ФОТОФАКТ: Праздник «Виват, Крулевщинский экспресс!» прошел в агрогородке
У мінулыя выхадныя Крулеўшчына адзначала двайное свята – Дзень чыгуначніка і дзень аграгарадка. І гэта зусім не дзіўна. Бо як толькі заходзіць гаворка пра адно, адразу ўзгадваецца другое, і наадварот: напэўна, ва ўспрыняцці насельніцтва Докшыцкага краю аграгарадок Крулеўшчына і чыгунка непадзельныя.
Ганаровых гасцей – старшыню Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў Валянціну Рандарэвіч, намесніка старшыні райвыканкама Сяргея Карчэўскага, старшыню Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандра Іваньковіча і жыхароў аграгарадка сустракалі ўдзельнікі выставы-конкурсу “Вагон выдатнага настрою”. Размешчаныя на тэрыторыі сельсавета арганізацыі і прадпрыемствы падрыхтавалі тэматычныя пляцоўкі і міні-праграмы з самапрэзентацыямі. Цягнік з такіх вагонаў-пляцовак прыбыў на станцыю Крулеўшчына каля Цэнтра культуры і вольнага часу, дзе пачалося ўрачыстае дзейства.
Адкрыў мерапрыемства ўзорны ансамбль барабаншчыц і мажарэтак “Step Beat” Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага. Потым вядучыя запрасілі на сцэну Валянціну Рандарэвіч. Старшыня райсавета звярнулася з прывітальным словам да прысутных, павіншавала з двайным святам работнікаў чыгункі і жыхароў Крулеўшчыны, адзначыўшы, што яны непарыўна звязаны адно з адным, пажадала ўсім міру, шчасця, дабра, цеплыні і ўтульнасці ў дамах, задавальнення ад працы і ўручыла заслужаныя ўзнагароды чыгуначнікам.
За шматгадовую і добрасумленную працу ў сферы чыгуначнага транспарту, высокі прафесіяналізм і значны асабісты ўнёсак у развіццё прадпрыемства Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны начальнік станцыі Крулеўшчына УП “Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі” Таццяна Кавалёнак і электрамеханік сувязі Полацкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Васілій Салавей. Падзяка старшыні раённага Савета дэпутатаў аб’яўлена электрамеханіку сувязі Полацкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Веры Філіповіч. Ганаровай граматай Докшыцкага райвыканкама адзначаны дзяжурны па станцыі Крулеўшчына Віктар Крупскі і брыгадзір прадпрыемстваў чыгуначнага транспарту і метрапалітэнаў 7 разраду Крулеўшчынскага ўчастка водазабеспячэння і санітарна-тэхнічных устройстваў Віцебскай дыстанцыі аб’ектаў грамадзянскага прызначэння Іван Савецкі.
Начальнік станцыі Таццяна Кавалёнак павіншавала калег з прафесійным святам і ўручыла Падзяку Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі касіру білетнаму чыгуначнай станцыі Крулеўшчына Таццяне Шарковай. Так супала, што ў суботу жанчына якраз адзначала дзень нараджэння, таму віншавальных слоў у яе адрас было сказана яшчэ больш. Падзяку прафсаюзнага камітэта Полацкай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі атрымаў электрамеханік сувязі Яўген Пашэвіч.
Узгадалі на свяце і працоўныя дынастыі, якімі славіцца сталё-
вая магістраль, – Батураў, Скробутаў, Ліпінгаў, Багданавых, Кавалёнкаў, Бардзянковых, Сіўцэвічаў, Халаевых, Грыцкевічаў, Асонаў, Курсевічаў, Крупскіх. Рэкардсменам з’яўляецца сям’я Ждановічаў – пяць яе пакаленняў прысвяцілі свае жыцці рабоце на чыгунцы, іх агульны стаж налічвае 470 (!) гадоў.
Усё яшчэ наперадзе ў самых маленькіх жыхароў аграгарадка – 12 хлопчыкаў і дзяўчынак, якіх разам з татамі і матулямі гледачы сустракалі шчырымі апладысментамі. Магчыма, хтосьці з малых стане прадаўжальнікам або пачынальнікам дынастыі чыгуначнікаў.
Старшыня Крулеўшчынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Іваньковіч павіншаваў землякоў і ўручыў Падзяку за навядзенне ўзорнага парадку на асабістым падворку Аляксандру і Таццяне Майсяёнкам, а таксама дыпломы пераможцам і ўдзельнікам выставы-конкурсу “Вагон выдатнага настрою”: калектывам філіяла Віцебскага вытворчага ўпраўлення па здабычы і перапрацоўцы торфу, Крулеўшчынскай сярэдняй школы імя І.П. Ціткова і мясцовага дзіцячага сада, аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, устаноў культуры Крулеўшчынскага сельсавета.
Пераможцы конкурсу
1 месца – чыгуначны вузел “Крулеўшчына”;
2 месца – Крулеўшчынская ўчастковая бальніца;
3 месца – склад захоўвання нафтапрадуктаў № 8
Музычныя нумары ў выкананні артыстаў Докшыцкага ГЦК і ўдзельніц калектыву барабаншчыц і мажарэтак радавалі гледачоў на працягу афіцыйна-віншавальнай часткі мерапрыемства.
Прыемны падарунак падрыхтаваў галіновы прафсаюз чыгуначнікаў: у аграгарадок завіталі салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Яны выканалі знакамітыя хіты і вядомыя сучасныя кампазіцыі. Артыстам падпявалі і дарослыя, і дзеці.
Доўга яшчэ шумела свята ў Крулеўшчыне…
Наталля ВАСЬКО.
Фота аўтара.