Очередной выпуск проекта «Вёсачка мая» рассказывает о деревне Иваново Парафьяновского сельсовета

a-1732

ІВАНОВА – вёска ў Параф’янаўскім сельсавеце. У пачатку ХХ стагоддзя ўпамінаецца як фаль­варак Параф’янаўскай воласці Вілейскага павета, уласнасць па­ноў Ляўковічаў. У 1905 годзе ў Іванове налічвалася 39 жыхароў, 309 дзесяцін зямлі. Мяркуючы па тым, якія вялікія былі тады сем’і, гэта не больш за чатыры двары. Прынамсі, па дакументах 1921 года, калі Іва­нова было ўжо ў складзе Польшчы і ўваходзіла ў Параф’янаўскую гміну Дунілавіцкага павета, у шасці дамах там пражывала 49 насельнікаў. На 1 студзеня 2004 года – 5 двароў, 6 жыхароў. За дваццаць гадоў статысты­ка, вядома ж, перацярпела змены, але ў даным выпадку не сумныя: пастаянна пражываюць у вёсцы чатыры жыхары ў адным доме, яшчэ тры ў двух дамах – з вясны да зімы. Хаты гэты стая­ць гуртам, таму і ўражанне ад малога населе­нага “астраўка” пазітыўнае.

Удыхнулі новае жыццё

a-1703

Найбольш ажыўленая сядзі­ба з трох у Іванове – у Валерыя Яшчанкі і Марыі Пачкаевай. Гэта самыя маладыя жыхары вёскі. Хаця не, няправільна: са­мыя маладыя – два іх сыночкі, шасцікласнік Арцём і другаклас­нік Васіль.

На момант нашага прыез­ду хлопчыкі былі, вядома ж, у школе ў Параф’янаве, а вось га­спадароў заспелі дома. Хаціну ў Іванове яны купілі дзесяць гадоў таму, крыху дабудавалі, крыху перапланавалі – справа звычайная. На гэтым не спынілі­ся – зямлі ў маладых гаспадароў ажно шэсць гектараў, і зараз яны рыхтуюць усе неабходныя даку­менты для афармлення сялян­ска-фермерскай гаспадаркі.

– Пакуль што ў планах раз­вядзенне бычкоў, далей яшчэ і свіней хацелася б завесці, – дзеліцца з намі Валерый Ана­тольевіч. – Як пойдзе справа, пакуль сказаць не рашаюся: вопыт-то першы. Ды і працы шмат наперадзе. І тэхніку трэ­ба купіць, і памяшканняў для ўтрымання жывёлы тых, што ўжо ёсць, не хопіць, неабходна будаваць яшчэ.

Зараз Валерый заняты ўз­вядзеннем лазні, даволі знач­най па памеры (дарэчы, займа­ецца і гэтым будынкам, і іншымі сам, практычна без дапамогі, хіба толькі ўжо калі справа да­ходзіць да даху). У лазні заліты басейн, дзе пакуль што жывуць малькі карпаў і таўсталобікаў, якіх гаспадары па вясне плану­юць запусціць у выкапаную ўжо сажалку.

a-1711

Справе пачатак – чатыры бычкі, для выпасу якіх агарод­жана тэрыторыя. Над імі ў ас­ноўным апякуецца Марыя, яна ж адказная і за агаро­ды. Цяпліц у пачынаю­чых фермераў некалькі, і яны зроблены такса­ма рукамі гаспадара. Кветнікі ды газоны – усё таксама паступова закладваецца. На два­ры ў руплівых іваноў­цаў безліч усялякай жыўнасці. І калі сабакі знаходзяцца ў валье­рах, то два пушыстыя каты-шарачкі лічаць сваім доўгам суправад­жаць нас на экскурсіі па сядзібе.

– Гэта што! – смяецца Валерый. – Яны з намі і ў лес ходзяць, і на рыбалку на рэчку.

Што ж, застаецца спадзя­вацца, што справа ў Валерыя і Марыі ў гэтым маляўнічым кутку нашага раёна пойдзе, і мы праз колькі гадоў прыед­зем пісаць пра іх статак бычкоў і свінаферму.

 

Разам з жураўлямі

Галіна Вайцяховіч і Аляксандр Каросцік у райцэнтры маюць уласны дом, а не кватэру ў шматпавярховіку, аднак з наступлен­нем першых веснавых цёплых дзён пераязджаюць у Іванова. Ім, вясковым жыхарам, хочацца большага прастору.

a-1719

– Не адны так мігрыруем, – кажа Галіна Іосіфаўна. – З намі ездзяць яшчэ каза Мілка (пры гэтых словах тут жа выторкваецца з-за плоту белая рагатая мордачка і з цікаўнасцю прыглядаецца: хто гэта заявіўся ў двары? – Аўт.), котка Дуся, сабака Дружок і ку­рыная грамада.

– Куры ў нас таксама пад імёнамі, трэба і іх назваць, – устаўляе свае “пяць капеек” Аляксандр Геранімавіч. Галіна Іосіфаўна жар­тоўна замахваецца на яго ручніком, і абодва шчыра смяюцца.

Далей размову вядзём ужо ў доме. У гаспадыні варыцца сыр – сумесны прадукт тых жа казы і курэй, Аляксандр Геранімавіч штось майструе побач. Гэта дом яго бацькоў, які па меры сіл ра­мантуецца і паднаўляецца. Гаспадар у мінулым кампрэсаршчык на малаказаводзе, гаспадыня ажно паўвека адпрацавала ў КБА, перад выхадам на пенсію была галоўным бухгалтарам. Зараз жа іх клопаты, як зноў жартуюць, – сельская гаспадарка. Галіна Іосі­фаўна развяла на сядзібе шмат кветак – з вясны да позняй восені штось цвіце і цешыць вока. Агарод, канешне, садзяць. Лясы вакол грыбныя, і сёлета сямейная пара нарыхтавала шмат грыбоў, ка­жуць, хопіць і дзецям, і ўнукам. Ёсць і сад. Аляксандр Геранімавіч каля дома тэрасу абуладкаваў, кажа, летам там можна ў полуд­зень пасядзець і паесці халадніку, а зараз, калі пахаладала, гарба­ты гарачанькай папіць, любуючыся прыродай. Нічым не горш, як на якой-небудзь крутой віле.

– Хутка во, разам з жураўлямі, “пераляцім” у Докшыцы, – усмі­хаецца Галіна Іосіфаўна, частуючы пахкім жоўценькім сырам. – А вясной за імі зноў сюды. Добра нам тут, ды і, псіхолагі кажуць, месца пражывання трэба час ад часу мяняць, што мы і робім.

А Аляксандр Геранімавіч папрасіў праз газету звярнуцца да ўсіх, чые родныя пахаваны на могілках у Іванове, каб навесці там парадак. Адгукніцеся, людзі, адным цяперашнім іваноўцам гэта не пад сілу.

 

 З Мінска – у вёску

Ядвіга Бобрык – карэнная мінчанка. Хатка ў Іванове, дзе яна праводзіць большую част­ку года, – бацькоўскі дом яе мужа, які ўжо пайшоў з жыцця. “Нягледзячы на тое, што размяняла другую палову дзявятага дзясят­ка, я чалавек актыўны, без справы сядзець не люблю і не ўмею, таму і лепш сябе адчуваю ў вёсцы, дзе няма абмежаванасці чатырма сце­намі кватэры”, – гаворыць жанчына і, пэўна ж, мае рацыю.

a-1727

Ядвіга Вацлаваўна ахвотна расказвае пра сябе. Да выхаду на пенсію адпрацавала планавіком на заводзе аўтаматычных ліній. Вырасцілі з мужам Станіславам Казіміравічам двух сыноў, перажылі страшэннае гора, пахаваўшы аднаго ва ўзросце 34 гады. Кажа, гэта страта, а таксама зыход мужа моцна падкасілі здароўе, аднак не зламалі, бо адзінокай яна не засталася.

– Валодзя мой – самы найлепшы ў свеце сын, – на вочы жанчыны нагортваюцца слёзы. – Столькі любові ад яго атрымліваю, так ён пра мяне клапо­ціцца – дай бог кожнай маці. Прыязджаюць з унукам да мяне праз выхадныя, а то і часцей – і хатка мая, здаецца, святлом напаўняецца. І я бегаю, як маладая, – ужо смяецца.

Для камфортнага жыцця Ядвігі Вацлаваўны зроблена шмат: вокны памяняны, ёсць сучасная печ-пліта, праведзена вада ў дом, у наяўнасці ўся не­абходная бытавая тэхніка. Суразмоўца прызнаецца, што сумаваць ці хандрыць не мае часу. Заўсёды на сувязі з роднымі. Ёсць невялікі агарод. Любіць збіра­ць травы і нямала ведае пра іх лекавыя ўласцівасці. Ходзіць у грыбы і ягады, сушыць яблыкі, шыпшы­ну. Шмат чытае, трэніруе памяць і пашырае веды, разгадваючы красворды і гледзячы пазнавальныя тэлеперадачы. А яшчэ Ядвіга Вацлаваўна вельмі любіць кулінарыць, эксперыментаваць на кухні, вы­прабоўваць новыя рэцэпты. За гэтай справай мы яе якраз і заспелі.

– Вось усе галубцы робяць з рысам, а я з ячнымі крупамі. Рэкамендую так зрабіць – не пашкадуеце. Чараваць на кухні люблю ўсё жыццё. Атрымліваю вялікае задавальненне, калі маё гатаванне падаба­ецца, ды і ад самога працэсу таксама. І калі чую ад ка­госьці, што, жывучы адзін, можаш не замарочвацца наконт ежы – з’еў нейкі там бутэрброд з чаем і до­сыць, не разумею такой “палітыкі”. Мы ёсць тое, што мы ядзім, і ніхто мяне не пераканае ў адваротным.

З наступленнем мацнейшых халадоў Ядвіга Ва­цлаваўна на некалькі месяцаў перабіраецца ў сваю мінскую кватэру на радасць старэйшаму ўнуку, з якім жыве разам: бабуля ж тады гатуе ўсялякае смачнае! А з наступленнем вясны зноў спяшаецца ў свой утульны куточак сярод лясоў і палёў, дзе хора­ша і вольна душы. А ці не гэта галоўнае?

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *