Передовиков Докшицкого района из ОАО «Торгуны» и ОАО «Докшицкий райагросервис» поздравили и наградили ценными подарками
Жніво – не проста праца, а яшчэ і свята. Збожжавая ніва збірае масу людзей. І не абы якіх! Лепшых. Толькі тым, хто дбайна і адказна ставіцца да ўборкі хлеба, давяраюць камбайн, машыну, пульт кіравання ачышчальна-сушыльнай гаспадаркі.
А таму і перадавых сярод іх вызначыць складана, хаця кожны год распрацоўваюць умовы спаборніцтва, арганізоўваюць рабочы працэс так, каб была магчымасць тым якасна працаваць, а пры неабходнасці з іх і спытаць.
Прыкладна так гаварыў старшыня райвыканкама Алег Пінчук на полі ў райаграсэрвісе і “Таргунах”. Першых пераможцаў спаборніцтва, нягледзячы на сваю занятасць, Алег Леанідавіч выказаў жаданне павіншаваць сам.
Разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Іванам Грыцкевічам ён наведаў шэраг аб’ектаў, дзе ішло жніво і дапрацоўвалася зерне на захоўванне.
У Докшыцах пасля палудня прайшоў касы дождж з градам, але за межамі райцэнтра было суха: ні кропелькі не вылілася яго на збожжавыя нівы. Шумелі жытнёвыя каласы, цёрліся адзін аб другі, паслухмяна хіліліся пад жняярку. Спакойна стаяла хлебнае мора, падзеленае на загоны для камбайнаў.
І калі вадзіцель ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Вячаслаў Несцяровіч адразу выйшаў з “МАЗа”, каб павітацца з гасцямі, то экіпажы камбайнераў: заслужанага, вопытнага Уладзіміра Лаўцэвіча і шчырага, маладога Віктара Судніка ніяк не маглі адарвацца ад работы.
Алег Леанідавіч усміхнуўся:
– Спаборніцтва працягваецца. Дапамажы, Божа, малому Судніку. Хай Лаўцэвіч адчуе, што ёсць каму наступіць на пяткі.
Вынікі працы першай пяцідзёнкі радуюць старшыню райвыканкама, кіраўніцтва і спецыялістаў акцыянернага таварыства. Кожны гектар дае на круг па 28,6 цэнтнера. На зерняток даставілі 4854 тоны збожжа. Работа кіпіць кругласутачна.
Старшыня райвыканкама вітае пераможцаў: камбайнераў Уладзіміра Лаўцэвіча з памочнікам Уладзімірам Вахавічам і Віктара Судніка з Сяргеем Калягам, а таксама вадзіцеля Вячаслава Несцяронка, які заняў на перавозцы зерня другое месца ў раёне.
Іх сумленная праца з той хвіліны будзе бачна многім. Чырвоны вымпел, які атрымалі пераможцы, будзе развявацца над кабінамі камбайна, машыны. Дамоў прынясуць члены экіпажаў дыпломы і памятныя падарункі.
– Хлопцы, жадаю вам спрыяльнага надвор’я і добрага здароўя, а за намі – паліва, харчаванне і надзейная тэхніка, – далучыўся да віншаванняў Мікалай Шульгат.
– Каб выйсці ў пераможцы рабочым, папрацаваць трэба спецыялістам, – гаворыць Алег Леанідавіч. – На пустым полі зерне не нажнеш, на малааб’ёмнай, няспраўнай машыне многа не перавязеш. Ды і дасушыць, ачысціць не атрымаецца, калі не маеш магутнага комплексу. Таму дзякую ўсім: дырэктарам, галоўным аграномам… Успамінаю момант, калі ў вобласці прапанавалі аддаць навейшы ачышчальна-сушыльны комплекс таму, хто першы ўзвядзе пад яго фундамент. Тулоўскі тут маху не даў, а таму прыйшла сушылка ў наш раён, у ААТ “Таргуны”. Лішняй не стала. На ёй даводзяць да ладу большую колькасць намалочанага.
Нездарма ў перадавікі першай пяцідзёнкі выйшлі аператары з “Таргуноў”: Мікалай Аўтушка, Вадзім Грыгор’еў, Аляксандр Маскалёнак і Аляксей Тулоўскі. Чырвоны вымпел, як сімвал перамогі, кожны ўбачыць здалёк, бо замацаваны ён на самай высокай кропцы сушылкі.
У гэты ж дзень ля Несцераўшчыны старшыня райвыканкама віншаваў камбайнера Вячаслава Аніковіча. Ён сёння на першым месцы ў раёне. Быў узнагароджаны і вадзіцель ААТ “Барсучанка” Іван Аляхновіч, які заняў ганаровае трэцяе месца.
Мы з цікавасцю сочым за тым, як будзе разгортвацца далей спаборніцтва на жніве. Сваіх герояў раён павінен ведаць.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.