Военных медиков без преувеличения можно назвать героями…
Цяжка пераацаніць ролю савецкіх медыкаў у Вялікай Перамозе над фашысцкай Германіяй. Гэта дзякуючы іх прафесіяналізму і мужнасці ў строй вярталіся раненыя і хворыя байцы, набліжаючы час вызвалення.
Сістэма аховы здароўя была перабудавана на ваенны лад з самага пачатку акупацыі. Разгарнулася сетка медыцынскіх устаноў для абслугоўвання арміі, фарміраваліся эвакуацыйныя шпіталі.
У пачатку 1943 года ў Беларускім штабе партызанскага руху быў створаны паўнавартасны санітарны аддзел. Па 20 чэрвеня 1944-га са штаба было накіравана ў партызанскія атрады і злучэнні каля 45 тон медмаёмасці.
У Віцебскай вобласці мелі свае шпіталі брыгады “Аляксея”, 1-я ім. К.С. Заслонава, ім. Чапаева. У Дрысенскім, часткова Расонскім і Асвейскім раёнах быў разгорнуты міжбрыгадны партызанскі шпіталь.
Вядома сваёй арганізаванасцю санітарная служба брыгады “Жалязняк” пад кіраўніцтвам доктара Васіля Ляшчынскага. Дзякуючы яго ініцыятыве ў раёне вёскі Саўскі Бор быў створаны вялікі лясны партызанскі шпіталь з зямлянкамі, а пазней і падземны шпіталь. Усяго ў падпарадкаванні начальніка службы знаходзіліся асноўны і запасны шпіталі, тры рухомыя, у тым ліку адзін з іх пры аэрадроме.
Ваенных медыкаў без перабольшвання можна назваць героямі. Іх подзвіг – у ахвяраванні сабой дзеля іншых. Як прыклад – ураджэнка Полаччыны, Герой Савецкага Саюза Зінаіда Тусналобава-Марчанка, якая за восем месяцаў на фронце вынесла з поля бою больш за 120 салдат і афіцэраў. У 1943 годзе ў Курскай вобласці была цяжка паранена, абмарожана, у выніку чаго пазбавілася рук і ног.
Важнае значэнне мела медыцынская дапамога, якая аказвалася ў ваенны час і грамадзянскаму насельніцтву.
Паводле статыстыкі, на фронце і ў тыле працавала больш за 200 тысяч урачоў, паўмільёна сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Загінулі або прапалі без вестак 85 тысяч медыкаў, сярод якіх 5 тысяч урачоў, 9 тысяч сярэдніх медработнікаў, 71 тысяча санітарных інструктараў і санітараў.
Ніна КРУКОВІЧ.