Маршал Советского Союза, дважды Герой Советского Союза и Герой Социалистического Труда Климент Ворошилов
Клімент Варашылаў – расійскі рэвалюцыянер, дзяржаўны і ваенны дзеяч, адзін з першых Маршалаў Савецкага Саюза, двойчы Герой Савецкага Саюза і Герой Сацыялістычнай Працы. Яго імя носяць плошчы і вуліцы многіх гарадоў і пасёлкаў. У іх ліку і адна з вуліц г.п. Бягомль.
Нарадзіўся Клімент Яфрэмавіч у 1881 г. у Бахмуцкім павеце Кацярынаслаўскай губерні Расійскай імперыі (цяпер – Луганшчына).
Да 1917-га займаўся рэвалюцыйнай дзейнасцю, за што яго неаднаразова арыштоўвалі і адпраўлялі ў ссылкі.
У лістападзе 1917 г. стаў камісарам Петраградскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. У кастрычніку – снежні 1918-га камандаваў 10-й арміяй. Са студзеня 1919 г. – наркам унутраных спраў Украіны.
У чэрвені – ліпені 1919 г. камандаваў 14-й арміяй і ўнутраным Украінскім фронтам, які дзейнічаў супраць украінскіх нацыянальных атрадаў.
У 1925–1934 гг. – наркам па ваенных і марскіх справах і старшыня Рэўваенсавета СССР. У 1934–1940-х – наркам абароны СССР.
У 1940 г., пасля Савецка-фінскай вайны, Варашылаў атрымаў пасады намесніка старшыні Савета народных камісараў СССР і старшыні Камітэта абароны пры СНК.
У Вялікую Айчынную вайну маршал з’яўляўся членам Дзяржаўнага камітэта абароны, галоўнакамандуючым войскамі і партызанскім рухам. У студзені 1943 г. каардынаваў дзеянні войскаў Ленінградскага і Волхаўскага франтоў пры прарыве блакады Ленінграда. У снежні 1943 г. накіраваны ў асобную Прыморскую армію для ўдзелу ў распрацоўцы плана аперацыі па вызваленні Крыма і арганізацыі ўзаемадзеяння сухапутных войскаў з флотам.
У сакавіку 1953 г. – старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
У 1960-я гг. Клімент Варашылаў адышоў ад палітычнай дзейнасці. Не стала яго 2 снежня 1969 г.
Клімент Яфрэмавіч быў узнагароджаны 8 ордэнамі Леніна, 6 ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава 1-й ступені, іншымі ордэнамі і медалямі.