Об изменении сроков пребывания пациентов на койках сестринского ухода рассказала заведующий поликлиники Докшицкой ЦРБ
Згодна з новай пастановай Міністэрства аховы здароўя, цяпер тэрмін знаходжання пацыента ў бальніцы сястрынскага догляду абмежаваны 180 днямі ў сукупнасці на працягу каляндарнага года. Больш падрабязна пра гэта расказала загадчык паліклінікі Докшыцкай ЦРБ Валянціна Вешторт.
– Валянціна Мечыславаўна, чым абумоўлены такія змяненні?
– Значная колькасць пацыентаў бальніц сястрынскага догляду ці сацыяльных ложкаў устаноў аховы здароўя знаходзіцца там доўгі час, што зніжае магчымасць атрымаць медыка-сацыяльную дапамогу для іншых. Акрамя гэтага, спецыялісты прыйшлі да высновы, што пацыентам, многія з якіх маюць хранічныя прагрэсіруючыя захворванні, лепш знаходзіцца не ў бальніцах, а сацыяльных пансіянатах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, дзе ім будзе забяспечаны кругласутачны догляд. Такім чынам, новаўвядзенне накіравана на паляпшэнне даступнасці і якасці аказання медыка-сацыяльнай дапамогі.
– І з якога моманту адлік тэрміну ідзе ў гэтым годзе?
– З 30 сакавіка, калі пастанова Міністэрства аховы здароўя № 48 ад 14 сакавіка 2024 года ўступіла ў сілу.
– Ці ёсць альтэрнатыва сацыяльным пансіянатам?
– Людзі могуць быць накіраваны і ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна. А таксама магчымы перавод на амбулаторны рэжым, калі сваякі выкажуць жаданне забраць іх дамоў, пры гэтым хворыя будуць знаходзіцца пад наглядам работнікаў медыцынскай і сацыяльнай службаў. Можа быць уладкаванне ў замяшчальную сям’ю.
– Хто будзе займацца лёсам пацыентаў пасля іх выпіскі з бальніцы?
– У першую чаргу сваякі. Яны павінны звярнуцца ў ТЦСАН, каб вызначыцца з далейшым жыццеўладкаваннем сваіх родных.
Міністэрства аховы здароўя разам з Мінпрацы распрацавалі інструкцыю аб парадку міжведамаснага ўзаемадзеяння па ўладкаванні жыцця дадзеных грамадзян. Вырашаць пытанні такога кшталту будуць дзяржаўныя органы, дзяржаўныя і іншыя арганізацыі. У нашым раёне створана камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўлады, медыкі, работнікі сферы сацыяльнай абароны і іншых службаў, кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў. Яны будуць інфармаваць непрацаздольных грамадзян і іх сваякоў пра змены ў заканадаўстве, вывучаць жыллёвыя ўмовы, садзейнічаць у рамонце памяшканняў, аднаўленні дакументаў і іншым. Ні адзін чалавек не застанецца без увагі.
Усяго ў Докшыцкай ЦРБ 30 ложкаў сястрынскага догляду: у Валкалацкай, Бярозкаўскай і Бярэзінскай бальніцах.
У той жа час
Пастанова Міністэрства аховы здароўя № 48 тычыцца і дзейнасці аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў агр. Сітцы і агр. Крулеўшчына Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёна. Сумарна аддзяленні разлічаны на 63 месцы. Як трапіць туды, растлумачыла намеснік дырэктара ТЦСАН Алёна Таляронак:
– У аддзяленні залічваюцца пажылыя непрацаздольныя грамадзяне і інваліды 1 і 2 груп.
Паслугі па забеспячэнні пражывання ў стацыянарных умовах аказваюцца грамадзянам на ўмовах частковай і поўнай аплаты ў адпаведнасці з заканадаўствам.
На ўмовах частковай аплаты сацыяльныя паслугі аказваюцца адзінокім непрацаздольным грамадзянам. Яна складае 85 працэнтаў ад памеру іх пенсій.
На ўмовах поўнай аплаты паслугі аказваюцца непрацаздольным грамадзянам, якія маюць дзяцей працаздольнага ўзросту. Абавязкі па аплаце да поўнага кошту паслуг за пражыванне ў аддзяленні прымаюць на сябе менавіта працаздольныя дзеці грамадзян згодна з дагаворам.
На 1 жніўня 2024 года кошт пражывання склаў 28 рублёў 40 капеек у дзень (за 30 дзён сума складае 852 рублі).
Пры неабходнасці пастаяннага медыцынскага догляду (24 гадзіны ў суткі) ТЦСАН рыхтуе пакет дакументаў для накіравання пражываючых у сацыяльныя пансіянаты.
Ніна КРУКОВІЧ.