О десяти подопечных заботится социальный работник Нина Ковалёнок из Крулевщины

dscn4813

Усмешлівая. Прыязная. Шчырая і адкрытая. З прыемным пяшчотным гола­сам. Хуткая ў рухах. Акуратная. Гэта ўражанне першых хвілін сустрэчы з маёй гераіняй. “Працавітая, як пчолка. Лагодная, як сонейка. Клапатлівая, як маці для дзяцей. Самая лепшая!” – гэта ўжо характарыстыка Ганны Мількевіч, у кватэры якой у Крулеўшчыне мы і заспелі Ніну Кавалёнак падчас чарговага візіту.

– Ніначка такая хуткая ў працы, што проста дзіву даешся, – гаворыць далей Ганна Рыгораўна, якая, мабыць, як ніхто, адчувае ў сваёй апякунцы блізкую душу, бо практычна ўсё жыц­цё адпрацавала нянечкай у дзіцячым садзе. – Усё спорыцца ў яе руках, за гадзіну пераробіць столькі, што мне на пару дзён хапіла б. У аптэку злётае, у краму. Прытым бывае, што не адзін раз: скажам, калі свежы хлеб яшчэ не завезены, нізавошта не купіць уча­рашні з адгаворкай “а колькі ж мне разоў хадзіць?” А ўжо ж колькі ад яе душэўнай цеплыні зыходзіць – не пе­радаць. Сем месяцаў яна яшчэ толькі працуе сацработнікам, але і за гэты час для нас, сваіх бабуль і дзядулі, род­ным чалавекам стала. Кожны яе пры­ход як глыток свежага паветра.

– І я іх, маіх падапечных, усіх вельмі палюбіла, – з агеньчыкам у вачах усту­пае ў размову Ніна Іванаўна. – Адчу­ваю іх моцную маральную падтрымку, добразычлівасць, а гэта натхняе і дае сілы. Вучуся ў іх многаму. Бязмерна радуюся, калі бачу радасць у іх вачах. Думаю, што паступіла правільна, калі пайшла працаваць у сацыяльную сфе­ру.

За плячыма ў Ніны Кавалёнак трыццаць тры гады работы пры­біральшчыцай у прадуктовай краме райста. Прызнаецца, што з насталь­гіяй і цеплынёй успамінае тыя гады, маленькі дружны калектыў. У нейкай ступені сацработнікам была і там, смя­ецца, бо нярэдка прыносіла заказаныя прадукты тым пакупнікам, каму было складана прыйсці па іх самім, на дом.

Ніна Іванаўна – глыбока веруючы чалавек, вырасла ў сям’і вернікаў, у веры выхоўвала разам з мужам і сы­ноў, малодшы з якіх, Віталій, доўгі час прыслужваў айцу Віктару Гміру. Яна не заканчвала ніякіх курсаў па псіха­логіі, не чытала літаратуры па гэтай тэме, але, у прыклад іншым, шмат га­доў у павазе і згодзе пражыла разам са свякроўю і, застаўшыся ўдавой, зараз жыве разам з сям’ёй аднаго з сыноў. Кажа, не адчувае сябе там лішняй, як часта бывае, нежаданай. Наадварот, заўжды спяшаецца дадому, дзе яе ча­каюць, да любімых дзяцей і ўнукаў, разам з якімі ёй хораша і ўтульна і якім яна шчодра аддае бязмерную це­плыню свайго напоўненага любоўю сэрца.

– Мне здаецца, што найвышэй­шай праявай чалавечнасці з’яўляецца міласэрнасць, – разважае Ніна Іва­наўна. – Клапаціцца пра людзей, да­памагаць ім, часам проста выслухаць і зразумець – так важна! Мне лёгка аддаваць, бо атрымліваю пры гэтым, напэўна, яшчэ больш. Матэрыяльнае – гэта другаснае, куды важней духоўнае яднанне.

Такая вось яна, сацыяльны работ­нік Ніна Кавалёнак. Чалавек дакладна на сваім месцы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота аўтара.

 

Звярніце ўвагу

Людзям пенсіённага ўзро­сту можна звярнуцца ў ТЦСАН па аказанне сацыяльных паслуг на платнай аснове. Нагадваем, што гэта электрарамонтныя работы, паслугі па малярных работах і паклейцы шпалер, ра­монтна-будаўнічыя работы, са­цыяльна-бытавыя паслугі (апра­цоўка прысядзібнага ўчастка, пасадка, праполка, паліў; кась­ба траў з дапамогай трыме­ра; устаноўка і рамонт цяпліц, агароджы, веснічак; шчапанне і ўкладка дроў;прачыстка дыма­ходаў; пагрузка-выгрузка мэблі; нарыхтоўка сена; рамонт печаў; нарыхтоўка фруктаў і гародніны на зіму і многае іншае), рытуаль­ныя паслугі (догляд месцаў заха­вання), паліграфічныя паслугі.

Падаць заяўкі, а таксама атрымаць больш падрабязную ін­фармацыю пра кошт і віды паслуг можна па тэлефонах: 5-99-08, 5-99-10.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *