Персональная выставка методиста-мастера Натальи Петрович открылась в Докшицах
“Рукам праца – сэрцу радасць”. Пад такой назвай у раённым Доме рамёстваў адкрылася персанальная выстава метадыста-майстра па вышыўцы і ткацтве Наталлі Пятровіч. Ганаровым госцем урачыстасці стала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч.
Наталля нарадзілася ў Докшыцах. Скончыла Мінскі вышэйшы каледж сувязі і па атрыманай спецыяльнасці працавала за 50 кіламетраў ад дому – у санаторыі “Лясное”. Калі даведалася, што ў раённым Доме рамёстваў вызвалілася месца, пайшла не раздумваючы.
– З рознымі відамі творчасці была знаёмая са школы, бо наведвала гурток “Умелыя рукі” ў раённым Доме піянераў, – успамінае Наталля. Разам з тутэйшай майстрыхай Валянцінай Гарадзёнак і шылі, і вышывалі, і вязалі. Таму, калі прызначылі майстрам па вышыўцы і ткацтве, занялася вядомай для сябе справай – вышыўкай крыжыкам. Ткацтвам авалодвала на курсах па ткацтве паясоў і вышыўцы ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, а таксама Віцебскім каледжы мастацтваў. Вельмі захапілася гэтым рамяством. З задавальненнем і вялікай цікавасцю ездзіла ў творчыя экспедыцыі па раёне, знаёмілася з вясковымі майстрыхамі, якія дзяліліся сакрэтамі ткацтва. Першай работай стаў перабіраны ручнік. За амаль трыццаць гадоў работы асвоіла вялікую колькасць тэхнік. Апошнім часам асабліва захапілася ажурным ткацтвам. А яшчэ – лапікавым шыццём. Гэту тэхніку падабаецца выкарыстоўваць у вырабе папулярных сумак – шопераў.
Сапраўды, на выставе прадстаўлена вялікая колькасць яркіх эксклюзіўных аксесуараў. Да таго ж уражваюць і захапляюць шматлікія пано і коўдры, тканыя сурвэткі і дыванкі, вышыванкі, мяккія цацкі і лялькі-берагіні.
– У рэчах, зробленых сваімі рукамі, заўсёды адчуваецца душа аўтара, – прыкмеціла Валянціна Рандарэвіч. – Вось і ад работ выставы вее цяплом, утульнасцю, домам. Выдатна, што народная творчасць адраджаецца ў такіх умелых руках. Вялікі дзякуй усім майстрам Дома рамёстваў, клуба “Докша” за талент, за тое, што даяце працяг нашым караням, вытокам – беларускай народнай творчасці.
У рамках мерапрыемства за шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўнёсак у захаванне культурнай спадчыны Наталля Пятровіч была ўзнагароджана Ганаровай граматай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Выстава будзе працаваць да 30 красавіка.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.