Объединить опыт и современные тренды сумела руководитель кружков Докшицкого ТЦСОН Оксана Берлизова

img_8661

Кіраўнік творчых гурткоў “Арт-тэрапія” і “Цуды сваімі рукамі” аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Аксана Берлізава здолела аб’яднаць уменні вопытных рукадзельніц і сучасныя трэнды. 

У выніку атрымаліся даволі цікавыя работы, якія не паспяваюць накоплівацца на паліцах шафы, а хутка разыходзяцца ў якасці падарункаў дзецям і ўнукам.

Напрыклад, Тамара Лось, якая з’яўляецца актыўнай наведвальніцай некалькіх гурткоў раённага Дома рамёстваў, адной з першых адгукнулася на прапанову Аксаны паспрабаваць тэхніку макрамэ. Але замест плеценых вузельчыкамі пано ў выглядзе соў ці кашпо для кветак малады кіраўнік гуртка паказала майстар-клас па вырабе моднага клатча. Дарэчы, трэндавая рэч аказалася вельмі запатрабаванай у сябровак Тамары Васільеўны, якая цяпер дакладна ведае, што, калі трэба, падарыць прыяцелькам. Ёсць навык у пляценні макрамэ і ў Ларысы Кандратовіч. А вось Наталлі Броўка больш падабаецца шыць, таму на творчых занятках часцей яе можна ўбачыць за швейнай машынкай. У Раісы Аксючыц вельмі ўдала атрымліваюцца мяккія цацкі і інтэр’ерныя лялькі – таксама “піск” сучаснай моды.

img_8624

– У асноўным у рабоце выкарыстоўваю індывідуальны падыход, – гаворыць спецыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Берлізава. – Свет творчасці – бязмежны. Гэта не проста маляванне, шыццё ці вязанне. Пастаянна з’яўляюцца новыя тэхнікі і стылі, якім мне, як апантанаму мастацтвам чалавеку, вельмі цікава навучыцца. І ў тут у многім дапамагаюць гурткоўцы. У іх ёсць каштоўны вопыт, у мяне – сучаснае бачанне той ці іншай работы. І гэта так здорава! Разам мы спрабавалі роспіс на палатне, малюнкі на камянях акрылам і многае іншае. А колькім хітрыкам падчас нашых заняткаў навучылася я! Напрыклад, вязаць пруткамі, у чым экспертам для мяне стала Таіса Міхайлаўна Обухава. Вучуся ў яе вязаць шкарпэткі.

Аксана Берлізава па спецыяльнасці эканаміст. Але, гаворыць, мастацтвам цікавілася з дзяцінства. Вельмі захаплялася творчымі работамі школьнай настаўніцы Вольгі Гарбачовай, наведвала яе гурткі. Будучы студэнткай, любіла маляваць партрэты сябровак. Па спецыяльнасці працавала няшмат – усё ж такі перамагла любоў да мастацтва, якую некаторы час рэалізоўвала ў стварэнні прыгожых жаночых прычосак. Для гэтага нават атрымала дадатковую спецыяльнасць цырульніка. Потым былі тры гады працы сацработнікам у ТЦСАН, якія і сталі тым патрэбным злучальным звяном у дасягненні галоўнай мэты мастака-аматара – творчай работы.

Дарэчы, мастацтва – агульнае захапленне для ўсёй сям’і Берлізавых. Старэйшая дачка Ульяна з ахвотай наведвае мастацкую студыю “Вясёлка” і аб’яднанне па інтарэсах “Мяккая і дэкаратыўная цацка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Дашкольніца Мілання больш любіць танцаваць, але і расфарбоўку ў падарунак атрымаць не супраць. Муж Канстанцін поўнасцю падтрымлівае творчыя ідэі жонкі і нават плануе разам з ёй намаляваць карціну, для якой ужо выдзелена месца каля падарункавых вырабаў ад старэйшых сябровак па “Арт-тэрапіі”.

img_8618

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *