Участники ХІІI Фестиваля православной молодежи встретились в Спасо-Преображенской церкви в агрогородке Порплище
Раніцай у нядзелю моладзь сабралася каля царквы Праабражэння Гасподняга ў Порплішчы, дзе разам з прыхаджанамі сустракала святыні – ікону і копію напрастольнага крыжа святой Еўфрасінні Полацкай. Як і ў мінулым годзе, рэліквіі даставілі са Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, заснаванага князёўнай. У гонар прападобнай быў адслужаны малебен з акафістам на распеў з сёстрамі Полацкага манастыра.
Намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна падзякавала сёстрам за тое, што другі год запар дазваляюць нашай моладзі дакрануцца да святынь Еўфрасінні Полацкай, і адзначыла: “Зараз у гісторыі краіны настаў спрыяльны час, калі мэты праваслаўнай царквы і грамадства супадаюць: выхаваць высокамаральных патрыётаў веры і краіны. Фестываль дазваляе аб’яднаць маладых людзей, дапамагае ім вырасці духоўна, умацаваць сваю веру. Нізкі паклон арганізатарам і гасцям злёту”.
“Манастыр – гэта свяцільня на зямлі, дзе вучаць духоўнасці. Таму падобныя падзеі і сустрэчы – сапраўднае свята для моладзі і прыхаджан”, – дадаў протаіерэй Віктар Гмір.
Духоўна-культурную нядзельную праграму працягнуў канцэрт у Парплішчанскім СДК. Сёстры манастыра разам з удзельнікамі маладзёжнага аб’яднання “Полацкае Радаванне” падрыхтавалі віртуальную экскурсію па Спаса-Праабражэнскай царкве і цікава расказалі пра фрэскі, якімі распісаны сцены святыні. У выкананні хору прагучалі песні духоўна-маральнай тэматыкі: пра дабрыню, душу, любоў і веру. Таксама гучнымі апладысментамі сустракалі хлопцы і дзяўчаты мясцовых самадзейных артыстаў. Напрыканцы ўсе разам выканалі песню “Дарогаю дабра”.
Пасля падзячнага малебну, які адслужылі протаіерэй Віктар Гмір разам з протаіерэем Пятром Іоськам і іерэем Паўлам Іоськам, святары сустрэліся з моладдзю.
Завяршыўся фестываль танцавальнай праграмай у сельскім Доме культуры. І нават дажджлівае надвор’е не сапсавала прыўзнятага, радаснага настрою.