Лучших сотрудников наградили в Докшицком районном отделе внутренних дел
Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць праваахоўнікі – людзі, якія бездакорна служаць Радзіме, паспяхова выконваюць пастаўленыя задачы,валодаюць лепшымі якасцямі вартаўнікоў правапарадку – дысцыплінаванасцю, адвагай, патрыятызмам.
Напярэдадні свята ў райаддзеле міліцыі адбылася ўрачыстасць, падчас якой былі ўшанаваны лепшыя супрацоўнікі РАУС. Нагрудны знак адрознення УУС Віцебскага аблвыканкама ўручаны ўчастковаму інспектару РАУС лейтэнанту міліцыі Максіму Рацьковічу. Ганаровай граматай УУС Віцебскага аблвыканкама ўзнагароджаны начальнік АДАІ РАУС маёр міліцыі Дзмітрый Дамаскін, Граматай – намеснік начальніка ААПП РАУС маёр міліцыі Дзмітрый Спічонак, Падзякай абласнога ўпраўлення адзначана праца оперупаўнаважанага аддзялення крымінальнага вышуку РАУС капітана міліцыі Міхаіла Згірскага і спецыяліста групы па грамадзянстве і міграцыі Веранікі Мадзяла.
Сярод узнагароджаных і ветэран працы Аляксандр Кучыц, якому ўручаны медаль “За заслугі”. З 1995 па 2016 гады Аляксандр Іванавіч працаваў участковым інспектарам. Па выслузе гадоў пайшоў на заслужаны адпачынак. Зараз з’яўляецца загадчыкам Параф’янаўскага СДК, прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці раёна.
З Днём міліцыі калег і былых супрацоўнікаў павіншаваў начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Сяргей Каралевіч.
– З упэўненасцю магу сказаць, што дасягнуць высокіх вынікаў у 2023 годзе нам удалося дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх службаў аддзела, – сказаў Сяргей Мікалаевіч. – Колькасць злачынстваў значна зменшылася. Сёлета, напрыклад, на тэрыторыі раёна не зарэгістравана ніводнага крадзяжу. Разам з тым назіраецца рост колькасці кібермахлярства. Асноўны акцэнт у гэтай рабоце робім на прафілактыку, у прыватнасці, развіваем лічбавую граматнасць у насельніцтва. У гэтым нам актыўна дапамагаюць суб’екты прафілактыкі, якія вучаць, як не стаць ахвярай кібераў, у першую чаргу пенсіянераў.
Прыемна, што па выніках мінулага года наш аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі пад кіраўніцтвам падпалкоўніка міліцыі Юрыя Піменава заняў першае месца ў вобласці.
У дзень прафесійнага свята выказваю словы падзякі шаноўным ветэранам, якія дапамагаюць выхоўваць маладых супрацоўнікаў, перадаюць ім багаты вопыт і лепшыя традыцыі службы. Перад моладдзю стаіць галоўная задача – стаць надзейным шчытом у барацьбе са злачыннасцю і апраўдаць давер грамадзян.
Паважаныя калегі, ветэраны міліцыі! Прыміце самыя шчырыя віншаванні і ўдзячнасць за вернасць доўгу, Айчыне і Прысязе. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў у службе на карысць грамадзян і дзяржавы.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара і з Тэлеграм-канала «БРСМ Докшиччины».