Многогранность талантов и трудолюбие отличает супругов Лобзовых из агрогородка Крулевщина

dscn4510-s

Мабыць, кожнаму з нас на жыццёвым шляху трапляліся людзі, пасля сустрэчы з якімі на душы станавілася цёпла і хацелася па іх прыкладзе ствараць штосьці добрае, карыснае, памятнае, незвычайнае. Вялікае шчасце жыць ці сябраваць з імі – гэта як кожны дзень напаўняцца сонечным святлом. Думаецца, прафесія журналіста прывабная найперш вось такімі знаёмствамі з людзьмі, якія пасяляюцца ў памяці і ў сэрцы назаўжды. Едучы ў Крулеўшчыну да спадароў Лабзовых па дамове найбольш на дваццаць хвілін, яшчэ не ведалі, што хвіліны тыя расцягнуцца на гадзіны – і яны праляцяць непрыкметна, і іх усё роўна будзе катастрафічна мала для стварэння “поўнага партрэту” нашых герояў.

Дачулася пра Наталлю Лабзову як пра адметную майстрыху-вязальшчыцу. А пазнаёмілася з ёй і яе мужам Сяргеем Валянцінавічам – і ці не ўпершыню за час работы ў рэдакцыі разгубілася: як пісаць, на чым расстаўляць акцэнты? У гэтай сямейнай пары адкрылася безліч талентаў. А калі ўлічыць, што памножаны яны на велізарную працавітасць, дык вынік, як гаворыцца, у наяўнасці. Па-першае, гэта цудоўны дом, які калісьці атрымалі ў сельгаспрадпрыемстве ў выглядзе “голай” каробкі.

Іх светлы дом

– Усё, што ў ім на сённяшні час зроблена, да самых малых драбніц, – гэта ў большасці праца майго Сярожкі, – з любоўю і гонарам канстатуе Наталля Іванаўна і тут жа звонка смяецца: – А я – як гэта ў хіміі? – каталізатар працэсу, ну і дамарошчаны дызайнер. Задумаю што-небудзь і насядаю на мужа са сваімі ідэямі. Ён традыцыйна бунтуе, упіраецца, а затым усё ж бярэцца за справу і так ёю загараецца, што атрымліваецца нават лепш, чым мне ўяўлялася.

Забягаючы наперад, скажу, што Наталля Іванаўна незвычайна светлы і пазітыўны чалавек, і гэта ўнутранае святло знаходзіць выхад і ў дызайне дома: ніводнага цёмнага колеру ні ў адной рэчы. Любімыя колеры гаспадыні – светла-блакітны, белы, светла-бэжавы, яны і з’яўляюцца галоўнымі ў інтэр’еры, ды і ў адзенні мая гераіня аддае ім перавагу. Адчуванне такое, што цябе акружаюць блакітныя нябёсы з лёгкімі белымі воблачкамі, і, ведаеце, у гэтым акружэнні неяк вельмі ўтульна і… узнёсла, ці што? Творчая фантазія гаспадароў праглядваецца ва ўсіх дэталях: афармленні столі, сцен, размяшчэнні мэблі, дробных акцэнтах. Тут ужо і Наталля падключаецца. Напрыклад, у спальні кінулася ў вочы велізарная падлогавая ваза ў выглядзе грэчаскай амфары з пап’е-машэ з такімі ж па памеры кветкамі ў ёй – Наташына работа. А ў вітальні – шыкоўная пазалочаная рама, што абрамляе люстэрка. “Мусіць, па кіло макароны ды грэчкі на яе пайшло”, – зноў жа заліваецца смехам гаспадыня.

“Дабіў” жа Сяргей Валянцінавіч, калі распавядаць канкрэтна пра яго будаўнічы талент (і тут мяне зразумеюць многія жанчыны), тым, што абсталяваў у доме гардэробны пакой! Як жа гэта цудоўна, калі заходзіш – і ўсё ў цябе навідавоку, развешанае, расстаўленае па паліцах, раскладзенае па шуфлядачках і спецыяльных кантэйнерах. Так гэта зручна і ў дадатак пазбаўляе ад нагрувашчвання розных шафаў ды камодаў. Рэспект!

Звяжа казку

У вязанні Наталля Іванаўна, несумненна, ас. Не толькі якасць, хараство, адметнасць, але і хуткасць у выкананні. Работы ж, у асноўным, не дробныя: пледы, сукенкі і світары, паліто. Да ўсяго многае не вяжацца суцэльным палатном – элементы яшчэ і сшываць трэба, як, напрыклад, квадраты 3D ў прыгажэнным пледзе. А якой віртуознасці патрабуе скандынаўскае вязанне – ад паліто, кофтачак і кардыганаў, выкананых у гэтай тэхніцы, вачэй не адвесці, і з моды яны не выходзяць ніколі. Рукам майстрыхі падуладныя і пруткі, і шыдэлак, ды і вязальную машыну, кажа, асвоіла яшчэ ў дзевяностыя, калі трэба было выжываць, а заказы на вязаныя рэчы прыходзіліся, даруйце за ігру слоў, вельмі дарэчы. Наталля Іванаўна ахвотна дэманструе фрагменты будучага жакета для сябе і паліто для дачушкі Людмілы – ужо бачна, што гэта будуць эксклюзіўныя і шыкоўныя вырабы.

Гаспадарка

Думаеце, у спадароў Лабзовых, якім ужо за… (лічбу называць не стану, бо не адпавядае яна ні аднаму, ні другому з іх маладым задорам), звычайныя агарод, кветнік ды пара кабанчыкаў з дзясяткам курэй у хляве? Як бы не так! А чатыры каровы ды сямнаццаць з паловай гектараў зямлі не хацелі?

– Што там чатыры – дзевяць было, гэта цяпер крыху абароты збавілі, – прызнаецца гаспадар, на якога, зразумела, ускладзены асноўны клопат па забеспячэнні рагуль кармамі і стварэнні належных умоў іх утрымання. На тое ёсць уся неабходная тэхніка – трактар з агрэгатамі, даільны аппарат.

Па-першае, крулеўшчынскія гаспадары – і гэта дастойна вялікай павагі – усе немалыя лішкі малака здаюць дзяржаве, па-другое, цалкам забяспечваюць сябе большасцю неабходных прадуктаў харчавання, зразумела, экалагічна чыстых (мяса, яйкі, гародніна ў іх таксама свае), маюць ад сваей нялёгкай працы дадатковы прыбытак. А па-трэцяе, свежыя масла, смятанка ды яйкі ў гаспадыні моцна запатрабаваны, бо яна да ўсяго яшчэ пячэ…

Шэдэўральныя торты

Наталля Іванаўна кандытар па прафесіі, але, кажа, не лёс быў у ёй рэалізавацца. Дзе толькі за жыццё папрацаваць не давялося, а найбліжэйшае да атрыманай спецыяльнасці – поварам на торфабрыкетным заводзе і ў «Чайной», што працавала калісь у Крулеўшчыне і карысталася вялікай папулярнасцю ў мясцовых жыхароў і прыезджых. Сяргей Валянцінавіч запэўнівае, што жонка смачна гатуе ўсё, і сумнявацца ў гэтым не прыходзіцца.

Тортамі яго палова занялася не так даўно, і нам пашчасціла назіраць, як умеліца надае свайму чарговаму вырабу апошнія штрыхі. Мне, “чайніку” ўзроўню манніка, “Графскіх развалін” ды “Прагі”, яе дзеянні здаваліся нейкай магіяй. Пачынала Наталля Іванаўна пячы свае кулінарныя шэдэўры для родных ды сяброў, кажа, набіла руку і стала рабіць гэта ўжо на заказ – аформіла свой “салодкі” занятак як рамяство. Дык адбою ж ад тых заказаў няма не толькі ў нашым, але і ў суседніх раёнах! І ніводнага разу адметная кулінарка не паўтарылася – кожны торт унікальны як па смаку, так і па афармленні. А для творчых “прычындалаў” на яе ўтульнай кухні адведзена цэлая шафа ад столі да падлогі – любая справа патрабуе грунтоўнай асновы.

288048103_1337519756772866_5345302803253065654_n 128757333_187500453023152_34953980424457864_n

386379474_327048333173969_2374864095816365743_n332243610_465147842386814_4962505808757619720_n

393565269_870703418105983_1631048453769014013_n

 

Напрыканцы

Сужэнцы Лабзовы да ўсяго людзі сціплыя і пра свае таленты распавядаюць як пра нешта зусім звычайнае. Пра тое ж, як усюды дзіўным чынам паспяваюць і бясконца развіваюцца, кажуць: “За любую работу бяромся з радасцю”. Ці ж толькі ў гэтым сакрэт? Вядома, не. У іх доме жыве яшчэ і моцнае каханне, пранесенае праз дзесяцігоддзі. Пра яго амаль не гаварылі. Навошта? Усё і так бачна. Здароўя вам, мілыя людзі! Усё астатняе вы здольныя стварыць самі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *