Шить оригинальные игрушки учит детей педагог Докшицкого ЦДиМ Вита Савулова
Здавалася б, пры магчымасцях сучаснай прамысловасці якія могуць быць цацкі ручной работы? Аж не, іх непадобнасць адна на адну, своеасаблівая энергетыка прывабліваюць і спажыўцоў, і саміх майстроў.
“Кожны, хто захоча, можа навучыцца шыццю”, – пераконвае кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Мяккая і дэкаратыўная цацка”, педагог-арганізатар, педагог дадатковай адукацыі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Віта Савулава. І яна мае рацыю: яе выхаванцы, а гэта ў асноўным дзяўчынкі 8–13 гадоў, чаго толькі ні шыюць: і зайчыкаў-коцікаў, і чарапах-драконаў, і самых розных лялек! З меху і тэкстылю, аздабляючы вышыўкай крыжыкам, тэхніку якой асвойваюць тут жа, і іншым дэкорам.
Шыццё – справа скрупулёзная
Праграма аб’яднання па інтарэсах разлічана на два гады, але нярэдка па-сапраўднаму апантаныя гэтым мастацтвам дзеці застаюцца тут і надалей – шліфаваць навыкі і рэалізоўвацца ў творчасці. Яскравы прыклад – уласныя дочкі Віты Пятроўны Люба і Вера, якія зараз ужо сталі для сваёй мамы першымі памочніцамі.
Трапіць у аб’яднанне могуць усе жадаючыя, а навучанне пачынаецца літаральна з нуля. “Не ўсё ладзіцца адразу, – заўважае педагог. – Звычайна напачатку, каб паскорыць працэс, дзеці робяць вялізныя шыўкі, што выглядае дужа неакуратна. Прыходзіцца распорваць, да немалога расчаравання выхаванцаў, і пачынаць работу нанава. Шыццё – справа скрупулёзная і патрабуе цярпення, вытрымкі. І нават на самы немудрагелісты выраб патрэбна не адна гадзіна”.
Зараз у аб’яднанні чатырнаццаць дзяцей, сярод іх два хлопчыкі. Напрыклад, Арцём Пятровіч наведвае заняткі другі год, прычым яшчэ ходзіць у школу мастацтваў, і вольнага часу амаль няма. Між тым аб’яднанне па інтарэсах працуе па дзве гадзіны двойчы ў тыдзень, але размова пра тое, каб пакінуць выраб цацак, у сям’і хлопчыка ніколі не ўздымалася – бацькі бачаць, колькі радасці прыносіць сыну яго хобі. З такім жа задавальненнем вырабляе цацкі і Раман Радкевіч. Нядаўна яго сумесная работа з Вікторыяй Палячонак была накіравана на абласны этап рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”. Іх Дракон атрымаўся прыгажуном.
Рупліва чаруюць над цацкамі Крысціна Яцкоўская, Алёна Аніська, Мілана Пруская і іншыя дзяўчынкі. Мілана добра спраўляецца з работай на швейнай машынцы, якою карыстаюцца самыя майстаравітыя вучні. З былых выпускаў – а аб’яднанне было адкрыта ў верасні 2012 года – Віта Пятроўна ў першую чаргу ўспамінае Сафію Міцько, Дар’ю Караткову і Анастасію Самсонаву, якія ўкладвалі душу ў свае вырабы і гатовы былі займацца імі да позняга вечара.
Шлях да мастацтва
Падчас вучобы ў Крулеўшчынскай сярэдняй школе дзяўчынка Віта марыла стаць доктарам, каб умацоўваць здароўе людзей, выратоўваць іх жыцці. А лёс распарадзіўся так, што закончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і цяпер спрыяе стварэнню прыгажосці, якая таксама, паводле вядомага выслоўя, ратуе свет. Да ВНУ скончыла ў Віцебску прафесійна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці “закройшчык-кравец” (з чырвоным дыпломам) і індустрыяльна-педагагічны каледж. Сем гадоў працавала настаўнікам працоўнага навучання і педагогам-арганізатарам у Гняздзілаўскай базавай школе і ў апошнія гады па сумяшчальніцтве вяла заняткі ў Цэнтры дзяцей і моладзі. Пастаянна на цяперашнім месцы – з 2012 года. Атрыманая адукацыя і набыты вопыт дазваляюць Віце Пятроўне ўвасабляць на практыцы самыя смелыя крэатыўныя ідэі і знаходзіць падыход да кожнага вучня.
Асабліва шмат навыкаў адтачыла ў вучылішчы, дзе навучылася кроіць і шыць адзенне, рабіла гэта і на заказ. “Там вучылі добрасумленна працаваць і даводзіць пачатае да канца”, – кажа Віта Савулава. Такія ж якасці прывівае і сваім выхаванцам.
Любоў да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Віты Пятроўны і на падсвядомым узроўні – яе матуля і бабуля былі таленавітымі рукадзельніцамі: шылі, ткалі, вязалі і вышывалі.
Прызнанне талентаў
Кіраўнік аб’яднання стварыла групу ў месенджары, дзе выстаўляюцца фотаздымкі работ і працэсу іх стварэння. У кабінеце, дзе займаюцца дзеці, ладзяцца выставы вырабаў.
Лепшыя цацкі адпраўляюцца на конкурсы, і не толькі раённыя. У адкрытым конкурсе-выставе выяўленчай і дэкаратыўнай творчасці “Ізумрудная чарапаха”, які праводзіць Парычскі музей чарапах сумесна з Гомельскім абласным палацам дзіцячай творчасці і інспекцыяй па экалогіі і прыродных рэсурсах, докшыцкія “цацачнікі”, пачынаючы з 2016 года, атрымалі два дыпломы першай ступені і два – другой. Заваяваны ўзнагароды ў абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”.
Адна з самых любімых цацак у дзяцей – лялька. Выхаванцы вучацца рабіць іх з дапамогай розных тэхнік. Тут і традыцыйныя беларускія лялькі, панчошныя, гарбузагалоўкі, тыльды і іншыя. Да фэсту траў “Жыватворная сіла”, які праходзіць на Докшыччыне, шылі лялькі-абярэгі. Удзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе “Выхаванне на аснове традыцый беларускага народа. Беларуская народная цацка”, у выніку чаго ў мінулым годзе матэрыялы даследчага мастацкага праекта “Тэкстыльная народная лялька” пад кіраўніцтвам Віты Савулавай увайшлі ў зборнік “Праектная дзейнасць як сродак развіцця творча-даследчай і сацыяльна значнай дзейнасці вучняў”, дзе прадстаўлены лепшы педагагічны вопыт Віцебшчыны ў дадзенай сферы. У абласным этапе ІІ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу даследчых праектаў навучэнцаў “Нашчадкі традыцый” занялі трэцяе месца за падрыхтаваны каляндар абрадавых і абярэгавых лялек і апісанне тэхналогіі.
– На занятках дзеці развіваюць творчыя здольнасці, набываюць навыкі канструявання, – адзначае Віта Пятроўна. – Да таго ж за работай мы ўсе цесна ўзаемадзейнічаем, таму неўзабаве пасля знаёмства становімся сябрамі. А больш за ўсё я люблю назіраць, якую асалоду атрымліваюць мае выхаванцы ад выніку работы. Іх эмоцыі натхняюць.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.