Программист из династии врачей работает в Докшицкой ЦРБ
Дзевятнаццацігадовы праграміст цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіслаў Ванееў родам з Віцебска і працуе ў Докшыцах з красавіка. Тата і бабуля – урачы, таму юнак, добра дасведчаны пра іх нялёгкі хлеб, працягваць дынастыю не стаў. Але вось жа лёс! Быццам наўмысна прывёў Улада ва ўстанову аховы здароўя, каб той усё ж з уласнага вопыту ацаніў ролю медыцыны ў жыцці грамадства і зрабіў асабісты ўнёсак у гэту важную сферу.
Уладзіслаў закончыў Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж па спецыяльнасці “Вылічальныя машыны, сістэмы і сеткі” і атрымаў кваліфікацыю тэхніка-праграміста. У Докшыцы трапіў па размеркаванні і цяпер адказвае за праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій ва ўсёй бальніцы. Настройвае праграмы кам’ютараў, аўдыё- і відэаабсталявання, дыягнастуе і ўстараняе няспраўнасці, удзельнічае ў закупках адпаведнай тэхнікі, кантралюе тэрміны дзеяння электронных лічбавых ключоў, якія выкарыстоўвае персанал, рыхтуе справаздачы і іншае.
– Самае складанае – упершыню сутыкнуцца з якойсьці паломкай, – расказвае праграміст. – Прыходзіцца глыбока ўнікаць у сутнасць праблемы, перабіраць варыянты, каб вызначыцца, якім чынам найлепш наладзіць работу абсталявання. Бывае, на гэта траціцца шмат часу, аж да некалькіх дзён.
Але па характары наш герой настойлівы, прывык пры любых абставінах дасягаць мэты, таму з задачамі спраўляецца. Гэта адзначае і галоўны ўрач установы Вераніка Рамановіч.
Маладому спецыялісту выдзелілі пакой у інтэрнаце, які размяшчаецца побач з месцам працы, на тэрыторыі бальніцы. Жыллё з выгодамі – ёсць душ і ванна, устаноўлена пральная машына. У вольны час займаецца спортам, прагледжвае фільмы, гуляе па горадзе.
А ў завяршэнне нашай сустрэчы Уладзіслаў зазначыў:
– Рэкамендую выпускнікам ісці ў праграмісты – прафесія перспектыўная, грашовая і, галоўнае, цікавая.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.