Передовой водитель Докшицкого ДРБУ № 180 Петр Тетеранкевич работу выполняет быстро и качественно
У снегапады МАЗы і трактары Докшыцкага ДРБУ № 180 задзейнічаны днём і ноччу. Амаль сем соцень кіламетраў дарог, якія абслугоўвае філіял, павінны быць своечасова расчышчаны ад снегу і падсыпаны пясчана-салянай сумессю ў галалёдзіцу, каб забяспечыць бяспеку дарожнага руху. На адным з МАЗаў працуе перадавы вадзіцель Пётр Цецеранкевіч – у мінулым годзе яго імя было занесена на Дошку гонару ДРБУ.
Шчыра кажучы, напісаць пра Пятра Іванавіча яго калегі прасілі даўно. “Старанны ў працы, безадмоўны ў вырашэнні вытворчых задач, чалавек на сваім месцы”, – выказваўся пра работніка начальнік філіяла, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Місачэнка.
Але сустрэцца з Пятром было не так проста: ён то на асфальтаванні дарог у другім горадзе, то на дастаўцы пяску заказчыку, то рупіцца на ўскраіне раёна.
І на гэты раз Пётр спяшаўся – чакалі дарогі. Работу ён выконвае хутка, без лішніх прыпынкаў і перапынкаў. Пры руху ні ў якую “рамантыку”, кажа, акунацца не любіць, як хтосьці з аўтамабілістаў, – уся ўвага на работу.
Пётр Іванавіч перавозіць пясок, друз, гравій і іншыя грузы. Зімой яго МАЗ, як і іншая тэхніка ДРБУ, абсталёўваецца снежным адвалам і раскідвальнікам пяску, і гэта самы складаны перыяд у рабоце. “Не люблю снег, – усміхаецца дарожнік. – Здаецца, гэта выдаткі прафесіі”.
Пётр – ураджэнец Докшыц і за рулём з васямнаццаці гадоў. Закончыў Вілейскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж, дзе атрымаў спецыяльнасці вадзіцеля, зваршчыка і слесара, але з самага пачатку працоўнага стажу толькі за рулём. На МАЗах ездзіў падчас тэрміновай службы ў арміі, затым працуючы ў Докшыцкім ПМС, і вось сёмы год на цяперашнім месцы.
– У нас добры калектыў, – расказвае Пётр Іванавіч. – Калі трэба, замяняем адзін аднаго, дапамагаем.
Вадзіцелем Пётр стаў, хутчэй за ўсё, пад уплывам бацькі – той усё жыццё круціў абаранак у ПМС. Падарожнічаў з ім з малога ўзросту па дарогах раёна, назіраў за работай, а ўжо пазней пераймаў прамудрасці прафесіі.
Вольны час наш герой любіць праводзіць з сям’ёй – жонкай Таццянай і трохгадовым сыночкам Ромам. Заўзяты футбольны балельшчык, кінаман і аматар рыбалкі. А догляд уласнай машыны ўспрымае як хобі. Тэхніка – найбольшае яго захапленне.
Ніна КРУКОВІЧ.