Золотую свадьбу отыграли Вера и Владимир Коляго из д. Янки
Залатое вяселле – той самы рубеж, дасягнуць якога, жывучы ў любові і згодзе, мараць многія сямейныя пары. Пяцьдзясят гадоў рука аб руку – такі саюз па праве можна лічыць асаблівым, выключным. Не кожнай сямейнай пары нябёсы пасылаюць такое шчасце, і з гэтай прычыны Веру і Уладзіміра Калягаў з вёскі Янкі, якія нядаўна згулялі сваё залатое вяселле, можна лічыць людзьмі шчаслівымі.
Само сабой зразумела, у сямейным жыцці за паняцце “колькі?” важнейшае паняцце “як?”. Вось пра гэтае “як?” пры сустрэчы мы і павялі размову з Уладзімірам Іванавічам і Верай Іванаўнай.
Пра сямейную біяграфію
Уладзімір Іванавіч мясцовы, янкоўскі. Старэйшы ў сям’і, дзе выхоўвалася трое дзяцей. Закончыў Янкоўскую васьмігодку, сярэднюю адукацыю атрымліваў у школе рабочай моладзі ў Докшыцах. Жыццё сваё звязаў са спортам, вучыўся ў інстытуце культуры. Перавагу аддаваў лёгкай атлетыцы і лыжам. Працаваў у камітэце па фізічнай культуры і спорце райвыканкама, два дзясяткі гадоў узначальваў Докшыцкую ДЮСШ.
Вера Іванаўна родам з Камайска. Выпускніца Полацкага сельскагаспадарчага тэхнікума, пачынала працоўны шлях у Чырвоным Беразіне, бухгалтарам у саўгасе. А затым на гэтай пасадзе амаль тры дзесяцігоддзі, аж да выхаду на заслужаны адпачынак, адпрацавала ў Докшыцкай цэнтральнай аптэцы.
Сямейная пара выхавала дваіх дзяцей (сын – ваенны, падпалкоўнік, жыве ў Маладзечне, дачка – намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Докшыцкай СШ №1), радуецца чатыром унукам і праўнучцы.
Пра пастаянства
– О, гэтым мы з Верай можам пахваліцца, – усміхаецца Уладзімір Іванавіч. – Як пажаніліся, жывём у адным доме, скажам так, радавым маёнтку майго дзеда, былога старшыні сельвыканкама, – хаціну мы перавезлі ў Янкі з Гняздзілава. Абуладкавалі, канешне, кухню прыбудавалі. А вось памяняць яе на нешта іншае ніколі не марылі: у родных сценах нам утульна і камфортна.
– Работу, як ужо гаварылі, таксама не мянялі, – дадае Вера Іванаўна. – Гэта я лічу правільным: займацца трэба тым, што ўмееш, да чаго ляжыць душа, – тады і бясконца шукаць сваё месца не давядзецца. Што яшчэ? Пражылі разам столькі гадоў, і ніколі не ўзнікала жаданне развесціся. Сям’я – гэта на ўсё жыццё, тут мы з Валодзем адзінадушныя.
– Ганаруся, што мая любоў да спорту перадалася нашчадкам – ужо тры пакаленні Калягаў па мужчынскай лініі атрымалі фізкультурную адукацыю, – прыводзіць яшчэ адзін аргумент Уладзімір Іванавіч.
Пра ўзаемаадносіны і пачуццё гумару
Дзесьці прачытала, што шлюб абавязкова рушыцца, калі жанчына мае пачуццё гумару, а мужчына – не, трашчыць па швах, калі наадварот, і вельмі моцны ў выпадку наяўнасці гэтай важнай рысы ў абаіх. Думаецца, зерне ісціны ў гэтым ёсць, прынамсі, сужэнцы Калягі такім пачуццём надзелены, як падалося, у поўнай меры.
– Мы ж два Скарпіёны, якія, кажуць, у адным слоіку не ўжываюцца, – кажа Вера Іванаўна. – Гарачыя, упартыя ў адстойванні сваіх меркаванняў, але ж паспрачаемся аб нечым, затым пасмяёмся і прымем агульнае рашэнне.
– Ого, не адзін слоік мы за жыццё раскалацілі! – рагоча Уладзімір Іванавіч і дадае ўжо сур’ёзна: – Але ж спрачацца – гэта не сварыцца. Ніколі адно аднаго не зняважылі і не абразілі. Ды і спрачацца няма аб чым. Тэлевізары ў нас два: я па сваім спартыўныя праграмы гляджу, Вера па сваім – фільмы, – зноў жартуе. – Фінансавая сістэма ў нас з маладосці адладжана: муж зарабляе, жонка лічыць і плануе, трацім сумесна. Гаспадарка ўжо значна паменшылася, у вялізны кветнік, які Вера развяла вакол дома, я дапускаюся толькі з мэтай штосьці выкапаць, спаліць ці вывезці зрэзанае. Так што поўная ідылія!
Пра галоўнае
Жыць так, каб сваім прыкладам паказваць дзецям, якімі павінны быць адносіны ў сям’і, – так фармулююць муж і жонка Калягі асноўны пастулат моцнага шлюбу. Любоў, павага – само сабой. А яшчэ сцвярджаюць, што абавязкова трэба шмат размаўляць паміж сабой – пра ўсё. І важна, каб дзеці ведалі: у іх ёсць бацькоўскі дом, дзе заўжды прымуць, выслухаюць, зразумеюць, дапамогуць.
Замест пасляслоўя
– Гляньце, які букет падарыў мне Валодзя на наша вяселле, – у вачах Веры Іванаўны загараюцца цёплыя агеньчыкі. Пераводжу погляд на Уладзіміра Іванавіча – у яго вачах такія ж. І нейкія словы там, дзе ёсць каханне, залішнія.