Услугу персонального ассистента предлагает Докшицкий ТЦСОН

img-621aff15974f86090282791d049e9fab-v

У краме адзення ў райцэнтры звярнула ўвагу на дзвюх жанчын. Адна выбірала рэчы, а другая дапамагала ёй парадамі ў зале і потым у прымерачнай. Здавалася б, што тут такога, сяброўкі на шопінгу. Аднак, як высветлілася, гэта былі жанчына з інваліднасцю і персанальны асістэнт ТЦСАН, якая дапамагала ў такой будзённай для большасці справе – набыцці адзення. Сапраўды, звыклыя для большасці рэчы – набыццё тавараў, карыстанне банкаматам ці візіт да цырульніка – часам становяцца сапраўдным іспытам для людзей, магчымасці якіх абмежаваны паказаннямі здароўя. Выдатна, што ў такім разе сацыяльная служба прапаноўвае скарыстацца паслугай персанальнага асістэнта. Падрабязней пра яе расказвае загадчык аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Таццяна Баравікова:

– Яшчэ ў мінулым годзе ў заканадаўстве ў сферы жыццезабеспячэння інвалідаў адбыліся змены, дзякуючы якім з’явіўся новы від сацыяльнай паслугі – персанальны асістэнт. Новая паслуга прадугледжвае аказанне дапамогі інвалідам у арганізацыі і ажыццяўленні самастойнай і незалежнай жыццядзейнасці, садзейнічае засваенню навыкаў самаабслугоўвання. Прасцей кажучы, гэта дапамога ў планаванні і арганізацыі побыту, прыняцці рашэнняў у розных жыццёвых сітуацыях, наладжванні сувязей з людзьмі і іншае. Напрыклад, асістэнт можа арганізаваць вольны час, суправаджаць падчас прагулак, канцэртаў, выстаў, іншых мерапрыемстваў, а таксама дапамагчы выклікаць урача, інфармаваць сваякоў пра стан здароўя. У Докшыцкім ТЦСАН новай паслугай карыстаюцца дзевяць інвалідаў.

Паслуга персанальнага асістэнта аказваецца не ўсім інвалідам, а толькі на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі і абілітацыі ці заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі.

Скарыстацца ёй не змогуць інваліды, якіх даглядаюць асобы, якія атрымліваюць дапамогу па доглядзе за інвалідам І групы, або асобы, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту.

Для атрымання дадзенай сацыяльнай паслугі неабходна прадаставіць дакумент, які сведчыць асобу, дакумент устаноўленага ўзору аб праве на льготы (пасведчанне інваліда), праграму рэабілітацыі, абілітацыі інваліда або заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі і пісьмовую заяву.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па нумары 5-75-60.

Паслуга даецца інвалідам з парушэннямі апорна-рухальнага апарата, зроку, з інтэлектуальнымі парушэннямі, адпаведнымі функцыянальнаму класу (ФК) 4, і (ці) умераным ці выяўленым абмежаваннем здольнасці кантраляваць свае паводзіны, што адпавядае ФК 2 ці ФК 3 (інваліды пражываюць сумесна з працаздольнымі сваякамі, абавязанымі іх утрымліваць па законе), – пры патрэбе да 20 гадзін у месяц.
Для інвалідаў, якія жывуць асобна ад працаздольных сваякоў, абавязаных па законе іх утрымліваць, і адзінокіх інвалідаў, якія маюць абмежаванне жыццядзейнасці (здольнасці да самастойнага перамяшчэння і (ці) здольнасці да арыентацыі), адпаведнае ФК 4, – пры патрэбе да 40 гадзін у месяц, а для тых, хто мае абмежаванне жыццядзейнасці (здольнасці кантраляваць свае паводзіны), адпаведнае ФК 2 ці ФК 3, – пры патрэбе да 60 гадзін у месяц.

Яўгенія МАЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *