Районная спартакиада среди сельсоветов прошла в Докшицах
У суботу на гарадскім стадыёне адбылася раённая спартакіяда сярод сельсаветаў, прысвечаная Году якасці.
Прадстаўнікоў каманд з усіх сельсаветаў раёна вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, якая павіншавала спартсменаў-аматараў са святамі, што якраз адзначаліся 21 верасня – з Міжнародным днём міру і Нараджэннем Прасвятой Багародзіцы. Валянціна Юр’еўна пажадала ўсім добрага настрою, задавальнення ад спартыўных вынікаў і павелічэння ўдзельнікаў спартакіяды ў наступным годзе.
Распачаліся спаборніцтвы з лёгкаатлетычных выпрабаванняў – бегу на 60 метраў і скачкоў у даўжыню з месца. Пакуль старшыні сельвыканкамаў і іх намеснікі выяўлялі ў дартсе, хто самы меткі, каманды гулялі ў валейбол. Завяршылася спартакіяда адным з самых відовішчных этапаў спаборніцтваў – перацягваннем каната.
У дартсе пераможцам стаў Іван Лакуцэвіч (Крыпульскі сельсавет). Серабро заваявала Алеся Новікава (Крулеўшчынскі сельсавет), бронзу – Пётр Кацейка (Валкалацкі сельсавет).
У асабістым заліку ў лёгкай атлетыцы ў розных узроставых катэгорыях перамаглі Вераніка Батура, Анастасія Батура, Мікалай Кукуля і Антон Шнітко. На другую прыступку п’едэстала ўзняліся Ліліяна Карніловіч, Сафія Цяслёнак, Іван Лакуцэвіч, Віталій Лакуцэвіч. Трэцяе месца ў Таццяны Ярашэвіч, Кацярыны Ганчаровай, Пятра Кацейкі, Арцёма Вішняка. У агульнакамандным заліку золата ў Бягомльскага сельсавета, серабро – у Крулеўшчынскага сельсавета, бронза – у Крыпульскага.
У валейболе чэмпіёнам стала крулеўшчынская зборная, на другім і трэцім месцах – бягомльская і параф’янаўская каманды адпаведна.
У перацягванні каната зноў больш моцнымі былі спартсмены з Крулеўшчыны. Сярэбранымі і бронзавымі медалямі ўзнагароджаны асілкі з Бягомля і Крыпуль адпаведна.
Залаты кубак спартакіяды атрымала каманда Крулеўшчынскага сельсавета.
На другім месцы – зборная Бягомльскага сельсавета, на трэцім – Крыпульскага.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.