Именем лётчика Василия Фролова названа улица в деревне Домашковичи
Адна з вуліц вёскі Дамашкавічы носіць імя лётчыка Васілія Фралова, які загінуў там у пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Як расказвалі мясцовыя жыхары, самалёт пад яго кіраваннем быў збіты фашыстамі 29 чэрвеня 1941 года над возерам. Яшчэ адна версія: ранены лётчык прыняў возера за вялікую пляцоўку, на якую можна было пасадзіць самалёт, і ў выніку патануў. Лётчыка пахавалі на вясковых могілках, а пазней яго астанкі перавезлі ў Бягомль і перазахавалі ў Брацкай магіле.
Бягомльскія следапыты
У 1965 годзе бягомльскія піянеры на чале з піянерважатай напісалі ліст у Магілёўскі абласны ваенны камісарыят з просьбай даслаць фотаздымак Фралова і звесткі пра яго жыццёвы шлях. Камісарыят звязаў школьнікаў з жонкай Васілія Мікалаевіча Агрыпінай Логінаўнай, якая жыла ў Быхаве. Можна толькі ўявіць, як была ўзрушана ўдава, калі атрымала пісьмо з Бягомля! Аказваецца, у ваенны час Міністэрства абароны паведаміла жанчыне, што яе муж прапаў без вестак у раёне Маладзечна – Валожына, а пра Дамашкавічы яна чула ўпершыню! “І вось я атрымліваю ліст, у якім вы падрабязна малюеце карціну яго гібелі, і перада мной паўстае ўвесь жах вайны…” – усхвалявана пісала яна ў адказ.
Агрыпіна Логінаўна змагла даслаць юным следапытам толькі фотаздымак свайго мужа, бо ўсе дакументы згарэлі ў іх смаленскай кватэры, з якой яна была эвакуіравана. “Усё, што ведаю пра яго, будзе дапоўнена па прыездзе, – пісала жанчына. – А прыеду я абавязкова на святкаванне 20-годдзя вызвалення. Са мной прыедзе яго сястра Аляксандра Мікалаеўна і дачка Ала Васільеўна, яны таксама хочуць ушанаваць памяць бацькі і брата…”
Што стала вядома пра героя?
Васілій Мікалаевіч Фралоў нарадзіўся ў 1916 годзе ў вёсцы Паўлаўка Кальчугінскага раёна Уладзімірскай вобласці.
У трохгадовым узросце застаўся без бацькі. Скончыў сем класаў у роднай вёсцы, а потым паехаў у Кальчугіна, дзе ўладкаваўся на завод. Калегі абралі яго сакратаром завадской камсамольскай арганізацыі. У вольны час Васілій наведваў аэраклуб і працаваў у школе важатым піянерскага атрада.
У 1933 годзе паступіў у лётнае вучылішча, якое паспяхова закончыў у 1935 годзе. Пасля служыў у Быхаве.
Калі пачалася фінская вайна, ён у першых радах пайшоў на абарону Радзімы. У адным з баёў самалёт быў падбіты, але Васілій паспеў выскачыць з парашутам.
Перад самай Вялікай Айчыннай вайной Васілій Мікалаевіч разам са сваёй сям’ёй жыў у авіягарнізоне ў Смаленску. Займаў пасаду намесніка камандзіра эскадрыллі 215 хуткаснага бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка.
Старшы лейтэнант Фралоў загінуў пры выкананні баявога задання.
Не прапаў без вестак
“Дарагія рабяты! – звярталася напрыканцы свайго паслання да бягомльскіх піянераў Агрыпіна Фралова. – Вялікі вам дзякуй, што шануеце памяць пра тых, хто загінуў за шчасце жыць і працаваць на славу нашай Вялікай Радзімы. Жадаю вам добра вучыцца, моцнага здароўя, вялікага светлага шляху. Яшчэ раз шчыра дзякую…” І дата: 19 красавіка 1965 года.
Так патрыятычны пасыл юных бегамльчан перавярнуў свет сям’і Фраловых, якія дваццаць чатыры гады жылі ў няведанні пра апошні прытулак свайго любага чалавека, адданага абаронцы Айчыны. Не ўявіць, як чакалі яго жонка, сястра, дачка, як, спадзяваліся, што суровае “прапаў без вестак” магло быць памылкай. Можа, выжыў? Можа, вернецца? Няма нічога больш пакутлівага, чым жыць пустымі спадзяваннямі. І тут – як гром з нябёс: іх лётчык проста так не знік. Памяць пра яго, як і пра іншых ахвяр і воінаў Вялікай Айчыннай, жыве ў сэрцах дакшычан. Ля магілы ў Бягомлі – вянкі і жывыя кветкі. Тут праходзяць мітынгі з удзелам прадстаўнікоў розных пакаленняў. І здорава, што пры гэтым заўсёды шмат дзяцей. На іх надзея, што захаваюць гістарычную памяць, што не дадуць новым ворагам патаптацца па нашай балючай праўдзе.
Нашы пошукі
Дык ці прыязджаюць нашчадкі лётчыка Фралова ў Бягомль да Брацкай магілы, каб аддаць даніну памяці свайму герою? На жаль, ні ў СМІ, ні ад музейных работнікаў – сённяшніх і былых – даведацца пра іх візіты не ўдалося. Тады мы патэлефанавалі ў Быхаўскі ваенкамат, супрацоўнікі якога маглі толькі падказаць, каму цяпер належыць дом № 33 на вул. Калініна ў г. Быхаве, дзе калісьці жыла Агрыпіна Фралова. Цяперашняя ўласніца Зоя Мамчанкава сама з Урала і купіла гэтае жыллё гадоў трыццаць пяць таму, але не ў Фраловых. Яе блізкія суседзі таксама не ведалі Агрыпіну Логінаўну. І работнікі Быхаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, куды мы накіравалі хадайніцтва, не адшукалі ніякай інфармацыі пра лётчыка і яго сям’ю. Магчыма, пасля выхаду публікацыі нашы чытачы і быхаўскія паплечнікі з цягам часу і выведуць на сваякоў Фралова. Тым больш што работнікі Быхаўскага ваенкамата шчыра прасілі даслаць гатовы артыкул. “Будзе цікава пачытаць!” – зазначылі.
“Ніхто не забыты, нішто не забыта” – гэта вядомая фраза актуальная зараз, як ніколі. Таму мы не шкадуем часу, каб знайсці хоць драбнічку новай інфармацыі і занатаваць яе ў гісторыі. Нашчадкі ў неаплатным даўгу перад змагарамі за родную зямлю.
Ніна КРУКОВІЧ.