Ведущий экономист ОАО «Завод «Ветразь» Анастасия Ставер: «Уметь просчитывать на несколько шагов вперед — это круто»

img_5435-s

29 верасня – Дзень машынабудаўніка

«У лічбах як рыба ў вадзе,» — так характарызуюць вядучага эканаміста завода “Ветразь” Анастасію Ставер калегі.

Маладая жанчына на заводзе працуе пяць гадоў. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ўраджэнка Дубровенскага раёна па размеркаванні патрапіла працаваць на Докшыччыну, у ААТ “Бягомльскае”. Быць эканамістам у сельгаспрадпрыемстве – сапраўднае баявое хрышчэнне, сцвярджае і дадае, што на “Ветразь” прыйшла ўжо з дастатковым багажом не толькі тэарэтычных ведаў, але і неабходнай практыкі. Таму тагачасны вядучы эканаміст Надзея Аляксандраўна Крыуш доўга сваю маладую зменшчыцу пад крылом не трымала – ужо праз месяц Насця, як гаворыцца, узяла руль кіравання ў свае рукі.

– Люблю сваю работу, а гэта, канешне, дапамагае спраўляцца з ёю своечасова і без залішніх намаганняў, – гаворыць Анастасія Сяргееўна. – Няма нічога такога, за што бралася б з неахвотай, ці гэта пытанні цэнаўтварэння, ці планаванне, каротка- і доўгатэрміновае, ці аналіз фінансавых спраў. Пралічваць на некалькі крокаў наперад – гэта крута, і я ніколі не пагаджуся з тымі, хто назаве маю прафесію сумнай і нецікавай. Да ўсяго яна дае столькі магчымасцей для развіцця!

– І Анастасія не прамінае імі скарыстацца, – зазначае намеснік дырэктара – галоўны інжынер завода Мікалай Сялюк. – Пастаянна праяўляе імкненне да павышэння ўзроўню сваіх прафесійных ведаў, своечасова і якасна спраўляецца са значным аб’ёмам работы. А ў 2021 годзе і другую вышэйшую адукацыю атрымала – закончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці перападрыхтоўкі “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве прамысловасці”.

Дарэчы, Анастасія Сяргееўна выйшла на работу з водпуску па доглядзе за дзіцем, калі яе малышу споўніўся толькі годзік: падтрымаў у гэтым плане муж, бо на прадпрыемстве без яе як без рук. Клопатаў у вядучага эканаміста і маладой мамы, вядома, хапае, але яна яшчэ паспявае вырошчваць і даглядаць значную колькасць пакаёвых кветак як у адміністрацыйным будынку завода, так і дома. Яшчэ адно хобі – кулінарыя. І тут, запэўніваюць калегі, яна таксама на вышыні.

За восем месяцаў бягучага года заводам “Ветразь” выпушчана прадукцыі на 16 182 тысячы рублёў, што складае 126 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Выручка ад рэалізацыі склала 19 103 тысячы рублёў (тэмп росту – 116,8 працэнта), прыбытак ад рэалізацыі – 1230 тысяч рублёў (103,5 працэнта), чысты прыбытак – 1564 тысячы рублёў (212,8 працэнта). Сярэднямесячная зарплата на прадпрыемстве – 2145,7 рубля.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *