Работников лесного хозяйства поздравляют в Докшицком районе
Дзень работнікаў лесу – гэта інтэрнацыянальнае прафесійнае свята для ўсіх работнікаў лясной гаспадаркі Беларусі, Расіі, Кыргыстана і Украіны, якое адзначаецца ў трэцюю нядзелю верасня. ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” кожны год арганізуе ўрачыстасці для свайго калектыву з узнагароджваннем работнікаў і святочнай праграмай. Сёлета лясгасаўцы зноў атрымалі стос узнагарод за штодзённую працу, як кажуць, пры любым надвор’і. Нагруднымі знакамі Міністэрства лясной гаспадаркі “10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь” узнагароджаны ляснічы Бягомльскага доследнага лясніцтва Сяргей Класоўскі, леснікі гэтага ж лясніцтва Часлаў Дзяконскі, Анатолій Ковель, ляснічы Прудніцкага лясніцтва Сяргей Аўрыцэвіч, ляснік гэтага ж лясніцтва Сяргей Цэлічын. Ганаровую грамату Міністэрства лясной гаспадаркі атрымаў вадзіцель Анатолій Лакуцэвіч. За добрасумленную працу ў лясной гаспадарцы ўдзячнасць галіновага міністэрства аб’яўлена начальніку планава-эканамічнага аддзела ўстановы Людміле Гардзеевай і бухгалтару Бягомльскага лясніцтва Тамары Сяцко. Ганаровая грамата абласнога выканаўчага камітэта ўручана механіку лясгаса Аляксандру Селюку, Ганаровая грамата райвыканкама – начальніку бюро па ахове працы Сяргею Марцінкевічу. Граматай Віцебскага ДВЛГА і Удзячным пісьмом абласнога камітэта беларускага прафсаюза работнікаў лесу ўзнагароджаны дырэктар Бягомльскага лясгаса Аляксей Пракопаў. Адзнаку абласнога аб’яднання атрымалі вадзіцель Дзмітрый Аўтушка і памочнік ляснічага Прудніцкага лясніцтва Артур Азёмка. Яшчэ 29-ці чалавекам на свяце ўручаны граматы лясгаса.
Ляснічы Бягомльскага лясніцтва Сяргей Класоўскі (на здымку) гэта прафесійнае свята адзначае ў адзінаццаты раз. У шчырай размове ён прызнаецца, што любіць лес і сваю справу шчыра і самааддана, нягледзячы на часта ненармаваныя працоўныя дні і тыдні, работу ў непагадзь і іншых форс-мажорных абставінах. Сяргей Іванавіч з тых спецыялістаў, якія прайшлі ўсе вучэбныя ступені абранай прафесіі і зразумелі правільнасць выбранага шляху.
Адразу пасля школы была вучоба ў Барысаўскім прафтэхвучылішчы лесаводаў, пасля заканчэння якога хлопец уладкаваўся лесніком у Бягомльскае лясніцтва і паступіў у Полацкі лясны тэхнікум. Скончыўшы яго, адслужыў у арміі і зноў вярнуўся ў лясгас. Так бы мог і працаваць з тэхнікумам за плячыма, але вырашыў, што вучыцца па профілю трэба далей, а менавіта ў вышэйшай навучальнай установе, якая рыхтуе спецыялістаў лясной галіны, – у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Стараннага хлопца перавялі на пасаду майстра, потым памочніка ляснічага, а з вясны 2012 года ён стаў ляснічым Бягомльскага лясніцтва. Зараз у падначаленні Сяргея Класоўскага калектыў у саставе 21 чалавека і самае буйное па плошчы лясніцтва лясгаса. У арганізацыі пра маладога мужчыну кажуць, як пра кампетэнтнага, прынцыповага і ініцыятыўнага работніка, які не толькі дасканала валодае нарматыўна-тэхнічнай і прававой базай, але ўмее аналізаваць і не марудзіць з вырашэннем надзённых пытанняў. За 2013 год паказчык нарыхтоўкі драўніны па Бягомльскім лясніцтве склаў 6861 куб. м, догляд за ляснымі культурамі праведзены на плошчы 103 га, асвятленне – на плошчы 23,6 га, пасадка лесу – на плошчы 21,4 га.
Сяргей Класоўскі нарадзіўся, жыве і працуе ў Бягомлі – краі, багатым на лясы. Амаль усе падлеткі ходзяць туды за дарамі прыроды. Канечне, стамляюцца, канечне, надакучвае, але вяртаюцца ў лес зноў і зноў. Вырасшы з гэтай звычкай, ад яе цяжка пазбавіцца. Мо таму многія мясцовыя абітурыенты ідуць вучыцца на лесагаспадарчыя спецыяльнасці і звязваюць з імі сваё жыццё. На выбар прафесіі ўздзейнічае і тое, што ў Бягомлі знаходзіцца лясгас, дзе працуе шмат мясцовых людзей, і пра які ведаюць не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Мабыць таму гадуе гэтая зямля класных спецыялістаў сваёй справы, пра многіх з якіх мы яшчэ раскажам на старонках газеты.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Варанковіча.