Милиционер взвода Докшицкого отделения Департамента охраны Валентина Мосиенко уже более десяти лет с гордостью носит погоны прапорщика
Міліцыянер узвода Докшыцкага аддзялення Дэпартамента аховы Валянціна Масіенка ўжо больш за дзесяць гадоў з гонарам носіць пагоны прапаршчыка.
– Жанчына-міліцыянер ужо даўно не рэдкасць, – гаворыць Валянціна Віктараўна. – Зразумела, што служба патрабуе асаблівых якасцей, мець добрую фізічную падрыхтоўку, напрыклад, умець страляць і валодаць прыёмамі барацьбы. Мне мая работа падабаецца.
Валянціна родам з Шаркаўшчыны. Пасля заканчэння школы яна паступіла ў Віцебскі філіял Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі. Пасля трох гадоў вучобы паспрабавала трапіць на адпрацоўку ў войскі сувязі. Выдатна прайшла выпрабаванні і стала ваеннаслужачым. Адразу пайшла вучыцца ў школу падрыхтоўкі прапаршчыкаў.
– Па праўдзе кажучы, было вельмі складана, – дзеліцца ўспамінамі Валя. – У гэты час вялікую падтрымку адчувала ад мамы. “Калі ты сама ў сябе не верыш, чаму іншыя павінны?” – аднойчы сказала яна. Цяпер я заўсёды карыстаюся гэтым правілам. Пасля двух гадоў службы ў арміі ў сталіцы вельмі хацелася перабрацца бліжэй да малой радзімы. На той час сяброўка выйшла замуж у Докшыцкі раён і прапанавала ўладкавацца тут на работу. Так я трапіла ў аддзяленне Дэпартамента аховы. Спачатку служыла старшым інспектарам узвода ў санаторыі “Баравое”. Цяпер мой пост у раённым судзе. Азамі прафесіі авалодвала пад кіраўніцтвам вопытнага супрацоўніка Дэпартамента аховы Дзмітрыя Пусташылы. Некаторы час жыла ў сяброўкі ў Таргунах. Тут пазнаёмілася з будучым мужам. Нашай сям’і ўжо восем гадоў. Выхоўваем сыночка. У гэтым годзе набылі дом у Докшыцах. Цяпер поўнасцю магу прысвяціць сябе любімаму занятку: вельмі люблю кветкі і ўвогуле проста адпачываю падчас работы на клумбах ці градках. Акрамя гэтага, у вольны час з задавальненнем катаемся на роварах разам з васьмігадовым Лёнечкам. Гэта дапамагае трымаць сябе ў патрэбнай фізічнай форме. Раз у тыдзень разам з усімі супрацоўнікамі аховы хаджу на абавязковую спартыўную трэніроўку. Зімой звычайна выступаю за нашу каманду на галіновых спаборніцтвах у лыжных гонках.