В Докшицах приступили к наведению порядка после зимы. Масштабы работы немалые
За чысціню ў горадзе
Сёлетняя вясна прыйшла вельмі рана – у лютым. Хаця не выключана, што зіма яшчэ праявіць сябе ў сакавіку ці красавіку, як гэта ўжо было не раз. З прыходам жа цеплыні людскому воку адкрываецца тое, што доўгі час хавалася пад снегам, – смецце.
Рэдакцыя вырашыла праехацца па некаторых вуліцах райцэнтра, каб паглядзець, наколькі вялікія маштабы ўборкі. Падставай для гэтага, у тым ліку, паслужыў зварот нашага земляка, які даслаў паведамленне ў тэлеграм-бот @dokshitsyby_bot. Малады чалавек абураўся беспарадкам каля былой крамы “Удобный” на вуліцы Палявой. З дасланага: “Галлё, бутэлькі, пачкі ад цыгарэт, іншае смецце…”.
На наступны дзень, у чацвер, неадкладна адправіліся туды. На месцы якраз заспелі трох жанчын з мётламі, пакетамі для смецця і іншым гаспадарчым інвентаром. Гэта работніцы Докшыцкага філіяла аблспажыўтаварыства наводзілі чысціню. Дарэчы, на ўборку сваіх тэрыторый кааператары выйшлі дружна. Працавалі каля адміністрацыйнага будынка, рэстарана “Беразіна”, кафэ “Александрыя”, універмага, а таксама на вуліцы Маякоўскага – каля аўтабазы і складскіх памяшканняў. Работнікі іншых арганізацый і ўстаноў таксама прыбіраліся на сваіх тэрыторыях, а яшчэ на гарадскіх вуліцах. У асноўным, змяталі пясок каля бардзюраў.
Але пакуль радавацца таму, што горад чысцее, рана. Напрыклад, у прыдарожнай канаве на вуліцы Піянерскай заўважылі вялікую колькасць бутэлек. Адны, як караблікі, плылі па цячэнні, другія “ўраслі” ў пясчанае дно. У парку на гэтай жа вуліцы з года ў год сітуацыя не мяняецца. Кругом усё ўсыпана пластыкам і шклом. Альтанкі, якія камунальнікі перыядычна рамантуюць пасля злосных дзеянняў вандалаў, ператварыліся ў сапраўдны сметнік. Магчыма, сітуацыю дапамагло б выправіць устаноўленае відэаназіранне!
Непрывабную карціну ад шматлікага смецця ўяўляла тэрыторыя вакол крамы “Ілаўскае”, дакладней, за самім аб’ектам. Пабітае шкло, кардонныя пачкі ад вінных напояў… А побач жа ўстаноўлены кантэйнер для бытавых адходаў. Чамусьці ён быў зачынены на замок і, як нам падалося, пусты.
У лесапаркавай зоне (Чыстаполле), куды гараджане любяць прыйсці, каб прагуляцца і падыхаць водарам хваёвых дрэў, карціна тая ж. Бутэлькі, упакоўкі ад розных прысмакаў.
Навядзенне парадку ў родным горадзе – гэта клопат не толькі работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але і замацаваных арганізацый, і саміх жыхароў. Таму трэба актыўней далучацца да справы, каб паказаць, што мы сапраўдныя гаспадары.