Где в Докшицком районе можно торговать выращенной на собственном участке продукцией?

3dcf0a007d9359bc99c42b2f03ce4454

Сёлета сабрала з асабістага ўчастка нядрэнны ўраджай гародніны і садавіны. Дзе можна прадаць лішкі, не парушаючы закон?

Алена Пятроўна, г. Докшыцы

У аддзеле эканомікі райвыканкама “РВ” паведамілі, што рашэннем райвыканкама №625 ад 3 жніўня 2020 года, якое, дарэчы, ёсць у свабодным доступе на сайце ўстановы, вызначаны пералік месцаў для рэалізацыі фізічнымі асобамі, якія не ажыццяўляюць прадпрымальніцкую дзейнасць, тавараў. Такіх месц усяго 15. Чатыры – у саміх Докшыцах, у тым ліку самае папулярнае – уздоўж аўтастаянкі гарадскога рынка. Два – на выездзе з райцэнтра ў накірунку Бягомля і Глыбокага. Чатыры – у Бягомлі і па адной у Замасточчы, Крулеўшчыне, Параф’янаве, Порплішчы і Прудніках. Інфармацыю пра іх дакладнае размяшчэнне і колькасць месцаў для гандлю можна знайсці ў вышэйзгаданым рашэнні райвыканкама.

Загадчыца юрыдычнай кансультацыі Докшыцкага раёна Святлана Шышла дадала наступнае:

– У адпаведнасці з падпунктам 6.2 пункта 6 артыкула 337 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, не прызнаецца аб’ектам падаткаабкладання адзіным падаткам рознічны гандаль агароднінай і садавіной (у тым ліку ў перапрацаваным выглядзе), іншай прадукцыяй раслінаводства (за выключэннем прадукцыі кветкаводства, дэкаратыўных раслін, насення і расады), малочнымі і кісламалочнымі прадуктамі (у тым ліку ў перапрацаваным выглядзе), прадукцыяй пчалярства, іншай прадукцыяй жывёлагадоўлі (акрамя пушніны), атрыманай ад хатніх жывёл (буйная рагатая жывёла, свінні, коні, авечкі, козы, трусы).

Падставай для непрызнання аб’ектам падаткаабкладання названай прадукцыі з’яўляецца прадстаўленне грамадзянінам даведкі мясцовага выканкама, якая пацвярджае, што рэалізуемая прадукцыя з участка, прадастаўленага для будаўніцтва або абслугоўвання аднакватэрнага жылога дома, кватэры ў блакіраваным жылым доме, вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, сенакосу, выпасу жывёлы і іншага. Захоўваць даведку неабходна ў месцах рэалізацыі прадукцыі.

Начальнік АДАІ РАУС маёр міліцыі Дзмітрый Дамаскін дапоўніў тэму:

– Грамадзяне маюць права гандляваць прадукцыяй, вырашчанай на сваім участку, толькі на рынках і ў месцах, устаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. Аднак у сувязі з тым, што шмат пляцовак знаходзіцца ўздоўж ажыўленых трас, у загарадных паездках многія вадзіцелі не прамінуць магчымасці спыніцца і купіць што-небудзь. Такі кіроўца-пакупнік рэзка спыняе аўтамабіль ля абочыны, не задумваючыся, што ён можа перашкодзіць іншым. Пры гэтым бывалі выпадкі, калі кіроўцаў ці іх пасажыраў, якія перабягалі праезную частку дарогі да гандляроў, збівалі іншыя машыны. Дзяржаўтаінспекцыя заклікае ўсіх удзельнікаў дарожнага руху да разважлівасці і дысцыпліны і нагадвае прадаўцам пра тое, што нельга загрувашчваць абочыны, праезную частку, а таксама ў абавязковым парадку неабходна абазначыць сябе святлоадбівальнай камізэлькай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *