65-летие совместной жизни отпраздновали супруги Шилько из деревни Болтромеевцы Докшицкого района

img_1979-s

У ЛЮТЫМ 65-ГОДДЗЕ СУМЕСНАГА ЖЫЦЦЯ АДСВЯТКАВАЛІ ВІКЕНЦІЙ І ІРЫНА ШЫЛЬКО З В. БАЛТРАМЕЕЎЦЫ ПАРАФ’ЯНАЎСКАГА СЕЛЬСАВЕТА.

У адзін з выхадных дзён апошняга зімовага месяца віншаванні з жалезным вяселлем сужэнцы прымалі не толькі ад дзяцей, унукаў і праўнукаў. З цёплымі пажаданнямі да юбіляраў завітаў старшыня сельскага Савета дэпутатаў Валерый Навумчык. Прыемным сюрпрызам стаў і музычны падарунак ад артыстаў Параф’янаўскага СДК.

Пакуль апошнія выконвалі некалькі святочных песень, паспелі пазнаёміцца з віноўнікамі ўрачыстасці. Вікенцій Баляслававіч і Ірына Іванаўна – асобы даволі вядомыя ў мясцовым сельсавеце: яна колькі гадоў дастаўляла ў бліжэйшыя вёскі пошту, ён – адзін з лепшых вадзіцеляў калгаса “Прагрэс”, перадавік вытворчасці, які за адданасць сваёй прафесіі мае стос узнагарод.

Ірына Іванаўна родам з Грынеўшчыны, а Вікенцій Баляслававіч – з вёскі Глушка, якая колісь была ў гэтай мясцовасці.

– Гэта я яго панравіла, – усміхнуўшыся, расказвала бабуля. – Ён служыў у арміі і неяк даслаў адной з маіх сябровак фотаздымак. Прыгожы юнак усім спадабаўся. А пасля службы сустрэліся ў полі, на сельгасработах. Я выпадкова пакінула на машыне рукавіцы, якія ён звёз. Вось так лёс і звёў. Пажаніліся ў лютым 1959 года. Пяцярых дзетак нарадзілі. Без гора, мусіць, не пражыць: дваіх ужо няма на гэтым свеце. А сёння вось сямёра ўнукаў у госці завіталі ды двое праўнучкаў. Жыццё працягваецца. Гэта і радуе. Што яшчэ нам трэба? Самы найлепшы для нас падарунак – гэта шчаслівыя вочы нашых крывінак. Не забываюцца пра нас. Спяшаюцца кожныя выхадныя ў Балтрамееўцы. Дом вялікі – усім месца хапае. А летам найлепшы адпачынак дзе? Канечне ж на роднай старонцы. Радуемся, што навучылі дзяцей і ўнукаў берагчы адносіны адзін да аднаго, жыць у згодзе і любові, паважаць выбар кожнага, быць шчырымі і добрымі.

“Бабушка рядышком с дедушкой столько лет, столько лет вместе! Бабушка рядышком с дедушкой снова жених и невеста!” – дружна падпявала параф’янаўскім артыстам вялікая сям’я Шылько. І гэта адзінства ці не найлепшы падарунак сямейнай пары, за плячамі якой дзесяцігоддзі сумеснага жыцця.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *