Коллекцию, достойную музея, собрал Виктор Иванов из Докшиц
Захавальнікам часу можна назваць дакшычаніна Віктара Іванова, калекцыя якога з’яўляецца данінай павагі таму часаваму адрэзку ў гісторыі нашай краіны, калі яна была адной з пятнаццаці рэспублік-сясцёр у складзе магутнай дзяржавы пад назвай СССР.
– Маё пакаленне адносіцца да народжаных у Савецкім Саюзе, – гаворыць Віктар Аляксандравіч. – Дзяцінства, маладыя гады, бадай, заўсёды ўспамінаюцца з цеплынёй і светлай настальгіяй, на які б час яны ні прыпадалі. А яшчэ, як бы хто ні адносіўся да той эпохі, у ёй было шмат адметнага, яркага, станоўчага, вартага пераймання. Пра мінулае гавораць не толькі летапісы, успаміны, кнігі і фільмы, а яшчэ і рэчы. Іх зборам я захапіўся ў школьныя гады, а прайшлі яны ў Полацку, дзе нарадзіўся і вырас. Канешне, на той час гэта былі больш значкі, узнагароды, розныя вымпелы, статуэткі. Пакрысе, разам з маім сталеннем, прыходзіла і асэнсаванне каштоўнасці – тут я маю на ўвазе не столькі матэрыяльную, а культурную – іншых рэчаў – бытавога ўжытку, адзення, формы, атрыбутаў… Так вось збіралася пакрысе, а, скажам так, маштабы набыло гадоў восем таму. Зараз магу ахарактарызаваць сябе як апантанага калекцыянера, у якога загараюцца вочы на ўсё тое, што ўяўляе інтарэс.
Віктар Аляксандравіч шмат гадоў аддаў працы ў ПМС, зараз – вартаўнік у Докшыцкай цэнтральнай бальніцы. Ён вельмі цікавы суразмоўца, выдатна ведае свой радавод, чым можа пахваліцца далёка не кожны. І, як, мусіць, усе калекцыянеры, гадзінамі можа расказваць пра свае экспанаты, іх гісторыю. Месцяцца набыткі збіральніка ў яго доме на гарышчы, але гэта не значыць, што яны там знаходзяцца бессістэмна, у беспарадку. Усё як належыць: і стэнды, і сталы, і палічкі, і падстаўкі. Паглядзець ёсць на што – маладзейшым атрымаць наглядныя веды пра савецкі час, старэйшым – прыгадаць яго з воклічамі: “А вось якраз такую піянерскую пілотку я насіла!”, “А ў бабулі быў такі самы патэфон”, “Я, калі служыў, насіў такую форму…”
Ёсць у “савецкім музеі” Іванова рэчы, аб’яднаныя ў асобны раздзел, што да таго часу не мае дачынення, названы ім жа самім “Царскі куток”. Адносяцца экспанаты да гадоў кіравання апошняга імператара Усерасійскага Мікалая ІІ, а гэта значыць, да канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Калекцыяй сваёй Віктар Аляксандравіч вельмі даражыць і зусім не супраць выставіць яе на ўсеагульны паказ, але не мае для гэтага памяшкання. Можа, з часам мара калекцыянера збудзецца, а Докшыцы набудуць яшчэ адну адметнасць.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.