, якія можна рэгуляваць з вадзіцельскай кабіны. Мінівэн мае поўнае зашкленне пасажырскага адсека, бакавыя дзверы і двайную заднюю. Габарыты салідныя: даўжыня машыны без малога пяць метраў, шырыня – адзін метр семдзесят сантыметраў, вышыня – амаль два метры. Пад айчынны стандарт сацыяльнага транспарту мінівэны былі абсталяваны на “Брэстмашы”, і адной з галоўных іх вартасцей стала пад’ёмная апарэль са спецыяльным фіксуючым устройствам і электрычная лябёдка грузапад’ёмнасцю да 700 кілаграмаў – гэта зроблена для зручнай пасадкі ў аўтамабіль і перавозкі на ім інвалідаў-калясачнікаў. Да ўсяго і пярэдняе пасажырскае сядзенне аснашчана механізмам павароту на 90 градусаў для аблягчэння пасадкі.

– На сённяшні дзень сацыяльным абслугоўваннем у раёне ахоплены 154 населеныя пункты. З гэтага ліку 39 – аддаленыя маланаселеныя вёскі, у якіх пражываюць 190 непрацаздольных грамадзян, што знаходзяцца на абслугоўванні 52 сацыяльных работнікаў, – апеліруе лічбамі начальнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Данута Лявоха. – Усяго ж на надомным абслугоўванні ў нас 908 чалавек, з якімі працуюць 115 сацработнікаў. Асобная катэгорыя – інваліды І і ІІ груп, іх налічваецца 91. Пры гэтым 19 з іх не дасягнулі права на пенсію на агульнай аснове. Фронт работы, вядома ж, немалы, і яшчэ адна транспартная адзінка ну вельмі патрэбная. Яна будзе выкарыстоўвацца для правядзення абследавання ўмоў пражывання адзінокіх і адзінока пражываючых непрацаздольных грамадзян, несумненна паспрыяе якасці аказання рознага роду паслуг. Пры неабходнасці можам перавозіць на ёй інвалідаў-калясачнікаў і не толькі, дастаўляць у розныя населеныя пункты гаспадарчую брыгаду. Што там казаць – своечасовы і вельмі карысны набытак. Да эксплуатацыі прыступілі неадкладна.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *