Инженер Докшицкого ПМС Евгений Рословцев неслучайно стал мелиоратором

Яўген Рослаўцаў падчас тэхдогляду меліярацыйнага  канала на тэрыторыі райаграсэрвіса. Абкоску вядуць Аляксандр Сіняўскі (на трактары), Андрэй Добыш і Яўген Чарнуха.

Яўген Рослаўцаў падчас тэхдогляду меліярацыйнага канала на тэрыторыі райаграсэрвіса. Абкоску вядуць Аляксандр Сіняўскі (на трактары), Андрэй Добыш і Яўген Чарнуха.

Меліяратары, надзейныя памочнікі земляробаў, займаюцца стварэннем спрыяльных умоў для работы аграпрамысловага комплексу, садзейнічаюць аздараўленню і паляпшэнню прыроднага асяроддзя. Паспяховаму вырашэнню задач, якія ставіць сёння перад калектывам кіраўніцтва Докшыцкага ПМС, спрыяе, канешне ж, матэрыяльна-тэхнічная база, але ўсё ж галоўнае – гэта людзі. У тым ліку і маладыя кадры, сярод якіх інжынер Яўген Рослаўцаў.

– Да выбару прафесіі падыходзіў асэнсавана, бо меў прыклад у асобе свайго дзядзькі, які ў свой час працаваў менавіта ў гэтай сферы, – гаворыць малады бегамльчанін. – Мне здаецца, меліяратар – адна з самых высакародных прафесій: мы жывём на зямлі і ў большай ступені з зямлі, таму і клапаціцца пра яе стан – важнейшая задача чалавецтва ў цэлым і прадпрыемстваў меліярацыйных сістэм у прыватнасці.

Яўген Аляксандравіч закончыў спачатку Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж, прыйшоў працаваць у Докшыцкае ПМС, дзе пачынаў з рабочых спецыяльнасцей. Лічыць гэта правільным: вопыту набірацца трэба, скажам так, з нізоў. Але спыняцца на сваім шляху ў прафесію хлопец не збіраўся – вырашыў атрымліваць вышэйшую адукацыю. На прадпрыемстве яго ў гэтым падтрымалі, далі накіраванне – і вось ён ужо студэнт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

– Гэта дакладна не патрачаныя ўпустую гады, – гаворыць пра вучобу ў ВНУ. – Выдатныя выкладчыкі, належная матэрыяльна-тэхнічная база, усе гады – пражыванне ў інтэрнаце з камфортнымі ўмовамі, цікавае грамадскае і культурнае жыццё. Ну і, што б там ні сцвярджалі адваротнае, абавязкова трэба быць адукаваным прафесіяналам у любой справе.

Пасля заканчэння сельгасакадэміі Яўген вось ужо два гады працуе на прадпрыемстве майстрам, адказвае за вядзенне культурна-тэхнічных работ, тэхнічны догляд і абслугоўванне меліярацыйных каналаў, а гэта арганізацыя рабочага працэсу, кантроль за захаваннем тэхнікі бяспекі і многае іншае.
– Выдатна ведае сваю работу, ганарыцца выбранай прафесіяй, мае добрую хватку як спецыяліст, адказна і добрасумленна выконвае даручаную справу, – так характарызуе Яўгена Рослаўцава дырэктар ПМС Уладзімір Шульгат.

– Вельмі задаволены тым, што Жэня ў нас прыжыўся, укараніўся, расце і развіваецца ў выбранай прафесіі, – падтрымлівае кіраўніка інжынер па падрыхтоўцы кадраў Надзея Семяшчонак. – Спадзяёмся, што яго працоўны стаж у нашай арганізацыі будзе лічыцца не гадамі, а дзесяцігоддзямі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *